Конституция РБ

Артыкул 80 новага праекта Канстытуцыі сфармуляваны так неахайна, што нават Аляксандру Лукашэнку можна забараніць балатавацца ў прэзідэнты.

У прапанаваным на рэферэндум дакуменце гэты артыкул гучыць так:

«Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які не мае і не меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы або віду на жыхарства ці іншага дакумента замежнай дзяржавы, што дае права на льготы і іншыя перавагі».

Відавочна, што гэты артыкул накіраваны на тых, каго дзяржпрапаганда называе «беглай апазіцыяй», – Ціханоўскую, Латушку, Цапкалу, Пазьняка, Саннікава, на тых, хто вымушана з’ехаў за межы Беларусі, апасаючыся палітычнага пераследу на Радзіме. Але пад удар трапляе значна больш шырокае кола грамадзян Беларусі, нават тых, хто ўсе 20 гадоў перад выбарамі жыў тут і не меў ніякага іншага грамадзянства ці віду на жыхарства ў нейкай краіне.

Напрыклад, фармулёўка пра «іншыя дакументы» дазваляе адмовіць у праве балатавацца на пасаду прэзідэнта беларусам, якія маюць «карту паляка». Бо «карта паляка» сапраўды дае «льготы ці іншыя перавагі» польскай дзяржавы тым, хто яе атрымаў. Гэта і права працаваць у Польшчы без атрымання дазволу на працу, і права бясплатна вучыцца, і больш танны праезд у грамадскім транспарце, і многае іншае. Дарэчы, паводле дадзеных за 2019 год, «карту паляка» мелі амаль 145 тысяч беларусаў. Выходзіць, што ўсім гэтым людзям будзе адмоўлена ў праве балатавацца ў прэзідэнты.

Але ж «ільготы і перавагі» іншай дзяржавы маюць і тыя, хто атрымаў замежныя дзяржаўныя ўзнагароды. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка мае некалькі ўзнагарод Венесуэлы, у тым ліку Вялікі ланцуг ордэна Вызваліцеля, расійскія ордэны Аляксандра Неўскага і «За заслугі перад Айчынай» ІІ ступені, узнагароды Лівіі, Кубы, Грузіі, Малдовы, Азербайджана…

У кожнай краіне дзяржаўная ўзнагарода – гэта не толькі прыгожы і каштоўны значок, гэта яшчэ і пэўныя льготы ды прывілеі. Атрымліваецца, што калі дасканала прытрымлівацца артыкула 80 новай рэдакцыі Канстытуцыі, то Аляксандру Лукашэнку можна адмовіць у праве балатавацца на пасаду прэзідэнта. Як і многім іншым паважаным людзям. Толькі ці правільна гэта?

Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»