Яўгеній і Данута Дарагушы

Гродзенская сям’я вырошчвае і здае ў арэнду ялінкі на навагоднія святы. Затым іх забірае і высаджвае нанова на сваім полі. Летась удалося аднавіць 80 працэнтаў дрэў.

Не паднялася рука ссекчы

Яўгеній і Данута Дарагушы паводле адукацыі зусім не эколагі, але тое, чым яны зараз займаюцца, цалкам падпадае пад паняцце «экалагічны праект». Побач з вёскай Каробчыцы Гродзенскага раёна маладыя людзі маюць каля гектара зямлі і ўжо дзесяць гадоў вырошчваюць ягады годжы.

Данута паводле адукацыі харэограф, Яўгеній – праграміст. Але ў жыцця заўсёды свае планы.

– Так атрымалася, што ў нас на частцы зямельнага надзелу нічога не хацела расці, – распавядае Яўгеній. – Я прапанаваў пасадзіць елачкі, каб потым іх прадаваць пад Новы год.

Так некалькі гадоў таму яны набылі каля тысячы трохгадовых саджанцаў і самі за дзень іх пасадзілі. Ялінкі аказаліся непатрабавальнымі і хутка пачалі расці.

– Калі ялінкі можна было прадаваць, ні ў мяне, ні ў жонкі не падымалася рука іх ссекчы, – згадвае Яўгеній. – І Данута прапанавала іх выкопваць, садзіць у гаршкі і так прадаваць.

Праўда, потым паўстала праблема: што рабіць з елкамі і гаршкамі пасля святаў? Прыдумалі: трэба дрэўцы не прадаваць, а здаваць у арэнду, а потым забіраць назад і нанова высаджваць на сваім полі.

Першы блін – зусім не комам

Новую ідэю выпрабавалі на сваіх сябрах і знаёмых летась. Аддавалі дрэвы ў арэнду за 10 рублёў. А пасля ўсяго аднаго паста ў «Інстаграме» ялінкамі ў гаршках зацікавіліся іншыя людзі. Справа пайшла, прычым ялінак хапала, а вось гаршкі давялося набываць. Арэндную плату павялічылі да 15 рублёў, потым – да 20, 25… Пасля святаў сабралі свой «перасоўны лес» і зноў высадзілі ў зямлю.

– 80 працэнтаў ялінак прыжыліся! – з радасцю распавядае Яўгеній.

Сёлета бізнес вырашылі пашырыць і набылі ў пітомніку дарослыя дрэвы адмыслова для таго, каб здаваць іх у арэнду. Асаблівую ўвагу надаюць таму, каб пры выкопванні расліны не былі пашкоджаны карані.

– Мы самі едзем у пітомнік і выкопваем дрэўцы. Тады ёсць гарантыя, што іх можна будзе пасадзіць нанова пасля святаў, – кажа мой суразмоўца.

Дарэчы, на сайце, дзе можна заказаць ялінку, гродзенцы змясцілі падрабязную інструкцыю, як абыходзіцца з ялінкай, пакуль яна стаіць у гаршку.

Што датычыцца прыбытку, то Яўгеній кажа, што ў кожнай справе ёсць свая камерцыйная таямніца. Праўда, гаворыць гэта задаволеным тонам.

Сёлета навагоднія прыгажуні ў гаршках і кадушках паедуць яшчэ і ў Мінск. На сваім сайце гаспадары змясцілі аб’яву, што арганізуюць дастаўку 100 дрэў у сталіцу, паколькі многія праз інтэрнэт звярталіся з пытаннем, як атрымаць экалагічную ялінку.

Творчасць ва ўсім

Дарагушы – людзі творчыя, таму крэатыў адчуваецца ва ўсім, што яны робяць. У Гродне ялінкі Яўгеній дастаўляе заказчыкам у адзенні Дзеда Мароза. На сайце таксама можна замовіць невялічкія падарункі для дзяцей. У выніку адбываецца цэлае прадстаўленне.

– Дзеці рады, бацькі таксама – сапраўдны Новы год! – не хавае задавальнення Яўгеній.

Дарэчы, сёлета ўзяць ялінку ў арэнду ў Гродне можна па 40–60 рублёў, у Мінску – па 70–90.

На што толькі не здольная прыватная ініцыятыва!..

Публікацыя з № 99 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»