Эдвард Жаўрыд

На 83-м годзе пайшоў з жыцця вядомы вучоны-анколаг, даследчык, доктар медыцынскіх навук, прафесар Эдвард Антонавіч Жаўрыд.

Эдвард Жаўрыд у 1962 годзе скончыў лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. З 1966 года і па сёння працаваў у Рэспубліканскім навукова-даследчым інстытуце (зараз РНПЦ) анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава, у 1987 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Лячэнне злаякасных пухлін з ужываннем штучнай кіраванай гіпертэрміі і гіперглікеміі», сказана на сайце Міністэрства аховы здароўя.

Эдвард Жаўрыд стаў адным з заснавальнікаў новага накірунку ў анкалогіі – выкарыстанні высокіх тэмператур пры лячэнні злаякасных новаўтварэнняў.

Таксама ён першым у краіне арганізаваў клінічныя выпрабаванні лекавых сродкаў у анкалагічнай практыцы. Быў ініцыятарам і актыўным арганізатарам падрыхтоўкі і выдання першых пратаколаў дыягностыкі і лячэння злаякасных пухлін.

За распрацоўку і ўкараненне ў практыку метадаў лячэння злаякасных пухлін з выкарыстаннем гіпертэрміі і гіперглікеміі ў 1988 годзе ўдастоены ганаровага звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне навукі.

Той, хто хоць адзін раз звяртаўся да Эдварда Антонавіча па дапамогу, запомніць яго не толькі як высокапрафесійнага спецыяліста, але і спагадлівага, чуллівага чалавека. Ён лячыў людзей, не толькі выкарыстоўваючы самыя сучасныя методыкі, але і цёплым словам, а іншы раз і трапным жартам.

Такім прафесар Э.А.Жаўрыд быў, такім ён і застанецца ў памяці тысячы пацыентаў.

Бывайце, Эдвард Антонавіч! Няхай Вам будзе пухам наша родная беларуская зямля!

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»