(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–99.)

32. Аляксандр Іванавіч Садоўскі (24 лістапада (6 снежня) 1859 г. – 26 снежня 1923 г.)

Аляксандр Іванавіч Садоўскі – фізік, прафесар Юр’еўскага ўніверсітэта.

Садоўскі нарадзіўся ў Віцебску. Паходзіў са шляхецкай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў дома, у хатняга настаўніка. У 1872 годзе паступіў у Аляксандраўскую рускую гімназію ў Гельсінгфорсе, якую паспяхова скончыў у 1877 годзе і ў тым жа годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, які скончыў у 1881 годзе. Быў пакінуты пры ўніверсітэце для падрыхтоўкі для атрымання прафесарскага звання.

З 1882 года выкладаў матэматыку і фізіку ў гімназіях і прыватных вучылішчах, у вышэйшых навучальных установах Пецярбурга: інстытуце грамадзянскіх інжынераў, Марской акадэміі. У 1890–1894 гадах загадваў кафедрай агульнай і тэарэтычнай фізікі ў Горным інстытуце. У 1894 годзе абараніў магістарскую дысертацыю і быў зацверджаны прафесарам Юр’еўскага (Дэрпцкага) універсітэта (сёння – Універсітэт у Тарту). З 1916 года – загадчык кафедры фізікі Марской акадэміі.

Браў удзел у рабоце з’ездаў рускіх прыродазнаўцаў і ўрачоў (1889–1913), расійскіх з’ездаў выкладчыкаў фізікі (Пецярбург, 1902–1913). Быў членам Рускага фізіка-хімічнага таварыства. У ліпені 1915 года запрошаны Ваенна-прамысловым камітэтам Расіі кансультантам на Расійскае прадпрыемства па дакладнай механіцы і оптыцы для вырашэння праблем, звязаных з вытворчасцю аптычнага шкла для ваенных мэтаў.

З 1919 года А.Садоўскі жыў у Празе, дзе з 1923 года загадваў кафедрай фізікі Расійскага народнага ўніверсітэта.

Першыя навуковыя даследаванні А.Садоўскага былі прысвечаны вывучэнню электрамагнітных уласцівасцяў розных рэчываў. Эксперыментальна паказаў анамальныя паводзіны вісмута ў магнітным полі. Вынікі гэтых даследаванняў былі выкладзены вучоным ў магістарскай дысертацыі. Праводзіў навуковыя даследаванні ў галіне оптыкі і спектраскапіі. У 1898 годзе ўпершыню тэарэтычна даказаў існаванне вярчальнага дзеяння светлавых хваляў, якія падаюць на крышталь (эфект Садоўскага), вылічыў вярчальныя моманты і даказаў магчымасць непасрэднага пераўтварэння светлавой энергіі ў механічную. Слушнасць тэарэтычных высноў А.Садоўскага была эксперыментальна даказана толькі ў 1935 годзе амерыканскім вучоным Р.Бэтам, пасля чаго яны атрымалі сусветнае прызнанне. Распрацаваў таксама спектральны метад вымярэння тэмпературы.

Памёр у Празе.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 2 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»