Шымон Перэс

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–97.)

25. Шымон Перэс (16 жніўня 1923 г. – 28 верасня 2016 г.)

Шымон Перэс (сапраўднае прозвішча Перскі) – дзяржаўны і палітычны дзеяч Дзяржавы Ізраіль.

Ш.Перэс нарадзіўся ў мястэчку Вішнева Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер Валожынскі раён Мінскай вобласці) у сям’і лесніка. Пачатковую яўрэйскую адукацыю атрымаў у хедары.

У 1933 годзе разам з сям’ёй пераехаў у Палесціну да бацькі, дзе скончыў гімназію Бальфура і выхоўваўся ў маладзёжным сельскагаспадарчым пасяленні. Тут ён стаў актывістам сіянісцкага руху і ў 1946-м уступіў у партыю МАПАЙ (папярэдніцу Партыі працы). Як дэлегат ад гэтай партыі ўдзельнічаў у рабоце 22-га Кангрэса Сусветнай сіянісцкай арганізацыі ў Базелі, што мела вялікае значэнне для яго палітычнай кар’еры.

У 1948 годзе пачаў працаваць у Міністэрстве абароны Ізраіля, дзе адказваў за развіццё ваенна-марскіх сіл. Па распараджэнні Бен-Гурыёна Шымон Перэс у 1949 годзе быў накіраваны кіраўніком місіі Міністэрства абароны Ізраіля ў ЗША, дзе сумяшчаў працу з навучаннем у Гарвардскім універсітэце.

Пасля вяртання ў Ізраіль (1952) быў прызначаны на пасаду намесніка генеральнага дырэктара, а ў 1953–1959 гадах – генеральнага дырэктара Міністэрства абароны. На гэтай пасадзе Ш.Перэс адыграў ключавую ролю ў стварэнні авіяцыйнай, электроннай і абароннай прамысловасці Ізраіля, рэарганізаваў навукова-даследчую працу ў ваеннай сферы, спрыяў умацаванню ваенна-палітычных сувязяў паміж Ізраілем і Францыяй, за што быў узнагароджаны французскім урадавым ордэнам Ганаровага легіёна.

У 1959 годзе быў абраны дэпутатам кнесета 4-га склікання ад партыі МАПАЙ і прызначаны намеснікам міністра абароны.

Шымон Перэс зрабіў вялікі ўклад у развіццё ваеннай прамысловасці Ізраіля і стварэнне атамных цэнтраў у Дзімоне і Нахал-Сарэку. З 1965 года з’яўляўся генеральным сакратаром партыі РАФІ, якая разам з партыямі МАПАЙ і Ахдут ха-Оведа аб’ядналіся ў 1968 годзе ў Партыю працы Ізраіля. Ш.Перэс быў абраны адным з двух сакратароў новай партыі.

У склад урада зноў увайшоў пасля выбараў 1969 года – быў міністрам па справах эмігрантаў, міністрам інфармацыі ва ўрадзе Голды Меір, ва ўрадзе І.Рабіна – міністрам абароны (1974–1977).

З 1977 года Ш.Перэс – старшыня Партыі працы, якая была ў апазіцыі да партыі «Лікуд», што прыйшла да ўлады. Ва ўрадзе нацыянальнага адзінства (1984–1988), які быў сфарміраваны на падставе пагаднення аб ратацыі, быў прэм’ер-міністрам, а потым міністрам замежных спраў Ізраіля. У наступным урадзе (1988–1990) Ш.Перэс – намеснік прэм’ер-міністра і міністр фінансаў, у 1992–1995 гадах – зноў міністр замежных спраў. Разам з І.Рабінам Перэс быў удзельнікам перамоў з Я.Арафатам, у выніку якіх у Вашынгтоне было падпісана мірнае пагадненне (1993). За працу па ўстанаўленні міру на Блізкім Усходзе Ш.Перэс у 1994 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію міру (разам з І.Рабінам). У 1995-м пасля забойства І.Рабіна змяніў яго на пасадзе прэм’ер-міністра да наступных выбараў (1996). У 2007 годзе быў абраны прэзідэнтам Дзяржавы Ізраіль.

На працягу ўсяго жыцця Шымон Перэс актыўна займаўся літаратурнай дзейнасцю. У маладосці пісаў вершы, аўтар серыі рэпартажаў «З дзённіка жанчыны» і кніг «Наступны крок» (1965), «Давідава прашча» (1970), «Заўтра – гэта сённяшні дзень» (1978), «Ідзі з людзьмі» (1979).

У 1993 годзе наведаў Беларусь.

Публікацыя з № 98 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

(Працяг будзе.)

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»