Ведай нашых!

Навучэнка Школы шахмат ФІДЭ ў Беларусі Анастасія Севасцьянчук стала чэмпіёнкай Еўропы сярод удзельнікаў да 8 гадоў па хуткіх шахматах.

Ведай нашых!
Анастасія Севасцьянчук

«Жадаю Насцюшы вялікіх шахматных поспехаў і далейшых перамог, – павіншавала юную спартсменку экс-старшыня Беларускай федэрацыі шахмат і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі шахмат Анастасія Сарокіна. – Ганаруся і ад душы віншую трэнераў Кацярыну Ламака (Кірпічэнка) і Наталлю Папову».

Нагадаем: у снежні Анастасія Сарокіна паведаміла, што арыштаваны рахункі Школы шахмат ФІДЭ ў Беларусі.

«Гэтая школа была створана ў Беларусі восем гадоў таму, – распавяла яна «Народнай Волі». – Я сама пачынала заняткі ў некалькіх групах, выкладала тады яшчэ ў маленькім памяшканні Палаца шахмат і шашак.

Гэта была першая шахматная школа для дзяцей малодшага ўзросту, але працэс ішоў даволі хутка. Праз год я запрасіла ў школу Кацю Ламака (Кірпічэнка), затым Наталля Папова далучылася…

Гэта быў інавацыйны праект, таму што на той час ніхто трохгадовых дзетак шахматам не навучаў.

І вось даведалася, што арыштаваны рахункі школы. Яе закрыццё для мяне – невыносны боль! Больш за 100 дзяцей займаліся ў школе, працавалі пяць настаўнікаў, а таксама адміністрацыйны персанал. Усе гэтыя людзі засталіся без працы. А дзеці – без трэнераў».

Нягледзячы на ўсё гэта, мы бачым, што справа, якую пачынала Анастасія Сарокіна з калегамі, жыве і прыносіць вынік. Гэта не толькі радуе, але і дае надзею на будучыню.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»