Леанід Судаленка

Жонка гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі распавяла «Народнай Волі» пра дзяцей, мужа, які знаходзіцца за кратамі, і пра спатканні з ім.

Леанід Судаленка зараз у гомельскім СІЗА чакае апеляцыі ў абласным судзе, бо не згодны з вынесеным прысудам – тры гады калоніі за «масавыя беспарадкі».

«Вось ужо месяц, як я знаходжуся ў статусе асуджанай асобы, – напісаў Леанід на волю. – Пры гэтым асуджаны, як і мае быць «ворагу народа», да максімальнай меры.

Чалавек у мантыі суддзі нават аднаго дня не знайшоў для малалетняга Мікіты. (Суддзя Сяргей Салоўскі адмовіў Судаленку ў спатканні з яго малодшым сынам Мікітам. – Аўт.). Бог, як той казаў, яму суддзя. Я дакладна ведаю, што прысуд ён вынес не толькі мне».

– Відаць, гэта Леанід падаваў заяву на спатканне з Мікітам, але яму адмовілі, – кажа Аксана, жонка праваабаронцы. – Праўда, я не хацела, каб наш сын наогул пераступаў парог ізалятара, і мы гэта абмяркоўвалі з мужам. Я хадзіла на спатканне з Леанідам, старэйшыя дзеці сустракаліся з бацькам, але ж яны ўжо дарослыя – умеюць аналізаваць сітуацыю. І нават мы адчувалі сябе некамфортна ў пакоі для спатканняў, на сустрэчы было вельмі складана ў псіхалагічным плане.

А Мікіту, як ужо казала, у турму ніколі не павяду, нават на сустрэчу з бацькам. Таму, калі суддзя адмовіў у спатканні Леаніда з малодшым сынам, асабіста для мяне гэта праблемай не стала, бо і сама была супраць.

Раней сустрэчы практычна не дазвалялі, але пасля агалошвання прысуду на спатканні з мужам я хадзіла ўжо два разы. Была нават здзіўлена, калі мой старэйшы сын прыехаў з іншага горада і яму таксама падпісалі дазвол на спатканне літаральна за 10 хвілін. Такога ніколі не было раней.

Дарэчы, напярэдадні Новага года я і двое старэйшых сыноў папрасілі яшчэ адну сустрэчу з Леанідам, і, спадзяюся, што адмовы не будзе. А Мікіту, як ужо казала, пакідаем дома. У нас у сям’і зараз з’явіліся пэўныя праблемы, і трэба з мужам усё гэта абмеркаваць. Парада таты для нас вельмі важная. Ён галава сям’і, заўсёды вырашаў любыя пытанні за ўсіх, і нам без яго зараз вельмі складана.

Але, відаць, сам Леанід хоча ўбачыць малодшага сына…

– Хоча, бо Мікіта – яго любімчык. Але ж я не хачу, каб сын бачыў тату ў такіх умовах, у турме. Мікіта вельмі ўражлівы хлопчык. Краты, шэры пакой, дагляд на ўваходзе… Для дзіцячай псіхікі гэта будзе складана.

Адсутнасць спатканняў бацькі з малодшым сынам стараемся кампенсаваць фотаздымкамі. І зараз я, дарэчы, рыхтую фотападборку да Новага года, бо за апошні час Мікіта вельмі змяніўся – з дзіцяці літаральна на вачах ператварыўся ў 12-гадовага падлетка. І знешне, і ўнутрана.

Дарэчы, Мікіта з татам вядзе асобную перапіску, і мы адзначылі такую дэталь: калі лісты ад мужа прыходзяць мне ці старэйшым дзецям, то на іх стаіць пазнака цэнзара. А вось на лістах Леаніда да Мікіты пазнакі, што пісьмо прыйшло з СІЗА, няма.

Мы пэўны час утойвалі ад малодшага, што тата трапіў у турму, але ж вы разумееце, што ў век інтэрнэту нешта схаваць складана. Дзеці лёгка знаходзяць неабходную інфармацыю, перадаюць яе іншым. І пра арышт таты Мікіта даведаўся ад аднакласнікаў.

Але зараз у Мікіты з бацькам перапіска настолькі даверчая – як у мамы з дачкой. Сын распавядае пра свае праблемы, дасягненні, захапленні. Леанід дае нейкія парады. 6 снежня Мікіта атрымаў паштоўку, мне дайшоў ліст, хаця да гэтага два тыдні ніякіх вестак не было.

– Стаўленне аднакласнікаў да Мікіты ў школе не змянілася?

– На гэтую тэму ў школе ніякіх размоў няма, хаця ў сёмым класе падлеткі ўжо дасведчаныя і пра сітуацыю ўсе ведаюць. Раней дзеці, безумоўна, пэўным чынам абмяркоўвалі гэтую тэму, бо чулі на кухнях, што казалі іх бацькі. А Леаніда вельмі шмат людзей у Гомелі добра ведаюць.

Мікіта – лідар у класе, таму адразу даў усім зразумець, што тэма яго таты закрыта. І аднакласнікі паслухаліся. Дарэчы, дзеці даволі часта прыходзяць да нас дадому, і я не супраць гэтага.

– А як малодшы вучыцца?

– Скажам так: моцны серадняк. Ацэнкі – ад сямёрак да дзявятак. Але задача для сямікласніка – не нахапаць добрых адзнак, а зразумець матэрыял такім чынам, каб змог веды ў будучым прымяніць. У нас пакуль усё атрымліваецца.

Старэйшы сын Леанід ажаніўся, жыве з сям’ёй у Мінску. А сярэдні – Кірыл – са мной і Мікітам. Яшчэ вучыцца, хаця з верасня пачаў ужо і працаваць. Мае мужчыны мне дапамагаюць…

***

ТЫМ ЧАСАМ

Мы патэлефанавалі суддзі суда Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргею Салоўскаму і задалі яму пытанне: «Чаму вы не дазволілі Леаніду Судаленку спатканне з яго малодшым сынам? На якіх падставах гэта было зроблена?»

Сяргей Аляксандравіч не захацеў нічога тлумачыць і адказаў коратка: «Калі ў вас ёсць нейкія пытанні, то звяртайцеся ў прэс-службу Гомельскага абласнога суда».

Публікацыя з № 99 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»