Міхаіл Антонавіч Казінец

30 снежня 2021 года перастала біцца сэрца выдатнага дырыжора і грамадскага дзеяча, народнага артыста Беларусі Міхаіла Антонавіча Казінца. Беларускае мастацтва панесла незаменную страту.

Старэйшына айчыннай дырыжорскай школы, Міхаіл Казінец быў адной з самых значных постацяў у гісторыі беларускага музычнага мастацтва апошніх дзесяцігоддзяў.

М.А. Казінец нарадзіўся 18 мая 1938 года ў вёсцы Цынцавічы Вілейскага раёна. Скончыў Беларускую акадэмію музыкі па класах баяна (1965) і оперна-сімфанічнага дырыжыравання (клас В. В. Катаева) (1973). З 1966 года выкладаў ў акадэміі (з 1985 па 2005 — рэктар, з 1990 года — прафесар). У 1972 годзе стаў дырыжорам, а ў 1975 годзе — мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча.

Пад кіраўніцтвам М.А. Казінца аркестр дасягнуў сапраўднага росквіту. Маэстра быў першым інтэрпрэтатарам і выканаўцам мноства твораў беларускіх кампазітараў, сярод якіх такія значныя, як Кантата для хору, салістаў і народнага аркестра “Родныя песні” Ю. Семянякі, Канцэрт для фартэпіяна і народнага аркестра Г. Вагнера, “Святочная паэма” і “Юбілейная уверцюра” Я. Глебава, Канцэрт № 2 для цымбалаў і аркестра (“Памяці І. Жыновіча”) Д. Смольскага, сімфонія № 5 для народнага аркестра “Памяць Зямлі” А. Мдзівані і іншыя. Дзякуючы зацікаўленасці М.А. Казінца да творчай спадчыны У.Г. Мулявіна і ансамбля “Песняры” аркестр імя І. Жыновіча пад яго кіраўніцтвам вярнуў з нябыту самыя значныя творы буйных форм – рок-паэму І. Лучанка-У. Мулявіна “Гусляр”(2010) і рок-оперу У. Мулявіна “Песня пра долю” (2012), прэм’еры якіх сталі падзеяй нацыянальнага маштабу ў беларускім мастацтве і выклікалі шырокі грамадскі рэзананс.

На працягу многіх гадоў М.А. Казінец з’яўляўся арганізатарам і мастацкім кіраўніком сімфанічнага аркестра Акадэміі музыкі “Маладая Беларусь”, старшынёй журы Міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”, мастацкім кіраўніком фестывалю “Беларусь – мая песня”. За шматграную творчую дзейнасць і выдатны ўклад ў развіццё беларускай і савецкай музычнай культуры маэстра Казінец быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі і прэміяй “За духоўнае адраджэнне”, медалём Францыска Скарыны, Ордэнам Дружбы народаў і Ордэнам Пашаны.

Светлая памяць аб выдатным музыканце, грамадскім дзеячы і вялікім чалавеке назаўсёды захаваецца ў нашых сэрцах.

Развітанне з М.А.Казінцом адбудзецца ў філармоніі на сцэне Вялікай залы 31 снежня з 10.00 да 12.00. У 10.30 адпяванне, у 11.30 паніхіда. У 12.00 вынас цела. Пахаваюць М. А. Казінца на радзіме ў Вілейцы, як ён завяшчаў.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»