(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–99.)

28. Зыгмунт Урублеўскі (28 кастрычніка 1845 г. – 10 красавіка 1888 г.)

Зыгмунт Урублеўскі – фізік, педагог, адзін з заснавальнікаў фізікі і тэхнікі нізкіх тэмператур, прафесар Ягелонскага ўніверсітэта. Лічыцца заснавальнікам фізічнай школы Польшчы.

Урублеўскі нарадзіўся ў Гродне ў небагатай шляхецкай сям’і. Скончыў у 1862 годзе гімназію ў Гродне і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Універсітэта Св.Уладзіміра ў Кіеве. За ўдзел у паўстанні 1863 года быў сасланы на шэсць гадоў у Сібір (два гады правёў у Томску, потым быў пераведзены ў Цывільск Казанскай губерні).

Вышэйшую адукацыю атрымаў у Берлінскім універсітэце. Працаваў у фізічных лабараторыях Германіі і Францыі пад кіраўніцтвам славутых фізікаў Г.Гельмгольца, Г.Кірхгофа, Ф.Жалі, А.Кунта. У 1874 годзе абараніў у Мюнхене дысертацыю «Эксперыментальнае даследаванне магчымасці ўзбуджэння электрычнасці механічнымі сродкамі» на ступень доктара філасофіі, а праз два гады, у 1876 годзе, у Страсбургу навуковую працу «Аб дыфузіі газаў праз абсарбавальныя субстанцыі», станоўчы водгук на якую даў Дж.Максвел (надрукаваны ў часопісе «Nature»). У 1882 годзе быў запрошаны ў Кракаў, дзе заняў пасаду загадчыка кафедры фізікі Ягелонскага ўніверсітэта. З 1888 года – дэкан фізічнага факультэта ўніверсітэта. У 1883 годзе арганізаваў там першую фізічную лабараторыю – «Фізічны інстытут» – для правядзення навуковых даследаванняў і практычных заняткаў са студэнтамі.

Навуковыя даследаванні З.Урублеўскага прысвечаны дыфузіі газаў, фізіцы і тэхніцы нізкіх тэмператур. Сумесна з К.Альшэўскім, прафесарам хіміі Ягелонскага ўніверсітэта, у красавіку 1883 года ўпершыню ў свеце атрымаў вадкі кісларод у вымернай колькасці, звадкаваў азот і вокіс вугляроду, правёў у 1884 годзе серыю эксперыментаў па звадкаванні вадароду. Упершыню вызначыў крытычныя тэмпературы вокісу вугляроду (1883), кіслароду і азоту (1885–1888). Працы З.Урублеўскага канчаткова абверглі метафізічныя погляды пра так званыя «пастаянныя» газы (несціскальныя, якія немагчыма пераўтварыць у вадкасць) і паклалі пачатак шырокім даследаванням у галіне фізікі нізкіх тэмператур. Устанавіў залежнасць паміж крытычнымі велічынямі тэмпературы і ціску для газаў (вядома як «тэарэма Урублеўскага»). Зыгмунт Урублеўскі выканаў першыя ў свеце даследаванні электраправоднасці металаў пры нізкіх тэмпературах, у прыватнасці вызначыў велічыню электрычнага супраціўлення медзі пры тэмпературы, блізкай да абсалютнага нуля.

З’яўляўся членам-карэспандэнтам Польскай акадэміі навук (1883), Венскай акадэміі навук (1886). За фундаментальныя даследаванні ў галіне фізікі нізкіх тэмператур у 1886 годзе Венская акадэмія навук прысудзіла З.Урублеўскаму прэмію імя Баўмгартнера. Быў ганаровым членам Таварыства фізікі і гісторыі прыродазнаўства ў Жэневе і Таварыства садзейнічання навуцы ў Львове.

Трагічна загінуў у выніку пажару ў фізічнай лабараторыі. Пахаваны на Ракавіцкіх могілках у Кракаве. На надмагільнай пліце выбіты словы: «Нарадзіўся ў Гродне. Служыў Айчыне. Памёр дзеля навукі». Мемарыяльныя дошкі з барэльефам З.Урублеўскага ўстаноўлены ў акадэмічным касцёле Святой Ганны ў Кракаве і ў Фарным касцёле ў Гродне.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 100 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»