Пастырскае пасланне Арцыбіскупа Юзафа СТАНЕЎСКАГА, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага

Умілаваныя браты і сёстры! …Перад намі – святы Божага Нараджэння, пасля якіх мы сустрэнем новы каляндарны 2022 год.

…Паколькі мы стараліся выконваць слушныя заахвочванні і парады, то сёння чуем радасны спеў: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14)…

…Значэнне выразу «На зямлі спакой людзям добрай волі» можа быць перададзена таксама фразай «спакой людзям, якіх Пан умілаваў»… Менавіта Бог першым праяўляе да чалавека сваю добрую волю, жадаючы вызваліць яго ад граху і смерці…

Мы ведаем, што чалавек здольны выбіраць паміж дабром і злом, але гэты выбар часта звязаны з вялікім намаганнем. Мы жывём у пастаянным духоўным змаганні, а пыха і прывязанасць да ўласнай волі, што шукае задавальнення і асабістай выгады, часта прыводзяць нас да выбару зла.

Таму Бог … чакае ад чалавека запрашэння; чакае, каб падштурхнуць яго добрую волю. Толькі тады, калі чалавек добраахвотна дасць згоду, каб Хрыстус нарадзіўся ў ягоным сэрцы, ён знойдзе жаданы спакой…

…Урачыстасць Божага Нараджэння – гэта асаблівы час, калі «слабая добрая воля» вернікаў павінна заглыбіцца ў акіян Божай дабрыні.

Трэба прасіць Нованароджанага Езуса, каб гэтая дабрыня праз кожнага з нас пералівалася на іншых людзей, каб стала магчымым унутранае аднаўленне чалавека і духоўнае адраджэнне ўсяго грамадства. Гэта надзвычай важнае заданне для ўсіх, хто шукае і імкнецца да згоды і еднасці.

…Сёння патрэбны людзі добрай волі, гатовыя да добразычлівага дыялогу ва ўсіх сферах сямейнага і грамадскага жыцця. Мы не можам чакаць, пакуль іншыя стануць добрымі. Папа Францішак пастаянна нагадвае, што сучасны свет чакае ад нас, веруючых хрысціян, «Евангелля на далоні», гэта значыць чакае ад нас праведнага жыцця ў адпаведнасці з прынцыпамі Евангелля.

Аднак нельга забываць, што ўзаемнае праяўленне добрай волі павінна заўсёды адбывацца ў атмасферы пошуку праўды, а гэта патрабуе намаганняў і мужнасці. Бо мы як хрысціяне абавязаны не толькі раскайвацца і перапрашаць за свае грахі, але найперш абавязаны выконваць запаведзь любові да кожнага бліжняга. Бо ўсе мы – браты і сёстры, і ўсе мы з’яўляемся салідарна адказнымі за будаўніцтва грамадства… Папа Францішак … заклікае людзей добрай волі выходзіць па-за межы саміх сябе, адкрываючыся на бліжняга, згодна з дынамізмам любові, якая штурхае да «ўніверсальнага адзінства».

Папа Францішак заклікае да адраджэння «цуду ветлівасці» ў дыялогу, які называе «зоркай у цемры», вызваленнем з жорсткасці, страху і няўважлівай спешнасці, што дамінуюць у сучасным свеце.

…Наперадзе нас чакаюць радасныя дні святаў Божага Нараджэння, да якіх мы рыхтаваліся ў Адвэнце, што, на жаль, быў пазначаны пандэміяй каранавірусу. Нягледзячы на няпростыя выпрабаванні сучаснасці, не выпускайма з-пад увагі галоўнага героя гэтых святаў – Езуса Хрыста, Спрадвечнага Сына Божага, які, не перастаючы быць Богам, стаўся для нас чалавекам…

Сёння таямніца нараджэння Бога-Чалавека заклікае чалавецтва: «Прыміце дар дабра ад Бога і дзяліцеся ім паміж сабою». Акуніцеся ў гэтую добрую волю, якую Бог аказаў людзям, сыходзячы на зямлю. Няхай яна паселіцца ў сэрцах і розумах, няхай будзе прысутнай ва ўсіх сферах сямейнага і грамадскага жыцця і няхай дзейсна супрацівіцца ўплывам зла… Няхай паспрыяе нашаму паяднанню…

…Жадаю вам Божага бласлаўлення, радасці і шчасця на святы Божага Нараджэння. Няхай у новым 2022 годзе ад Нараджэння Збаўцы ў людзях добрай волі, якіх Бог умілаваў, здзейсніцца дэвіз душпастырскай праграмы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі «Праз адзінства, удзел і місію да Касцёла-супольнасці», дзякуючы дыялогу людзей з Богам і паміж сабой.

…На радасць сустрэчы і дыялогу з Богам, чалавека з чалавекам, грамадзяніна з грамадзянінам у Новым 2022 годзе, сардэчна бласлаўляю вас у Імя Айца, і Сына, і Духу Святога.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»