Міхаіл Казинец

У апошні дзень старога года мы развіталіся са знакамітым музыкантам, кіраўніком нацыянальнай дырыжорскай школы, адным з найзначнейшых постацяў у гісторыі беларускай музыкі апошніх дзесяцігоддзяў народным артыстам Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі, кавалерам ордэна Францыска Скарыны прафесарам Міхаілам Антонавічам Казінцом.

Гэта быў чалавек эпохі Адраджэння – адраджэння Беларусі. Міхась Антонавіч быў незвычайна працаздольны, умеў ахопліваць неабсяжнае. А талент, як вядома, – гэта тэрыторыя волі. Ён шмат дзесяцігоддзяў паспяхова сумяшчаў мастацкае кіраўніцтва Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя Жыновіча з работай на пасадзе рэктара Акадэміі музыкі. Акрамя таго, Казінец стварыў і кіраваў студэнцкім аркестрам «Маладая Беларусь», з якім таксама паспяхова гастраляваў па краіне і нават у Еўропе.

Казінец быў роўны веку і музычнаму мастацтву краіны. Ён нарадзіўся ў невялікай вёсачцы на Вілейшчыне ў сям’і сялян. Разам з бацькам гуляў на гармоніку на вяселлях. Але прыйшоў час, і, як бы ні было цяжка, сям’я адправіла юнака ў сталіцу, каб ён вучыўся музыцы сур’ёзна. Міхась паступіў у вучылішча, потым у кансерваторыю на аддзяленне народных інструментаў. Але для яго таленту гэтага было мала, і, ужо будучы жанатым чалавекам, ён зноў паступіў у ВНУ – гэтым разам на аддзяленне оперна-сімфанічнага дырыжыравання. Чалавек вучыўся запоем, апантана. Ён разумеў, што музычныя вяршыні не пакарыць без добрай адукацыі і вялікай працы. Потым усё жыццё менавіта так і працаваў – з бязмежнай самааддачай.

Нацыянальнаму акадэмічнаму народнаму аркестру імя І.Жыновіча маэстра Казінец прысвяціў амаль 50 гадоў жыцця, быў яго галоўным дырыжорам і мастацкім кіраўніком з 1975 года. Пад кіраўніцтвам Міхаіла Антонавіча былі складзены і падрыхтаваны сотні канцэртных праграм, у якіх дзякуючы Казінцу ўпершыню загучалі сачыненні беларускіх аўтараў.

Міхась Антонавіч валодаў велізарнай артыстычнай харызмай, і ў той жа час скараў цеплынёй, чалавечнасцю. На працу ён заўсёды хадзіў толькі пешшу – і ў Белдзяржфілармонію, і ў Акадэмію музыкі. Аднойчы паспрабаваў прыйсці пешшу нават на сваю дачу, што ў Астрашыцкім гарадку. Ён любіў перагрузкі – як фізічныя, так і інтэлектуальныя. Асвоіў аўтасправу пад 70 гадоў, каб сесці за руль уласнага аўтамабіля.

Развітанне з музыкантам прайшло ў сценах Белдзяржфілармоніі, а пахаваны маэстра Казінец на сваёй малой радзіме ў Вілейскім раёне. Няхай родная зямелька яму будзе пухам…

Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»