Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Каб прадухіліць развод і вярнуць жонку, 45-гадовы жыхар Лепельскага
раёна падключыў да электрасеткі яе аўтамабіля самаробнае выбуховае
ўстройства. Пры павароце ланцуг павінны быў замкнуцца. Жонку і 14-
гадовую дачку выратавала тое, што «сапёр» падключыў устройства не да таго
проваду.

Знае толькі блізкая радня,
З-за чаго той шлюб такі няўдалы.
Можа быць, сварыліся штодня,
Сталі завядзёнкаю скандалы;
Як пухір, магчыма, з года ў год
Выспяваў раздрай, дваім на гора.
І нарэшце – выбух:
– На развод
Падала заяву пазаўчора.
Я дачку выхоўвацьму сама…
Пажылі як ворагі – і годзе…
Дзіўнага нічога ў тым няма,
Бо разводы, кажуць, сёння ў модзе.
А дзяцюк змірыцца з тым не мог,
Што яе «таптацьме» іншы хтосьці:
То прасіў, валяўся каля ног,
То гатовы быў забіць ад злосці.
Ды была няўмольнаю яна,
Хоць і цалаваў сужэнец ногі:
– Досыць! Надакучыла вайна!
Розныя цяпер у нас дарогі…
«Каб вярнуць ранейшую вагу,
Я пайду на акцыю любую.
Упрасіць, – падумаў, – не магу,
Дык хоць запалохаць паспрабую.
Прыбяжыць сама ці пазаве –
Не праз дзень,
Дык хай сабе праз тыдзень…»
Цяжка мне ўмясціць у галаве
Тое, што прыдумаў гэты злыдзень.
Змайстраваў, напружыўшы глузды,
Бомбу саматужную ці міну
(Розуму хапіла ў гламазды!)
І падклаў у жончыну машыну –
Да яе падкраўся спадцішка.

І не хвалявала, што таксама
Можа стаць ахвяраю дачка…
Дзякуй богу, не збылася драма,
Не дайшло да гора ці бяды,
Збэсцілася акцыя ў падлюкі:
Пераблытаў злыдзень правады –
Што ні гавары, дрыжэлі рукі.
І цяпер упэўненыя мы:
Будзе ён за кратамі, вядома.
Толькі, перш чым везці да турмы,
Варта ўсё ж адвезці да дурдома…

***
Зрэшты, а на што разлічваў ён?
Мусібыць, мужчына меў на мэце:
Нават калі будзе ёй гамон,
Разам зажывуць у іншым свеце.
Толькі не сышліся б зноў, бадай,
Каб яе асколкамі пасекла,
Бо яна патрапіла б у рай,
А яму прытулкам стала б пекла…

Заказ на патоп

Позняя ноч. Недавольны мужчына
Зверху да шумных суседзяў ідзе.
– Музыку сцішце! Заснуць немагчыма!
Не паважаеце іншых людзей!
– Музыку слухаць не хочаш такую?
Вушы заткні, як яна неўспадоб!
– Вашыя словы я гэтак талкую:
Вы заказалі на заўтра патоп…

І «прычына» не выспалася…

Сваім сябрам паскардзіўся хлапчына:
– У памяці маёй як быццам яма –
Не выспаўся я сёння…
– А прычына?
– Прычына вельмі сонная таксама.

Пільныя бабулі

Характар у бабуль заўжды цікаўны,
Усё яны трымаюць на кантролі.
А тыя, што сядзяць паблізу саўны,
Бадай, не памыляюцца ніколі…

Не вечарам, а днём

– Прыгажуня, можа, з вамі разам
Вечар незабыўны правядзём?
– Замужам я ўжо, – было адказам. –
Так што нам сустрэцца лепей днём.

Публікацыя з № 99 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»