Іван Яркоўскі

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–99.)

28. Іван Восіпавіч Яркоўскі (12 мая 1844 г. – 21 студзеня 1902 г.)

Іван Восіпавіч Яркоўскі – інжынер-тэхнолаг, даследчык у галіне фізікі, хіміі, метэаралогіі, паветраплавання.

Нарадзіўся ў г.Асвея Дрысенскага павета Віцебскай губерні (цяпер Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці), паходзіў са старадаўняга шляхецкага роду герба Корсак.

Пачатковую адукацыю атрымаў у школе пры Петрапаўлаўскай царкве ў Маскве, скончыў Маскоўскі Александрыйскі сіроцкі кадэцкі корпус (1868), Пецярбургскі тэхналагічны інстытут са званнем тэхнолага 1-га разраду (1870). У 1872 годзе пасля абароны дысертацыйнай працы «Праект машыны для водазабеспячэння і тэарэтычнае даследаванне механізма» атрымаў званне інжынера-тэхнолага (экзэмпляр яго дысертацыі захоўваецца ў Пецярбургу ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына).

Працаваў у Мінску зборным майстрам у чыгуначных майстэрнях Маскоўска-Брэсцкай чыгункі (1872–1874), начальнікам дэпо ў Смаленску (1874–1876), начальнікам вагонных майстэрняў Маскоўска-Брэсцкай чыгункі ў Маскве (1876–1894), упраўляючым Неўскага механічнага завода і суднабудаўнічага завода (1894–1897), памочнікам галоўнага ўпраўляючага заводамі Акцыянернага таварыства Мальцава (1897–1901).

У 1887 годзе, для таго каб растлумачыць сусветнае прыцягненне, І.Яркоўскі прапанаваў «кінетычную гіпотэзу», скарыстаўшы потым асноўныя яе палажэнні для аналізу фізіка-хімічных і метэаралагічных з’яў. Сукупнасць высноў, якія атрымаў аўтар, звязаны ў адно цэлае асноўнай ідэяй і прадстаўляюцца ў выглядзе філасофскага спалучэння разрозненых навуковых ідэй, выказаных у дачыненні да розных з’яў прыроды. Ужо летам 1888 года праца І.Яркоўскага «Сусветнае прыцягненне як вынік утварэння важкай матэрыі ўнутры нябесных цел: Кінетычная гіпотэза» з’явілася ў друку спачатку на французскай мове, а ў 1889 годзе ў пашыраным і дапоўненым выглядзе – на рускай. У гэтай працы аўтар прапанаваў механічнае тлумачэнне прыцягнення. Сілу цяжару І.Яркоўскі разглядаў як вынік існавання накіраванага руху частак эфіру і яго ўсмоктвання праз паверхню любых цел. Ён вывеў формулу закона сусветнага прыцягнення, якая адрознівалася ад ньютанаўскай пераменным значэннем каэфіцыента сумернасці. На падставе кінетычнай гіпотэзы прапанаваў тэарэтычную канцэпцыю будовы як матэрыі, так і міжмалекулярных сіл, перыядычнасці хімічных элементаў і іх фізіка-хімічных уласцівасцяў. Прапанаваў арыгінальныя гіпотэзы зямнога магнетызму, вулканічнай дзейнасці, эвалюцыі зорак. Уяўленні І.Яркоўскага аб тым, што міжмалекулярныя сілы абумоўлены абменным узаемадзеяннем атамаў эфіру, знайшлі ў наш час новую інтэрпрэтацыю на падставе квантавамеханічных уяўленняў. Меркаванні пра тое, што перыядычнасць уласцівасцяў элементаў вызначаецца падабенствам атамных структур, знайшлі пацвярджэнне ў законе перыядычнай будовы атамных абалонак Д.Мендзялеева. Магчымасць вылучэння целам энергіі, дзякуючы яго ўнутранай будове, пацвердзілася праз гады адкрыццём радыю. Кінетычная гіпотэза І.Яркоўскага – гэта, па сутнасці, праграма аб’яднання гравітацыйных і электрамагнітных палёў на падставе ўяўлення аб эфіры.

У 1889 годзе вучоны прапанаваў канструкцыю вертыкальнага вадатрубнага параўтваральніка, якая атрымала прывілею тэрмінам на 10 гадоў. Праводзіў даследаванні па выбары аптымальных параметраў змазачных маслаў і даследаваў уплыў розных гатункаў масла на зніжэнне затрат пры трэнні.

І.Яркоўскі сканструяваў прыстасаванне для вымярэння паскарэння свабоднага падзення, якому даў назву «гравітаскоп»; праводзіў работы па аэрадынаміцы; эксперыментальным шляхам выявіў залежнасць супраціўлення паветра ад плоскасці крылаў, вугла нахілу і хуткасці руху; вывеў формулу для разліку аэрадынамічнага супраціўлення і пад’ёмнай сілы, падобную да формул М.Жукоўскага.

Асноўныя навуковыя працы І.Яркоўскага: «Сусветнае прыцягненне як вынік утварэння важкай матэрыі ўнутры нябесных целаў:  Кінетычная гіпотэза» (1888, 1889, 1912), «Новы погляд на прычыны метэаралагічных з’яў» (1891), «Будова матэрыі і міжмалекулярныя сілы» (1894), «Захапленне матэматычнымі тэорыямі ў сучаснай навуцы» (1893), «Шчыльнасць светлавога эфіру і супраціўленне руху, якое ён аказвае» (1893). Вынікі яго навуковых прац былі прыняты і ацэнены сучаснікамі. Ён быў членам Рускага фізіка-хімічнага таварыства, Рускага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і антрапалогіі, Рускага тэхнічнага таварыства, Таварыства тэхнолагаў.

У апошнія месяцы жыцця знаходзіўся ў Германіі. Памёр у шпіталі г.Гайдэльберга.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 100 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»