Васіль Шаранговіч

Учора, 3 студзеня, на Усходніх (Маскоўскіх) могілках родныя і блізкія, а таксама сябры па мастацтве развіталіся з народным мастаком БССР, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаным дзеячам мастацтваў Польшчы, акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі прафесарам Васілём Пятровічам Шаранговічам. Ён памёр 31 снежня, на 83-м годзе жыцця, літаральна праз некалькі дзён пасля смерці сваёй жонкі Галіны. Што стала найцяжкай трагедыяй для дзяцей, дачкі і сына.

Мастак Васіль Шаранговіч унёс салідны ўклад у айчыннае мастацтва кніжнай графікі. Ён стварыў некалькі па-сапраўднаму значных графічных серый да нацыянальных літаратурных шэдэўраў – паэм «Новая зямля» Якуба Коласа, «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, да многіх вершаў Янкі Купалы, Змітрака Бядулі. Апошнія гады працаваў над жывапіснымі партрэтамі сваіх сучаснікаў: Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Стэфаніі Станюты, Уладзіміра Караткевіча… З усімі імі ён быў знаёмы асабіста, казаў: «Я хачу пакінуць для нашчадкаў вобраз сапраўднага беларуса».

Некалькі дзесяцігоддзяў свайго жыцця Васіль Шаранговіч выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Пачынаў дацэнтам, скончыў кар’еру прафесарам, рэктарам ВНУ. Менавіта пры ім гэтая навучальная ўстанова з тэатральна-мастацкага інстытута павысіла свой статус, стала акадэміяй. Дарэчы, рэктарам у 1989-м Шаранговіча выбіраў калектыў тайным галасаваннем. Адміністрацыйныя здольнасці Васіля Пятровіча заўважылі і наверсе. Яму двойчы прапаноўвалі стаць міністрам – спачатку культуры, потым адукацыі. Але мастак правільна ацэньваў свае прыярытэты ў жыцці: галоўным было, вядома ж, праца ў майстэрні.

А праз восем гадоў рэктара Акадэміі мастацтваў Шаранговіча загадам міністра культуры знялі з пасады – знайшлі нейкія памылкі ў дакументах падчас уступнай кампаніі. Зрэшты, усім было зразумела, што гэта была толькі падстава, каб прыбраць з пасады кіраўніка-«нацыяналіста». Я спыняюся на гэтым эпізодзе, бо, мусіць, першы і апошні раз у гісторыі нашай вышэйшай адукацыі на абарону рэктара тады падняўся ці не ўвесь калектыў. Вось гэта была галоснасць і свабода слова! Адбыўся агульны сход, на яго запрасілі сталічных журналістаў – зараз уявіць сабе гэта проста немагчыма. Калегі Васіля Пятровіча выступалі горача, яны як маглі змагаліся за сумленнае імя свайго рэктара. Ва ўсіх вядучых СМІ з’явіліся рэпартажы з таго сходу.

Але загад міністра застаўся ў сіле. Тым не менш Шаранговіч быў працаўладкаваны – дырэктарам у Музей сучаснага мастацтва, які толькі што адкрыўся. І прапрацаваў там нямала гадоў, перадаўшы «ў спадчыну» (і справядліва) свой пост дачцэ – вядомаму мастацтвазнаўцу Наталлі Шаранговіч.

Вось якія былі вегетарыянскія часы, калі паглядзець на іх з вышыні сённяшніх дзён.

Васіль Пятровіч Шаранговіч пражыў цудоўнае творчае жыццё. Яго творы станковай і кніжнай графікі знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея, Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, музеях Янкі Купалы і Якуба Коласа, Міністэрстве культуры Расіі, мемарыяльным комплексе «Хатынь», а таксама ў прыватных калекцыях у Італіі, ЗША і Германіі.

За некалькі гадоў да 80-годдзя на яго радзіме ў Мядзельскім раёне, у аграгарадку Нарач, была адкрыта персанальная галерэя мастака, куды ён перадаў 130 работ рознага перыяду творчасці.

Імя народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча назаўжды застанецца ў нашай памяці.

Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»