Ганна Сола

На нядаўнім этапе Кубка свету ў Хахфільцэне бліскуча выступіла беларуская біятланістка Ганна Сола, якая заваявала золата ў спрынце і серабро ў гонцы пераследу. Што пра яе вядома?

Зорачка з глыбінкі

Ганна Сола нарадзілася 16 лютага 1996 года ў вёсцы Завяззе Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці.

Свой спартыўны шлях пачынала ў школе. Першай яе талент заўважыла настаўніца фізкультуры. Пад яе кіраўніцтвам Ганна трэніравалася і ўдзельнічала ў спаборніцтвах, на якіх дзяўчынку заўважыў спецыяліст Генадзь Салапаеў і прапанаваў займацца ў яго. Сола пагадзілася і ў хуткім часе апынулася ў Наваполацкім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Там з яе вырасцілі спартсменку, якая праз нейкі час увайшла ў юніёрскую зборную Беларусі.

Спачатку Ганна Сола паказвала не вельмі высокія вынікі, але ў 2015 годзе стала чэмпіёнкай свету ў эстафеце ў сваёй узроставай катэгорыі (спаборніцтвы праходзілі ў Раўбічах).

«Завязала» са спортам у 21 год

Пачатак кар’еры ў дарослым біятлоне быў далёка не трыумфальны. На чэмпіянаце свету 2016 года Ганна паказала ў спрынце толькі 77-ы вынік. У нейкі момант спартсменка згубіла матывацыю і задумалася пра тое, каб пакінуць вялікі спорт. Вынікі ўсё больш расчароўвалі яе, а адпаведна і заробкі былі невялікія. У студзені 2018 года, за месяц да Алімпіяды, 21-гадовая Ганна Сола вырашыла «завязаць» са спортам і з’ехала дадому.

«Я мела патрэбу ў фізічным і эмацыйным адпачынку, – распавядала затым спартсменка. – Памятаю, сядзела ў сваім пакоі ў поўнай разгубленасці, не ведаючы, што рабіць далей. У мяне не было «плана Б», як у Дашы Юркевіч з манікюрам. Разважала так: «Мне 21 год. І што я ведаю, акрамя біятлона?»

Прадстаўнікі федэрацыі спрабавалі адгаварыць Ганну ад такога рашэння, але яна была непахісная.

Сысці, каб вярнуцца

Ганне Сола было прапанавана вярнуцца ў родную школу ў Наваполацку і пачаць навучанне дзяцей. Біятланістка пагадзілася, не здагадваючыся, што гэта быў талковы тактычны ход кіраўніцтва. У школе Ганна не проста змяніла абстаноўку, але і зноў палюбіла біятлон. Заняткі з дзецьмі незаўважна вярнулі яе ў трэніровачны працэс.

Калі Сола з’явілася на спаборніцтвах, калегі і трэнеры ўпэўнівалі, што чакаюць яе вяртання ў спорт, што яна патрэбна беларускаму біятлону. І гэта вельмі дапамагло спартсменцы прыняць рашэнне аб вяртанні.

У красавіку 2018 года Ганна адправілася на тыднёвы збор у Францыю, каб праверыць сваю форму, і так захапілася трэніроўкамі, што засталася там яшчэ на месяц. Сола не толькі паспяхова выпрабавала сябе, але і трапіла ў групу 12 топавых біятланістак, якія супрацоўнічаюць з фірмай Rossignol. Так спартсменка атрымала магчымасць бегаць на самых лепшых лыжах.

Затым адбыўся сыход са спорту лідараў зборнай – Дар’і Домрачавай і Надзеі Скардзіна. Іх месцы занялі Дзінара Алімбекава, Ганна Сола і іншыя.

Трэнеры і балельшчыкі цярпліва чакалі вынікаў – і дачакаліся. У студзені 2020 года Сола ўпершыню завяршыла спрынтарскую гонку этапу Кубка свету ў Рупольдзінгу без промахаў і заняла чацвёртае месца, што было лепшым вынікам беларускіх біятланістаў у сезоне-2019/2020.

А ў гэтым сезоне пасля бронзы на чэмпіянаце свету, золата і серабра на этапе Кубка свету Ганна паказвае, што яна можа разлічваць на самыя высокія месцы.

Галоўны матыватар

У ліпені гэтага года Ганна Сола выйшла замуж за гоншчыка з веласіпеднага клуба «Мінск» Станіслава Бажкова, якога называе сваім «галоўным матыватарам».

 

 

Хто такая Ганна Сола?

Яны пазнаёміліся ў 2019 годзе ў сацыяльных сетках, і гэтае знаёмства з часам перарасло ў каханне. Спартсменка прызнавалася, што ў яе «як быццам крылы за спінай выраслі».

Станіслава, відаць, каханне таксама акрыліла: на першае спатканне з Ганнай ён прымчаў на машыне праз палову Еўропу.

«Ён зразумеў, што на працягу сезона я магу не з’явіцца ў Беларусі, таму вырашыў сам прыехаць на святы ў Італію, дзе праходзіў наш збор, – распавядала Ганна. – І калі чалавек адзін праехаў за рулём дзве тысячы кіламетраў дзеля сустрэчы са мной, то я паверыла ў сур’ёзнасць яго намераў».

Дарэчы, і Сола даказала, што сапраўднае каханне здольна перамагчы любыя цяжкасці. Станіслаў расказваў, што дзякуючы падтрымцы Ганны ён хутчэй аднавіўся пасля траўмы хрыбетніка, з-за якой пэўны час нават не мог хадзіць.

Быць чалавекам

Ганна Cола – адзіная спартсменка ў нацыянальнай камандзе, якая пасля жнівеньскіх падзей 2020 года не падпісала праўладны ліст спартсменаў.

Сваё рашэнне яна патлумачыла так: «У мяне ёсць за што сказаць дзякуй краіне, але ў першую чаргу я хацела б, каб спорт заставаўся па-за палітыкай. Цяжка засяродзіцца на спартыўных выніках, калі вы чытаеце сумныя навіны з Беларусі.

Таму мая пазіцыя нават не палітычная, а агульначалавечая: за мір, захаванне законаў і вырашэнне любых пытанняў без гвалту».

Пасля гэтага адзін з балельшчыкаў на форуме напісаў так: «Дзякуй табе, Ганна! Быць чалавекам у наш час у нашай краіне – ужо ўчынак».

Публікацыя з № 98 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»