Андрэй Грамыка

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–98.)

26. Андрэй Андрэевіч Грамыка (18 ліпеня 1909 г. – 2 ліпеня 1989 г.)

Андрэй Андрэевіч Грамыка – дзяржаўны дзеяч, дыпламат. Доктар эканамічных навук (1956), двойчы Герой Сацыялістычнай Працы (1969, 1979), лаўрэат Ленінскай прэміі (1982) і Дзяржаўнай прэміі СССР (1984).

А.Грамыка нарадзіўся ў вёсцы Старыя Грамыкі Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Паходзіў з беднай сялянскай сям’і. У 1932 годзе скончыў эканамічны інстытут у Мінску. З 1939 года – на дыпламатычнай службе.

Яго кар’ера распачалася імкліва – у жніўні 1943 года 34-гадовы А.Грамыка быў прызначаны паслом СССР у Вашынгтоне. Малады дыпламат апынуўся ў цэнтры міжнародных падзей. Ён браў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні Ялцінскай і Патсдамскай канферэнцый 1945 года кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі па выніках Другой сусветнай вайны. У 1945 годзе А.Грамыка ад імя Савецкага Саюза падпісаў Статут ААН на канферэнцыі ў Сан-Францыска. У 1946 годзе быў прызначаны пастаянным прадстаўніком СССР у Савеце Бяспекі ААН і адначасова намеснікам міністра замежных спраў СССР. На працягу 1952–1953 гадоў быў паслом Савецкага Саюза ў Вялікабрытаніі. У 1953 годзе А.Грамыка вярнуўся ў Маскву і быў зноў прызначаны першым намеснікам міністра замежных спраў краіны.

З 1957 года пачынаецца працяглы перыяд знаходжання А.Грамыкі на пасадзе міністра замежных спраў СССР – да 1985 года. Дыпламат атрымаў шырокую вядомасць дзякуючы глыбокім ведам міжнародных праблем, унікальнай памяці, мастацтву весці перамовы, а таксама шматлікім сустрэчам з кіраўнікамі замежных краін і ўрадаў. А.Грамыка сустракаўся з дзевяццю амерыканскімі прэзідэнтамі, але, як адзначаў сам дыпламат, сустрэча з Дж.Кенэдзі падчас Карыбскага крызісу 1962 года была самай цяжкай з усіх сустрэч.

Да асобых заслуг А.Грамыкі як дыпламата і міністра замежных спраў СССР адносіцца падпісанне шэрагу важных міжнародных дагавораў, у ліку якіх Дагавор аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі ў атмасферы, у касмічнай прасторы і пад вадой ад 5 жніўня 1963 года, дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ад 1 ліпеня 1968 года, а таксама дамовы аб абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў (ПРА і АСВ-1), падпісаныя ў 1972–1973 гадах.

У 1977–1979 гадах А.Грамыка браў удзел у перамовах з дзяржсакратаром ЗША С.Вэнсам, а затым з прэзідэнтам Дж.Картэрам, якія прывялі да падпісання 18 чэрвеня 1979 года Дагавора АСВ-2 паміж СССР і ЗША.

У 1973 годзе А.Грамыка становіцца членам Палітбюро ЦК КПСС, а ў 1983-м – першым намеснікам Старшыні Савета Міністраў СССР.

У 1985 годзе А.Грамыка пасля абрання М.Гарбачова Генеральным сакратаром ЦК КПСС пакідае пасаду міністра замежных спраў і становіцца Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. 30 верасня 1988 года ён выходзіць у адстаўку. У гэтым жа годзе выдаецца яго аўтабіяграфія «Андрей Громыко. Памятное» на рускай мове, а ў 1990-м – у брытанскім выдавецтве «Хатчынсан» на англійскай.

Памёр у Маскве. У Гомелі яму ўстаноўлены бюст. У 1999 годзе ў Маскве адбылася канферэнцыя, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння дыпламата.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 98 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»