Храптовічы: Так выглядаў палац Храптовічаў у Шчорсах у ХVIII стагоддзі.

Надзеі на аднаўленне ўнікальнага сваёй архітэктурай і гісторыяй палацава-паркавага комплексу Храптовічаў у вёсцы Шчорсы, што пад Навагрудкам, амаль не засталося. Напрыканцы мінулага года суд ліквідаваў фонд «Шчорсы і Храптовічы», які меў на мэце аднавіць фамільны маёнтак аднаго з магутнейшых магнацкіх радоў Вялікага Княства Літоўскага. Улады спрабуюць праз аўкцыёны распрадаць будынкі комплексу па частках.

Ці не знікне спадчына Храптовічаў?

Былое

Палацава-паркавы комплекс у Шчорсах уваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Хаця ад былых графскіх уладанняў засталіся толькі руіны будынкаў і цудам ацалелы англійскі парк. Але нават гэтыя рэшткі прымушаюць адмыслоўцаў казаць аб вялікім культурным патэнцыяле комплексу – пры ўмове, што былое будзе адноўлена.

У 1770-х гадах радавое гняздо Храптовічаў, адной з багацейшых магнацкіх сем’яў ВКЛ, стваралі такія вядомыя архітэктары таго часу, як Джузэпэ Сака, Карл Спампані, Якуб Габрыэль. Дамінантай сядзібы быў палац, вакол якога распасціраўся парк у 40 гектараў. Славутая бібліятэка Храптовічаў налічвала больш за 20 тысяч тамоў, акрамя гэтага меліся геаграфічныя карты, каштоўныя гістарычныя дакументы. У бібліятэку прыязджаў папрацаваць кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст Панятоўскі, ёй карысталіся знакамітыя пісьменнікі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля і іншыя.

Побач месціўся комплекс гаспадарчых пабудоў «Мураванка», дзе займаліся жывёлагадоўляй; на сырных заводах працавалі лепшыя спецыялісты, якія выраблялі сыры па ўзору швейцарскіх і адпраўлялі іх на экспарт у Еўропу. Гэтыя мясціны былі вядомыя смачным півам і хлебам, якія прадавалі ў Літву і Кёнігсберг.

Пра гістарычную спадчыну Храптовічаў сабрана шмат матэрыялаў, і цікаўным будзе нескладана іх знайсці.

Аднаўленне праз сон

Пасля Другой сусветнай вайны ўласнасць Храптовічаў стала часткай мясцовага калгаса. У 1950-я гады палац разабралі на цэглу пад будаўніцтва ГРЭС і кароўнікаў. Зрэшты, у той час разбіралі не толькі асобныя палацы, нават цэлыя ацалелыя кварталы ў гарадах.

Спроба адрадзіць практычна загінулы палацава-паркавы комплекс прыйшла ў галаву звычайнай беларускай жанчыне Ганне Булдзе, якая распавядае міфічна-рамантычную гісторыю: яна прысніла сон аб тым, што павінна аднавіць нейкую гістарычную сядзібу ў прыгожым парку.

– Я аб’ехала шмат мясцін побач з Мінскам у пошуках той сядзібы, – распавядае Ганна. – І толькі патрапіўшы ў Шчорсы, зразумела, што гэта тое месца з майго сну.

Аднак, калі жанчына пачала рабіць першыя крокі, рамантычнае ўяўленне пра яе місію пачала азмрочваць рэальнасць . Сябры і знаёмыя, якія маглі даць прафесійную параду ў справе аднаўлення комплексу, казалі, што гэта нерэальна, паколькі аб’ём работ, грашовыя выдаткі несумяшчальныя з тым, што магла прапанаваць Ганна. Але яна працягвала шукаць інвестараў.

– У 2016 годзе я заканчвала Універсітэт культуры і неяк падзялілася сваімі клопатамі з кіраўніцай маёй дыпломнай працы, – згадвае жанчына. – І яна мне падказала ідэю стварыць фонд, у якім акумуляваліся б сродкі на аднаўленне гістарычнага комплексу.

Паступова справа наладжвалася. У 2017 годзе ў Шчорсы прыехала першая група валанцёраў, кожны год арганізоўваліся летнікі, дзякуючы якім была прыбрана значная частка тэрыторыі комплексу. Правялі гідралагічныя даследаванні парку, каб высветліць прычыны яго падтаплення. Адрамантавалі дамок для валанцёраў, дзе яны маглі спыніцца падчас летнікаў, было зроблена шмат іншага. Зімой 2020 года дзякуючы намаганням фонду і Ганны Булды спадкаемцы немца Юліуса Хермана, які падчас Першай сусветнай вайны вывез частку дакументаў і кніг з разбуранай бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах, а потым доўгія гады вывучаў іх і завяшчаў вярнуць у Беларусь, перадалі іх у нашу Нацыянальную бібліятэку.

