Алесь Бяляцкі

З ліпеня мінулага года знаходзяцца за кратамі вядомыя праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч.

У адным са сваіх апошніх лістоў на волю Алесь Бяляцкі напісаў пра тое, як рыхтаваўся ў СІЗА да Новага года.

«Для торта на Новы год я замовіў у лаўцы (турэмнай краме) вафельны корж, згушчанае малако, масла, а жменя грэцкіх арэхаў і журавін у цукры ў мяне і так былі, – паведаміў праваабаронца. – Журавіны, дарэчы, мне бандэролькай пераслала мая знаёмая. Паклала туды крыху журавін, шакаладку і зялёную гарбату. І я з прыемнасцю атрымаў гэтую вестку ад яе.

Я працягваю чытаць вершы Рыгора Барадуліна (другі том з пяцітомніка). Чытаю па некалькі вершаў, бо яны ў яго складаныя, вобразныя, багата загадак, моўнай гульні. Адным словам, ён пісаў сабе ў ахвоту, а чытачам – на задавальненне.

Вось толькі як адсвяткавалі 130-я ўгодкі з нараджэння Максіма Багдановіча. Я ўвесь лістапад-снежань узгадваў, як 30 гадоў таму мы адчынялі музей Максіма Багдановіча на Траецкім прадмесці. Два гады перад адкрыццём я і мае калегі па музеі працавалі без перадыху. Якое задавальненне і радасць былі, калі музей адчыніў дзверы для наведвальнікаў! Быў невялікі сюжэцік па БТ пра музей – прыемна было глядзець. Як кажуць, «быў час, была эпоха». 30 гадоў – нейкія неверагодныя лічбы. Вось так жыццё і мінае.

А зараз гляджу з захапленнем біятлон. Сола і Алімбекава робяць сярод дзяўчат надвор’е. Ёсць што паглядзець і за каго пабалець. І, вось дзіва, у хлопцаў урэшце з’явіўся Смольскі, так што і мужчынскі біятлон таксама стаў цікавым. Я згадваю, як 10 гадоў таму глядзеў гонкі з удзелам Домрачавай, і тады пачаў балець і цікавіцца біятлонам. Штосьці змянілася з таго часу, а штосьці засталося тым самым».

Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»