Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

25-гадовы мінчук, пасварыўшыся ў краме з каханай, пакрыўдзіўся на ўсіх жанчын і вырашыў спагнаць злосць на першай сустрэчнай. Ён вутнуў незнаёмую дзяўчыну ў жывот, а калі той на дапамогу кінулася сяброўка, ударыў кулаком у твар і ёй.

У закаханых, скажам прама,
Парой здараецца разлад.
То не трагедыя, не драма,
І ў тым бяды не надта шмат:
З іх вуснаў чуюцца тырады
Агідных, вельмі брыдкіх слоў,
Ды памірыцца потым рады,
І ў іх «любоў» палае зноў.
Калі ў сям’і ўзнікаюць свары,
Бывае рэзультат благі,
І нават могуць быць ахвяры,
Як хоча выправіць мазгі
І запулюе мужу жонка
Па кумпале скаварадой
Ці аплявуху ўлепіць звонка
Мужык блудніцы маладой.
Ну, словам, канфліктуюць пары,
Даходзіць нават да вайны,
Ды каб у якасці ахвяры
Быў чалавек са стараны –
Такое ў нас бывае рэдка,
Хіба што злому мужыку,
Абараняючы, суседка
Таксама трапіць пад руку
І пашкадуе потым горка,
Адчуўшы сілу кулака…
Была з каханаю разборка
І ў маладога мінчука.
Не знаем мы, з якой прычыны
Раптоўна здарыўся раздрай,
Ды злосць узнікла да дзяўчыны
І забурліла цераз край.
Пабіць, магчыма, быў гатовы,
Ды месца люднае, і ён
Ёй толькі здзеклівыя словы
З насмешкай кінуў наўздагон.
Але ж патрэбны выхад злосці
(Яна ў душы – бы ў горле косць),
І варта плюхнуць на кагосьці.
Найперш яго душыла злосць
На ўвесь «паганы пол жаночы».
У гэты момант акурат
Дзяўчаты трапілі на вочы,
І ён падскочыў да дзяўчат.
Адну «скапыціў» аперкотам
(Упала, бедная, на брук –
Як падкасілася), а потым
Другой даслаў магутны хук,
Бо рукі ў злыдня – як дубіны…
А што ж з дзяўчатамі цяпер?
«Калі мужык без дай прычыны
На нас накінуўся, як звер,
Патрэбна, – думаюць ахвяры, –
Быць ад мужчын у старане…»

***
А пажадаць якое кары
Яму самому варта мне?
(Пры гэтым я напомніць мушу,
Што выбіваюць клінам клін.)
Няхай жанкі паб’юць, як грушу,
За ўсіх нягоднікаў-мужчын.

У кожнага свая радня

У сына ведаў малавата,
Таму пытанні – як гарох:
– Адкуль жа мы ўзяліся, тата?
– Стварыў нас, безумоўна, Бог.
Таго адказу сыну мала,
Хоць тату і няма калі.
– А мама ўчора мне казала:
Маўляў, ад малпаў мы пайшлі.
Узвіўся бацька, скажам прама:
– Я, мой харошы, не маню!
Назвала ўласных продкаў мама,
А я назваў сваю радню.

Для храбрасці і для подзвігаў

Каб выйсці, так сказаць, на людзі,
Трымацца храбра і фарсіста,
Сто грам патрэбна ўзяць на грудзі.
Для подзвігаў бярэцца трыста.

Падумай і прамаўчы

– Каб не мець ні згрызот, ні бяды, –
Дзед паляпаў мяне па плячы, –
Перш чым нешта сказаць,
Заўсягды
Ты падумай,
Затым прамаўчы…

Гульня слоў

Шал да працы ў Міколы аслаб,
І казаў суразмоўнікам Коля:
– У рабоце мне чуецца «раб»,
У звальненні мне чуецца «воля»…

Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»