Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У Бабруйску мужчына ўкраў з крамы 25 палак каўбасы, але з гэтай ношай далёка ўцячы не змог…

Народ наш не любіў вякоў спакон
Пранырлівых людзей зладзейскай масці.
Пляваць яны хацелі на закон,
У іх адно жаданне – нешта ўкрасці.
Хоць куш найбольшы маюць заўсягды
Панове, што дарваліся да ўлады,
Сухімі, як гаворыцца, з вады
Часцей за ўсіх выходзяць казнакрады.
І толькі калі грошы казнакрад
«Шуфлюе» з дапамогаю лапаты
(Лапатаю загрэбці можна шмат),
Яго, магчыма, выправяць за краты.
«Бяруць сваё» і дробныя чынкі –
Лапатай не грабуць, а толькі жменяй,
Таму здабытак іх сякі-такі –
Хто болей заграбе, хто трохі меней.
А тым, хто грошы гэтак не грабе,
Ад іх не можа захлынацца ў шчасці
(І перш за ўсё, вядома, галыцьбе),
Даводзіцца, дзе можна, проста красці.
Дзяцюк якраз лічыўся галыцьбой,
Бо ён не абцяжарваўся ў рабоце.
Аднак жа і яму, само сабой,
Патрэбна мець хаця б расінку ў роце.
Дый патрабуе страўнік не расы,
Бо ад яе карысці вельмі мала,
А патрабуе страўнік каўбасы,
Дзе ўсё ў камплекце – мяса ёсць і сала.
Але ў кішэні – толькі медзякі…
Дзяцюк прыдумаў іншую праграму,
Што дапаможа жэрці ў дзве шчакі.
Каб проста ўкрасці, ён прыджгаў у краму!
Каб быў дзяцюк не гэтакі дурны,
Для блізіру купіў бы бохан хлеба,
А каўбасу засунуў бы ў штаны.
Падумала б касірка: «Гэта ж трэба –
Сапраўднае багацце ў мужыка.
Галоўнае, што мае стан рабочы…»

Ахоўнікі глядзелі б спадцішка,
Зайздросцілі б і апускалі вочы…
Ды ў краме столькі шмат было каўбас,
Што ледзьве не згіналася паліца.
Рашыў, што трэба ўкрасці і ў запас
Дый варта з сябрукамі падзяліцца.
І палку не адну, а дваццаць пяць
Засунуў у штаны, куды папала.
Не дзіўна, што змаглі яго дагнаць
З такою ношай, калі даў ён драла.
Цяпер бядуе, мусібыць, дзяцюк,
Бо не займеў ён з вылазкі карысці:
Украўшы палак больш за дваццаць штук,
Ён нават і адну не змог пагрызці…

***

Каб трапіць у калонію-турму
На тэрмін невялікі,
Казнакраду
(У рэшце рэшт не аднаму яму)
Хачу я даць карысную параду:
Калі ўчыніць намерыўся крадзеж
(А сцібрыць штось заўсёды можна дзесьці),
Крадзі не столькі, колькі панясеш,
А столькі, колькі можаш сам ты з’есці.

Пашкадаваў сына

Сказала каханаму хлопцу дзяўчына:
– Цяжарная я…
Нараджу табе сына!
Заскача ад радасці, думала, ён,
Ды толькі заплакаў амаль маладзён,
Бо добра ён ведаў па ўласным жыцці,
Як цяжка дзіцяці без бацькі расці…

Не расказвай цешчы анекдоты

Калі з цешчай жыць няма ахвоты,
Дык трымай параду ў галаве:
Не расказвай цешчы анекдоты –
Той, хто больш смяецца, больш жыве…

Пялёсткі руж

Нарэшце шлюб! Нарэшце жонка й муж!
Ды з часам (гэта помніць варта ўсё-ткі)
Раскіданыя ў вас пялёсткі руж
Ўвасобяцца ў шкарпэткі і калготкі…

Сапраўднае мастацтва

Мастак за чаркай мне прызнаўся весела,
Калі мы з ім дайшлі да панібрацтва,
Што маляваць карціны – то прафесія,
Іх прадаваць – сапраўднае мастацтва!

Досыць сказаць, што стары

Бывае, жонка мужа марна просіць
Зрабіць хоць штосьці ў хаце ці ў двары.
Не варта траціць час і нервы! Досыць
Сказаць, што ён для справы ўжо стары…

Публікацыя з № 98 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»