Гомельскі аблвыканкам. Фота аўтара.

Новы кіраўнік рэгіёна – другі з ліку “варагаў”.

Сесія Гомельскага аблсавета 22 снежня зацвердзіла Івана Крупко на пасаду старшыні аблвыканкама. Новага прызначэнца, як перадае БЕЛТА, дэпутатам прадставіў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Іван Сяргеенка. Ён паведаміў, што Крупко працоўны шлях пачынаў спецыялістам адной з гаспадарак Нясвіжскага раёна на Міншчыне, потым узначальваў Мінскі райвыканкам. Да апошняга часу няпоўныя два гады займаў пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Прызначэнне кіраўніком рэгіёна Івана Крупко з улікам яго досведу і прафесіяналізму, зазначыў прамоўца, «без сумневу павінна прыдаць дадатковы імпульс развіццю краю».

Новы старшыня Гомельскага аблвыканкама – другі кіраўнік рэгіёна ў найноўшай гісторыі з ліку, так бы мовіць, варагаў. Ён заатэхнік паводле першай адукацыі, паводле другой – спецыяліст у кіраванні прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу. Змяніў на пасадзе Генадзя Салаўя, таксама спецыяліста па заатэхніі, які ў свой час, як і Крупко, ачольваў на Міншчыне Нясвіжскі райвыканкам.

Старшыняваў Салавей у Гомелі толькі тры гады, найменей з усіх сваіх папярэднікаў. Своеасаблівымі маркерамі ў яго дзейнасці на пасадзе кіраўніка вобласці сталі брутальны разгон і рэпрэсіі ў дачыненні да пратэстоўцаў, што выступалі супраць фальсіфікацыі выбараў, хоць публічна ў Жлобіне перад рабочымі-металургамі цяпер ужо былы кіраўнік абяцаў нікога не чапаць, калі чалавек не мае дачынення да крымінальных злачынстваў. Тым часам 25-гадовы гамяльчанін Аляксандр Віхор, які не браў непасрэднага ўдзелу ў маніфестацыях, стаў смяротнай ахвярай разгону. Спрычыніўся таксама экс-губернатар і да адкрыцця ў верасні мінулага года флагштока для афіцыйнага дзяржаўнага сцяга за 1,5 мільёна рублёў. Акрамя таго, за абразлівы каментарый на адрас Салаўя пад відэасюжэтам на YouTube пачалі пераследаваць лідара гомельскага рок-гурта Gods Tower Уладзіслава Наважылава, яму ўрэшце прысудзілі тры гады «хіміі», але ён з’ехаў з краіны.

З эканамічнымі вынікамі складаней. Сёлета Гомельская вобласць заўважна «прасела» ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. У прыватнасці, вытворчасць жывёлы і птушкі (у жывай вазе), а таксама малака за студзень–лістапад склала адпаведна 85,5 і 93,4 працэнта да ўзроўню мінулага года. Згалелі збожжавыя палеткі ў рэгіёне, ураджайнасць якіх гайдаецца ў межах 23 цэнтнераў зерня з гектара. У вобласці ёсць раёны, якія працяглы час застаюцца ў шэрагу дэпрэсіўных з надзвычай нізкімі заробкамі працаўнікоў, – гэта найперш Кармянскі і Лоеўскі.

Праблемнымі застаюцца прамысловыя прадпрыемствы. Той жа «Гомсельмаш» за мінулы год спрацаваў з чыстымі стратамі на 407 мільёнаў рублёў – такія лічбы дадзены ў справаздачы, змешчанай на адзіным партале фінансавага рынку. Завод вінен 1,1 мільярда рублёў па доўгатэрміновых абавязальніцтвах і 512 мільёнаў рублёў па кароткатэрміновых крэдытах. Дзяржава вымушана ратаваць прадпрыемства.

Беларускі металургічны завод, які знаходзіцца ў Жлобіне, у 2020 годзе чыстага прыбытку атрымаў толькі 36 тысяч рублёў.

Відаць, нездарма Аляксандр Лукашэнка, прадстаўляючы актыву Гомельшчыны новага кіраўніка аблвыканкама, зазначыў: «Мы не можам загубіць Гомельскую вобласць, і мы яе не загубім. Гэта выключана. Нават калі ўсе вы адмовіцеся ад гэтай ідэі аднавіць магутнасць гомельскай зямлі, мы пойдзем з іншымі людзьмі. Мы павінны аднавіць Гомельшчыну. Гэта цудоўны край, і лепшага куточка ў нас няма. Гэта асаблівы край Беларусі, і мы яго абавязкова захаваем».

Як змяніць сітуацыю ў аграрным сектары рэгіёна, кіраўнік дзяржавы таксама вызначыў. «Трэба навесці парадак ў вобласці, вызначыцца з севазваротамі, падключыць прамысловасць, гарады да пад’ёму сельскай гаспадаркі. Гэта будзе ваша задача. І калі ўжо прынялі рашэнне, то да трох не трэба гаварыць. Зараз час такі – ваенны. Каб мы паменш якойсьці цяганінай, бюракратызмам займаліся», – азадачыў актыў Лукашэнка.

Новаму старшыні Гомельскага аблвыканкама Івану Крупко – 47 гадоў, родам ён з Карэліцкага раёна, што на Гродзеншчыне.

Публікацыя з № 100 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»