На апошняй у гэтым годзе сесіі Мінгарсавета было зацверджана рашэнне аб назвах некаторых вуліц і кварталаў сталіцы. Для ўшанавання памяці Васіля Быкава вуліцы ў Мінску па-ранейшаму не знайшлося. Затое дэпутаты вырашылі назваць адну з вуліцы імем іншага пісьменніка – Сцяпана Злобіна.

Не здзіўляйцеся, што вы такога беларускага пісьменніка не ведаеце. Ён не беларускі.

Сцяпан Паўлавіч Злобін – рускі савецкі пісьменнік, лаўрэат Сталінскай прэміі. Нарадзіўся і вырас у Маскве. Чалавек няпростага і нават дзіўнага для савецкіх часоў лёсу. У 1941 годзе пад Вязьмай трапіў у нямецкі палон і апынуўся ў мінскім канцлагеры. Ён месціўся якраз у Масюкоўшчыне. Пасля няўдалага пабегу апынуўся ў лагеры ў Германіі і быў вызвалены толькі ў 1945 годзе. Як вядома, лёс ваеннапалонных пасля вяртання на Радзіму быў няпростым, многія зноў апынуліся ў лагерах, толькі савецкіх. А Злобін у 1951 годзе нават стаў лаўрэатам Сталінскай прэміі за гістарычную эпапею «Сцяпан Разін», якая вельмі спадабалася Іосіфу Вісарыёнавічу.

Трэба адзначыць, што Сцяпан Злобін напісаў аўтабіяграфічны раман «Зніклыя без вестак» («Пропавшие без вести»), які быў накіраваны на рэабілітацыю ваеннапалонных. Але гэта было ўжо пасля смерці Сталіна, калі палітычная кан’юнктура змянілася.

Зрэшты, размова не пра дасягненні на ніве літаратуры ці грамадскага ўплыву. Вуліца імя Сцяпана Злобіна ёсць, напрыклад, у сталіцы Башкартастана Уфе. У Башкірыі нарадзіўся і жыў ягоны бацька, потым і сам Сцяпан Злобін працаваў тут настаўнікам, вывучаў гэты край, башкірскую мову, гісторыю, запісваў мясцовыя паданні, песні. Гэта пазней спатрэбілася пры напісанні літаратурных твораў – дарожных нататак «Па Башкірыі», а таксама рамана «Салават Юлаеў» – першага ў рускай літаратуры твора, які грунтоўна расказвае пра жыццёвы і баявы шлях легендарнага героя башкірскага народа.

Але пры чым тут Беларусь? Чаму імем Сцяпана Злобіна трэба было называць вуліцу ў Мінску?

Больш пільнае вывучэнне біяграфіі паказвае, што з Мінскам быў звязаны бацька пісьменніка – Павел Уладзіміравіч Злобін. Ён з дваран, але ў 1902 годзе ўступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Вёў падпольную работу ў земствах і на Заходнім фронце. Так і апынуўся ў Мінску. У сакавіку 1917 года з’яўляўся таварышам старшыні Мінскай губернскай земскай управы, членам абласнога камітэта Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, быў уключаны ў спіс кандыдатаў на Усерасійскі устаноўчы сход ад Мінскай губерні. У лютым 1918 года быў абраны ў беларускі ўрад – Народны сакратарыят на пасаду камісара па справах вялікаросаў. Выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі, супраць ідэі аб незалежнасці. Пасля абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі выйшаў са складу ўрада, лічачы Раду БНР часовай уладай у краі.

Дык можа, ушаноўваючы сына, мінскія ўлады на самай справе ўшаноўваюць ягонага бацьку?

На жаль, застаецца толькі здагадвацца пра патаемныя рычагі ідэалагічнай палітыкі. Але фактам застаецца тое, што вуліц імя Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна ў Мінску па-ранейшаму няма. Для славутых беларускіх пісьменнікаў у беларускай сталіцы не хапае месца. На ўсе ініцыятывы і запыты чыноўнікі даюць адзін адказ: «Прапанова будзе ўлічана». І так на працягу гадоў.

Ну а што тычыцца надання вуліцы ў Масюкоўшчыне імя Сцяпана Злобіна, то Мінгарвыканкам паведамляе: «Яшчэ ў верасні адпаведнае рашэнне было прынята Камісіяй па найменаванні і перайменаванні вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак Мінска. Пасля апублікавання ад мінчан не паступіла ніякіх заўваг і прапаноў наконт новых найменняў, таму дэпутатамі прынята канчатковае рашэнне, якое набудзе моц пасля афіцыйнага апублікавання».

Алена МАРОЗАВА.

ДАРЭЧЫ

Склад камісіі па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г.Мінска

Цуран Арцём Мікалаевіч – намеснiк старшынi Мiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта (далей – Мiнгарвыканкам) (старшыня камісіі).

Кушняроў Георгій Уладзіміравіч – дырэктар ДУА «Гімназія №29 г.Мінска», дэпутат Мінгарсавета* (намеснік старшыні камісіі).

Брэль Віталій Пятровіч – начальнiк упраўлення культуры Мінгарвыканкама.

Вабішчэвіч Ірына Мікалаеўна – начальнік аддзела гістарычнай забудовы і добраўпарадкавання камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама.

Глеб Марына Уладзіміраўна – загадчык Цэнтральнага навуковага архіва ДНУ «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Даніловіч Вячаслаў Віктаравіч – рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук, дацэнт*.

Дзянісаў Уладзімір Мікалаевіч – галоўны архівіст ДУ «Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі», член прэзідыума грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры»*.

Жук Алег Іванавіч – гісторык, галоўны тэхнічны інспектар працы Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі*.

Краўчанка Уладзімір Акімавіч – старшыня ГА «Беларускі рух медыцынскіх работнікаў», заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь*.

Лашкоўскі Яўген Аляксандравіч – вядучы праграмы аддзела вядучых інфармацыйна-аналітычных праграм дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання, закрытае акцыянернае таварыства «Другі нацыянальны тэлеканал», дэпутат Мінгарсавета*.

Леўкавец Ірына Уладзіміраўна – дырэктар ДУА «Гімназія №61 г.Мінска», гісторык, дэпутат Мінгарсавета*.

Лукашанец Аляксандр Аляксандравіч – беларускі вучоны-мовазнаўца, акадэмік НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі»*.

Мацкевіч Наталля Аляксандраўна – начальнік аддзела вядзення рэестра адрасоў і статсправаздачнасці РУП «Мінскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры»*.

Нагорнава Святлана Аляксандраўна – намеснік старшыні камітэта дзяржаўнай маёмасці Мінгарвыканкама.

Пятровіч Аляксандр Яўгенавіч – дырэктар заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Фальклорная група «Купалінка» Белдзяржфілармоніі, дэпутат Мінгарсавета*.

Сацукевіч Іван Іванавіч – асістэнт кафедры эканамічнай гісторыі Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта*.

Скрыпчанка Таццяна Сяргееўна – кандыдат гістарычных навук*.

Старавойтава Ганна Валянцінаўна – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь*.

Уральскі Юрый Міхайлавіч – першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама.

Альхавікова Людміла Міхайлаўна – намеснік начальніка аддзела мастацтваў упраўлення культуры Мінгарвыканкама (сакратар камісіі).

*З іх згоды.

Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»