Адам Мальдзіс

Сёння не стала Адама Мальдзіса…
Яму было 89 год. З ім разам сышла эпоха… І гэта не перабольшанне. Пра Мальдзиса піша Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі.

— Ён быў адным з апошніх сапраўдных тытанаў у айчыннай гуманітарыстыцы, — адзначае суша. — Чалавек-акадэмія, чалавек-інстытут, “камень”, тытан сучаснага беларускага Адраджэння…
Стваральнік і кіраўнік Скарынаўскага цэнтра, камісіі “Вяртанне”, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў…
Ён быў цэнтрыстам, сваім для правых і левых, усходнікаў і заходнікаў, беларусаў і літоўцаў (нарадзіўся на этнічным памежжы), чалавек па-за часам, бо ён і знаўца 18-19 стагоддзяў, і сябра Караткевіча, і зычлівы калега для мяне і многіх маіх аднагодак.
А якую ён пакінуў навуковую спадчыну! Вось толькі некалькі яго кніг: «Творчае пабрацімства: Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.» (1966), «Падарожжа ў XIX ст.: З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры» (1969), «Традыцыі польскага Асветніцтва ў беларускай літаратуры XIX ст.» (1972), «Таямніцы старажытных сховішчаў» (1974), «На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду: другая палавіна XVII — XVIII ст.» (1980), «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў» (1982), «Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў» (1984), «З літаратуразнаўчых вандраванняў: Нарысы, эсэ, дзённікі» (1987), «Францыск Скарына як прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення людзей і народаў» (1988), «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека» (1990), «І ажываюць спадчыны старонкі» (1994), «Як жылі продкі ў XVIII стагоддзі» (2001), «Выбранае» (2007), «Белорусские сокровища за рубежом» (2009), «Соотечественники» (2013)…

Ён фарміраваў светапогляд беларусаў. Шмат у чым менавіта ён ствараў Беларусь, якою яна ёсць. Апошнія гады ён ўсё марыў дапісаць як найменей яшчэ чатыры свае кнігі, працу над якімі ён пачаў больш пяці год таму. Многае не паспеў. Гэта цяпер наша праца.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»