Віталь Гуркоў

Беларускі шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе зараз трэніруе спартсменаў у суседняй краіне і ўжо мае першыя вынікі.

Нагадаем: Віталь Гуркоў з’ехаў ва Украіну летам 2020 года. Дадому не вярнуўся ў мэтах бяспекі – пасля выбараў на многіх заводзілі крымінальныя справы…

– За гэты час цалкам змянілася маё жыццё, – распавёў Віталь «Народнай Волі». – І не толькі я апынуўся ў такім становішчы, але і тысячы іншых беларусаў, якія вымушаны былі пакінуць краіну.

Гэты год стаў таксама лакмусавай паперкай, паказаў, хто з тваіх сяброў і знаёмых чаго варты.

Але ў той жа час нагоды для нейкага песімізму не было па той простай прычыне, што на гэта элементарна не хапала часу. Была праца, праца і яшчэ раз праца. Для выпрабавання ўласнага характару гэта даволі прадуктыўны год.

Зараз і сам трэніруюся, і іншых трэнірую. Акрамя таго, выступаю з гуртом на некаторых канцэртах.

Супрацоўнічаю з украінскай Федэрацыяй тайскага бокса. Прайшоў курсы трэнерскай перападрыхтоўкі, атрымаў адпаведны сертыфікат. І ўжо нават паспеў падрыхтаваць для зборнай Украіны спартсменку.

Варта адзначыць, што на нядаўнім чэмпіянаце свету па тайскім боксе ў Бангкоку ўкраінка Марыя Бярко, якую трэніруе Віталь Гуркоў, заваявала бронзавы медаль.

А вось беларускія спартсмены, якія традыцыйна лічыліся фаварытамі, упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі не заваявалі на першынстве ніводнага залатога медаля.

– Не веру, што ў бліжэйшчы час у беларускім тайскім боксе нешта зменіцца ў лепшы бок, так пракаментаваў правал беларусаў Віталь Гуркоў. Па меншай меры пакуль у беларускім спорце і ў федэрацыях будзе адбывацца пэўнага роду бардак. Пакуль кіруючыя пасады будуць займаць людзі, далёкія ад спорту. Пакуль будзе існаваць цяперашняя сістэма, пра добрыя вынікі казаць не даводзіцца. Сітуацыя сумная, няма аб’яднаўчых фактараў для дасягнення агульнага выніку. Усё раз’яднана, спартсмены самі па сабе. І гэта адбіваецца на выніках.

Калі я ездзіў на свой першы чэмпіянат свету ў 2003 годзе і там заваяваў золата, тады тайскім боксам у Беларусі кіраваў Яўген Дабратворскі. Гэта быў адзіны трэнер, які паехаў у складзе нашай дэлегацыі на першынство. Дабратворскі паспяваў усё: падрыхтаваць спартсменаў перад выхадам на рынг, размяць, псіхалагічна папрацаваць… А ў нас была каманда не менш за дзесяць чалавек. Больш за тое – ён не толькі паспяваў працаваць са зборнай, але яшчэ і развіваў тайскі бокс у краіне, займаўся рознымі адміністрацыйнымі справамі, вырашаў многія складаныя пытанні. Тады федэрацыяй кіравалі людзі, якія былі зацікаўлены ў поспеху сваёй справы. Былі і многія трэнеры, якія давалі вынік, але з часам іх адлучылі ад спраў.

Дарэчы, на чэмпіянаце свету адбыўся цікавы выпадак. У Бангкоку сустрэліся тры беларускія трэнеры: я – трэнер украінкі, другі хлопец працуе ў Польшчы, трэці – у Расіі. Гэта паказчык таго, што людзі, якія маглі б развіваць тайскі бокс у сябе дома, не знайшлі ў Беларусі для гэтага магчымасцяў.

Беларускую школу тайскага бокса ведалі ва ўсім свеце, гэта была візітная картка краіны. А сёння ад гэтай школы застаўся толькі цень.

Публікацыя з № 99 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»