– Галоўнай мэтай ужо тады я бачыла тое, каб да працэсу аднаўлення гістарычнага комплексу падыходзіць выключна з навуковага пункту гледжання, – кажа Ганна. – Я зразумела, што найперш трэба стварыць канцэпцыю аднаўлення ўсяго палацава-паркавага комплексу. Гэта гістарычны помнік, і нельга там рабіць проста тое, што камусьці захочацца.

Нечаканы канфлікт

Варта нагадаць, што ўсе будынкі палацава-паркавага комплексу ў Шчорсах належаць дзяржаве. У 2018 годзе да ідэі фонду «Шчорсы і Храптовічы» далучыліся мясцовыя ўлады: была заключана дамова аб супрацоўніцтве з Навагрудскім райвыканкамам і мясцовым сельсаветам. А ў 2020 годзе праект адмыслоўцаў фонду выйграў грант Еўрасаюза трансгранічнай праграмы «Польшча–Беларусь–Украіна».

На гэтыя сродкі меліся аднавіць дах вяндлярні, зладзіць у Шчорсах кулінарны фэст на аснове мясцовых традыцый. З мэтай супрацоўніцтва ўлетку 2021 года была падпісана трохбаковая дамова паміж фондам «Шчорсы і Храптовічы», Навагрудскім райвыканкамам і польскай гмінай Седліцэ ў межах трансгранічнай праграмы «Польшча–Беларусь–Украіна».

Трэба адзначыць, што практычна ў гэты час улады распачалі праверку фонду «Шчорсы і Храптовічы», што, на думку маёй суразмоўніцы, выглядала не зусім зразумелым. Але ў краіне ўжо набіраў абароты працэс ліквідацыі грамадскіх арганізацый…

Таксама недарэчным выглядала і тое, што, падпісаўшы дамову аб удзеле ў праекце, Навагрудскі райвыканкам працягваў выстаўляць асобныя будынкі комплексу на аўкцыён.

Праект быў разлічаны на год, але ў сувязі з пандэміяй і палітычнымі падзеямі 2021 года стала зразумела, што выканаць яго на працягу 2022 года будзе складана. Тым не менш беларускі бок імкнуўся, каб грашовы грант як мага хутчэй патрапіў на рахунак фонду «Шчорсы і Храптовічы», каб можна было праводзіць работы па аднаўленні комплексу. Але ўвосень 2021 года з Польшчы раптоўна прыйшло паведамленне аб выхадзе з праекта трансгранічнай праграмы «Польшча–Беларусь–Украіна» вядучага беніфіцыяра – гміны Седліцэ. Афіцыйныя прычыны – пандэмія і напружаная сітуацыя на мяжы дзвюх краін. А гэта азначала, што грант Еўрасаюза на рахунак фонду не трапіць.

Літаральна адразу фонд «Шчорсы і Храптовічы» атрымаў папярэджанне ўпраўлення юстыцыі па выніках праверкі. Пералічваліся некалькі дзяжурных парушэнняў, у тым ліку – няслушны юрыдычны адрас. Ганна Булда спрабавала рабіць пэўныя крокі, каб захаваць фонд, але станоўчых вынікаў гэта не дало.

4 снежня мінулага года пастанова суда аб ліквідацыі фонду «Шчорсы і Храптовічы» ўступіла ў сілу.

– Зараз вядзецца працэс ліквідацыі, – з сумам заўважае мая суразмоўца. – Праводзяцца пэўныя праверкі і іншыя працэдуры.

Нягледзячы на змрочную рэчаіснасць, Шчорсы не пакідаюць думак Ганны, у галаве будуюцца планы па аднаўленні палацава-паркавага комплексу. Фондам напрацаваны пэўны досвед, ёсць разуменне, якім чынам гэта можна зрабіць. За чатыры гады ў працэс было ўцягнута шмат людзей, якія гатовы хоць зараз вярнуцца да працы.

Дарэчы, Ганна Булда паводле адукацыі менеджар-культуролаг, у фондзе «Шчорсы і Храптовічы» заробку не атрымлівала, а зараз працуе вахцёрам.

Ці не знікне спадчына Храптовічаў?

Ці не знікне спадчына Храптовічаў?
Рэшткі палацава-паркавага комплексу ў Шчорсах восенню 2021 года. Здымкі з уласнага архіва Ганны Булды.

Публікацыя з № 2 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»