Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Пры ўездзе ў Маладзечна службоўцы затрымалі тутэйшага дзялка, які без дакументаў вёз у каністрах больш за тону элітнай гарэлкі і каньяку. Дзялок даводзіў, што напоі прызначаліся «для асабістага спажывання».

Як на прадукцыю ў дзялка
Няма належнае паперы –
Лічы, махлярыць спадцішка
І, так бы мовіць, бізнес шэры.
А гэта значыць, што казна
Не багацее на падаткі,
Хаця і так, на жаль, яна,
Прабачце, мае выгляд гадкі.
Выдатна ведаў той дзялок,
Што ў нас становішча такое.
Аднекуль зблізку ці здалёк
Прывёз спіртовыя напоі.
Там і гарэлка, і каньяк –
Калі агулам, больш за тону!
Напоі тыя вып’е ўсмак
Той, хто не жлукціць самагону.
Аднак махлярскі меў намер,
Была, напэўна, «левай» тона,
Бо не было ў дзялка папер,
Што тону ён прыдбаў законна,
Хаця напраўду алкаголь
Не сурагатны ўсё ж, а чысты…
Ды ў нас цяпер паўсюль кантроль –
Не дрэмлюць нашыя службісты!
Яны схапілі за руку,
Бо не было на слова веры.
Пытанне слушнае дзялку:
– А дзе на твой тавар паперы?
Не разгубіўся той аднак,
Захоўваў выгляд зухаваты:
– Я сам гарэлку і каньяк
Збіраўся ў будні піць і ў святы!
Зусім не трэба мець папер,
Калі сабе купляеш штосьці!
Разлічваў, што яму цяпер,
Як кажуць, не дадуць у косці
І не надумаюць яны
Яго пазбавіць алкаголю.
Ды хто ж у нас цяпер дурны?
– Ты, я гляджу, нап’ешся ўволю, –
Службіст не рассмяяўся ледзь,
І тым не менш стрымаўся ўсё-ткі. –
Хацеў бы вельмі паглядзець,
Як цераз край пальецца з глоткі…
На самай справе каньяку
Службісты не далі ні кроплі,
Каб весялей было дзялку.
А конча суд расставіць кропкі.
Дзялок панёс нямала страт,
Як кажуць, ён цяпер у яме.
Затое гэты канфіскат
Не застаіцца доўга ў краме…

***
А пакараць патрэбна як?
Няхай бы сапраўды да скону
Ён заліваў у свой гарляк
Гарэлку тую і каньяк.
І ці паспеў бы выпіць тону?

Характэрныя рысы

Калега мой сказаў няблага:
«Геройства, мужнасць і адвага –
Такія рысы маюць людзі,
Калі ўзялі яны на грудзі…»

Адпеты грэшнік

Ён жыў (і разлічваў на рай)
У гэтакім блудзе і брудзе,
Што ў пекле пачуў:
– Выбачай,
Ды ў нас тут прыстойныя людзі…

Колькі ж акон?

Факт непрыемны для бацькоў:
У школу выклікаюць зноў.
Там гаварыцьмуць пра адно:
Сыночак зноў разбіў акно.
І бацька ўсклікнуў (злосны ён):
– Зараза! Колькі ж там акон?

Чаму маўчыць жонка?

– Два з брыльянтамі пярсцёнкі
І калье набыў для жонкі,
Дык тры тыдні ўжо – ні слова.
– А чаму?
– Такая ўмова.

Крык пра каву

Знаёмы мой сказаў на славу:
– Зявок – маўклівы крык пра каву.

Пахвала мацюком

Сказаў рабочы – смех дый годзе! –
Мяне адвёўшы ўбок цішком:
– Хто не працуе на заводзе,
Таго не хваляць мацюком…

Публікацыя з № 100 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»