Якуб Наркевіч-Ёдка. Мастак Анатоль Беляўскі. Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей.

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–100 за 2021 год)

30. Якуб Атонавіч Наркевіч-Ёдка (27 снежня 1847 г. (8 студзеня 1848 г.) – 19 лютага 1905 г.)

Якуб Наркевіч-Ёдка – прыродазнаўца, член фізічнага аддзялення Рускага фізіка-хімічнага таварыства, Рускага геаграфічнага таварыства, Мінскага і Пецярбургскага таварыстваў сельскіх гаспадароў, член-карэспандэнт Парыжскага медыцынскага, фізічнага, магнетычнага таварыстваў і таварыства электратэрапіі, член італьянскага медыка-псіхалагічнага таварыства, ганаровы член фізіка-матэматычнага таварыства Галілея ў Фларэнцыі, супрацоўнік Пецярбургскага інстытута эксперыментальнай медыцыны, доктар Венскага медыцынскага таварыства. Яго імя было добра вядома вучоным свету, а папулярнасць, якой ён карыстаўся ў Расіі, параўноўвалі з папулярнасцю Пастэра ў Францыі.

Я.Наркевіч-Ёдка належаў да старажытнага шляхецкага роду Наркевічаў-Ёдкаў герба «Ліс». Нарадзіўся ў маёнтку Турын Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці). Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся на медыцынскім факультэце ў Сарбоне.

Навуковыя інтарэсы Я.Наркевіча-Ёдкі былі сканцэнтраваны на даследаванні з’яў, што звязаны з уплывам электрычнасці на матэрыяльныя аб’екты, перш за ўсё на расліны і чалавечы арганізм, для таго каб вызначыць магчымасць выкарыстання электрычнасці для аднаўлення функцыянальных магчымасцяў арганізма.

На тэрыторыі свайго маёнтка Наднёман на пачатку 80-х гадоў XIX стагоддзя арганізаваў мэтэаралагічную станцыю, якая была найбуйнейшай у заходняй частцы Расіі і ўваходзіла ў сетку станцый Галоўнай фізічнай абсерваторыі Пецярбургскай акадэміі навук. Для правядзення метэаралагічных назіранняў прапанаваў прыладу для вызначэння хуткасці руху аблокаў, прыладу для вызначэння вільготнасці глебы (лізіметр). У 1890 годзе распрацаваў прыбор для рэгістрацыі навальнічных разрадаў на адлегласці да 100 кіламетраў і фактычна ўпершыню здзейсніў прыём радыёмагнітных хваляў, аб чым зрабіў навуковае паведамленне. Прыбор, які быў сканструяваны ім, нагадваў прыладу А.Папова, якога ў Расіі лічаць вынаходнікам радыё, імя беларускага даследчыка ў замежным друку ўзгадвалася побач з імем Марконі.

Я.Наркевіч-Ёдка прапанаваў сістэму градаадводаў для памяншэння навальніц і градабіццяў, якая была ўхвалена на пасяджэнні Метэаралагічнай камісіі Рускага геаграфічнага таварыства. Ён выканаў арыгінальныя даследаванні па электрастымуляцыі атмасфернай электрычнасцю раслін і ўстанавіў, што прапусканне току праз глебу, у якой вырошчваліся расліны, паскарала іх рост, скарачала вегетатыўны перыяд на тры-чатыры тыдні і павялічвала памеры ў некалькі разоў. У 1892 годзе на пасяджэнні Пецярбургскага таварыства сельскіх гаспадароў зрабіў афіцыйнае паведамленне аб выніках сваіх даследаванняў па так званай электракультуры, якія дазволілі зрабіць выснову аб тоеснасці гальванічнай і атмасфернай электрычнасці.

Прапанаваў метад атрымання адбіткаў лісцяў раслін, металічных прадметаў, асобных участкаў цела чалавека ва ўмовах электрычнага разраду, якому надаў назву «электраграфія», першым атрымаў электраграфічныя адбіткі аб’ектаў жывой прыроды і ўстанавіў, што форма электраграфічнага малюнка ў большай ступені залежыць ад велічыні электрычнага напружання і індывідуальных асаблівасцяў суб’екта, чым ад тыпу крыніцы электрычнасці. Паказаў, што абавязковай умовай для ўзнікнення электраграфічнага малюнка з’яўляецца ўзнікненне электрычнага разраду ў прамежку паміж аб’ектам і рэгіструючым матэрыялам. Першае афіцыйнае паведамленне пра доследы па электраграфіі было зроблена Я.Наркевічам-Ёдкам на пасяджэнні Пецярбургскага таварыства сельскіх гаспадароў 28 студзеня 1892 года. Потым былі лекцыі перад камісіяй вучоных Пецярбургскага Імператарскага інстытута эксперыментальнай медыцыны, на канферэнцыі па электраграфіі і электрафізіялогіі ў Пецярбургскім універсітэце. У 1893 годзе вынікі яго прац сталі вядомы вучоным навуковых цэнтраў Берліна, Вены, Парыжа, Прагі, дзе беларускі прыродазнаўца чытаў лекцыі і дэманстраваў калекцыю з 1500 электраграфічных здымкаў. Расійскія і замежныя вучоныя, якія прысутнічалі на гэтых лекцыях, звярталі ўвагу на значнасць яго даследаванняў для медыцыны і фізіялогіі. У 1900 годзе на міжнародным кангрэсе ў Францыі яму было прысвоена званне «Прафесар электраграфіі і магнетызму». Праз 50 гадоў гэты метад перажыў другое нараджэнне і сёння вядомы навуковай грамадскасці як эфект Кірліяна.

Я.Наркевіч-Ёдка прапанаваў практычнае выкарыстанне электраграфіі ў медыцыне. У сярэдзіне 1890-х гадоў распрацаваў метад электратэрапіі, які быў заснаваны на лакальным уздзеянні электрычнага току. Першапачаткова ён быў апрабаваны ў інстытуце фізіялогіі ў Рыме і быў вядомы пад назвай «Сістэма Ёдкі». Галоўнае, што адрознівала гэты электратэрапеўтычны метад, – тое, што кропкі для ўздзеяння вызначаліся паводле дадзеных электраграфічных адбіткаў. Я.Наркевічу-Ёдку належыць прыярытэт у пошуку біялагічна актыўных кропак паводле дадзеных электраграфіі.

У сваім маёнтку адкрыў санаторый, дзе прапаноўваў жадаючым аздаравіцца пры дапамозе сонечных і паветраных ван, гімнастыкі, мінеральнай вады са сваёй свідравіны і кумысу, а таксама ўжываў на той момант малавядомыя радыкальныя метады – электратэрапію і электрамасаж, якія многім дапамаглі.

Акрамя таленту навукоўца Якуб Наркевіч-Ёдка меў яшчэ выбітныя музычныя здольнасці – быў выдатным музыкантам: піяністам, кампазітарам дырыжорам.

Яму і яго цікавым навуковым даследаванням была прысвечана кніга Марыуса Дэкрэспа «La vie et les ouvres m. de Narkewicz-Iodko» («Жыццё і адкрыцці спадара Наркевіча-Ёдкі»), якая выйшла ў 1896 годзе ў Парыжы на французскай мове.

Памёр у Вене (Аўстра-Венгрыя). Пахаваны ў сваім маёнтку Наднёман пад Уздой.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»