Аляксандр Фядута

Аляксандр Фядута абвясціў медыцынскую забастоўку – ён адмаўляецца прымаць таблеткі. А яшчэ ў вядомага публіцыста і філолага дыягнаставалі вострую сардэчную недастатковасць: у следчым ізалятары на Валадарскага ў яго здарыўся прыступ стэнакардыі і арытміі. Такую інфармацыю распаўсюдзілі праваабаронцы.

Нагадаем: Аляксандр Фядута – адзін з фігурантаў крымінальнай справы аб змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. «Народная Воля» звязалася з жонкай Фядуты Марынай Шыбко: магчыма, яна ведае апошнія навіны пра мужа?

– Яму не аддаюць сшыткі, у якіх ён пісаў пра Уладзіміра Караткевіча, – распавяла Марына. – Саша працаваў амаль дзевяць месяцаў і папрасіў следчага, каб той перадаў гэтыя сшыткі мне. Абяцалі перадаць, але так і не перадалі.

Апошні раз адвакат наведвала  Аляксандра Іосіфавіча ў мінулы чацвер.  Наступным разам яна павінна сустрэцца з ім толькі пасля Новага года.

– Я даведалася, што з 21 снежня муж адмовіўся прымаць лекі з-за таго, што яму не аддаюць гэтыя сшыткі, – кажа Марына. – Ён гаворыць, што гэта ягоная інтэлектуальная ўласнасць: аддайце альбо жонцы, альбо мне. У 2010 годзе, між іншым, мне сшыткі з ягонай творчасцю перадавалі амаль адразу. Папярэдне, канешне, іх праглядалі, але перадавалі.

Прыступ сардэчны ў яго сапраўды быў, больш частай стала арытмія. Але ж, вы ведаеце, у яго цэлы букет захворванняў…

Апошні ліст ад мужа, напісаны 15  снежня, Марына Шыбко атрымала  амаль два тыдні таму.

– Магчыма, гэтымі днямі яшчэ нешта будзе, – гаворыць Марына. –Лісты ідуць не вельмі добра. То зусім няма, а то адразу пяць! Сказаў, што ў СІЗА на Валадарскага ў яго камера на 15 чалавек і месца цяпер больш – можна лёгка рабіць зарадку. Залячыў зуб, адзначыў, што «стаматолаг – дама прыемная і ўважлівая». Атаварыўся ў «крамцы», дзе замовіў маянэз і кетчуп, бо ў «амерыканцы» такога не дазвалялі. А яшчэ, паводле ягоных слоў, у гэтым новым замку мыццё ў душы лепшае: вада гарачая без перапынку, і мыццё даўжэй.

Некаторыя сакамернікі ведаюць АІФа яшчэ па «Беларускай дзелавой газеце», некаторыя папрасілі размаўляць з імі на беларускай мове, што яму было прыемна.

Марына Шыбко не ведае, ці стаў апошнімі днямі Аляксандр Іосіфавіч прымаць лекі.

– Але я, як толькі даведалася пра ягоны пратэст, адразу напісала яму ліст пра тое, што гэта глупства, – гаворыць яна. – Не ведаю, магчыма, ён ужо пачаў прымаць таблеткі… Без лекаў яму не жыць. І ён гэта ведае…

Публікацыя з № 100 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»