Францішак Жылка

Сталічнаму прадпрымальніку Францішку ЖЫЛКУ варта было б прысвоіць ганаровае званне акадэміка млыназнаўства. Мала таго, што ён аднавіў стары млын у родным мястэчку Жодзішкі на Смаргоншчыне, дык яшчэ і напісаў кнігу «Млыназнаўства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць», якая была нядаўна прэзентавана ў Нацыянальнай бібліятэцы. Выхад кнігі супаў з 70-годдзем аўтара, з якім мы пагутарылі не толькі пра яго захапленне старымі млынамі.

– Спадар Францішак, адкуль у вас, паспяховага прадпрымальніка, такая цікавасць да старых млыноў?

– Ну, я ўсё ж па адукацыі інжынер-механік, скончыў у свой час Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. А млын – гэта найперш механізм. Да таго ж млын я ў дзяцінстве заўсёды меў перад вачыма – мой дзед па маці меў свой млын у мястэчку Жодзішкі (цяпер гэта Смаргонскі раён), які належаў нашай сям’і да 1951 года. Калі ў 1943-м дзядуля памёр, млынарамі сталі яго сыны. Наш млын працаваў штодня з раніцы да вечара. Я, малы, заглядваў туды і цікаваў, што там за звер такі сядзіць і раве, ажно сцены калоцяцца.

– У вашай сям’і пры савецкай уладзе было сваё прыватнае прадпрыемства?

– Так, пакуль у Жодзішках не арганізавалі калгас. Тады адразу млын у нас забралі. Але ні дзядуля, ні бабуля, ні мае бацькі ў калгас так і не пайшлі. Тата працаваў у Жодзішкаўскай МТС, а маці – у бальніцы. Я нарадзіўся ў засценку Стаўбуцева непадалёк ад Жодзішак. У нас там было паўтара гектара зямлі, вялікі сад. Брат майго дзядулі Фелікс Жылка трапіў пад раскулачванне і быў сасланы на 10 гадоў у Сібір.

– Вы той спадчынны млын аднавілі – ён і муку меле, і як музей працуе. Як вы адважыліся на такое рызыкоўнае капіталаўкладанне?

– Тут цэлая гісторыя. Аднойчы я быў на фэсце ў Жодзішках – дзядзькі запрасілі на дзень Святой Ганны. Выпілі па чарцы за абедам, і яны пачалі мне скардзіцца, што прападае іхні млын. Ледзь не слёзы лілі! І я, выпіўшы, сказаў: «Не перажывайце, я выкуплю будынак у калгаса і аднаўлю нашу спадчыну». Хоць, зазначу, калгас у нас той млын дарма забраў. Назаўтра я працверазеў, успомніў учарашнюю размову, схадзіў паглядзець на той млын… Але слова трэба было трымаць – гэта маё пажыццёвае правіла.

Францішак Жылка: «Беларусь не можа быць расійскай калоніяй – гэта ўжо не ўспрымаецца народам»
Меле млын у Жодзішках

– І колькі часу пайшло ў вас на аднаўленне?

– Больш за год. Выкупіў я будынак за суму, эквівалентную 1000 доларам (у 1996 годзе гэта былі добрыя грошы). Калгас вывез адтуль усё, адны сцены засталіся. Я чуў, як калгасны інжынер казаў: «Не пакідайце нічога, нават металалому, каб Жылка не разбагацеў». Усё давялося рабіць з нуля – і турбіны, і жорны. На адкрыццё шмат людзей сабралася, ксёндз жорны асвяціў, каб добра малолі. Гадоў дзесяць (з 1997-га) мы працавалі ў дзве змены. Потым, як вы помніце, па Беларусі пракацілася «афрыканская чума», людзі свіней парэзалі. Я лічу, што «чуму» тую прыдумалі, каб не было канкурэнцыі свінаадкормачным комплексам. У нас там каля Жодзішак таксама такі комплекс ёсць. Сёння млын наш працуе толькі дзве гадзіны ў дзень.

– Млын як спадчына, як памяць пра дзяцінства – гэта зразумела. Але ж вы напісалі цэлую млынарскую энцыклапедыю, аб’ехаўшы дзеля гэтага ўсю Беларусь. Ці шмат па краіне ў вас паслядоўнікаў?

– Адноўленыя млыны вельмі рэдка сустракаюцца, хоць ёсць такія, што ў нядрэнным стане. Хай бы аддалі будынкі людзям – пад жыллё, пад музеі. Хай бы ў кожным раёне было хоць бы па адным млыне, каб было што дзеткам паказаць. Бо што такое млын для чалавецтва? Памол – не галоўная яго функцыя. Ён выкарыстоўваўся шырока як механізм, рухавік, які даваў энергію для розных прадпрыемстваў па вырабе пораху, шкла, тканіны, паперы і г.д. Прычым энергія была дармавая – кола круціла вада. Ад млынарскага кола і пачаўся ўвесь тэхнічны прагрэс. Запэўніваю вас: без яго ў нас сёння не было б ні самалётаў, ні камп’ютараў.

– У вашай кнізе безліч малавядомых фактаў. Аказваецца, самы высокі чалавек у свеце – беларус Фёдар Махноў (1878–1912) – таксама быў млынаром.

– Так, ён меў млын на рэчцы Заронаўка (цяпер Віцебскі раён). Махноў быў добрым гаспадаром. Паездзіўшы па свеце, ведаў толк у механізмах, завозіў абсталяванне з Германіі. Пры сваім росце 2 метры 85 сантыметраў і апетыт меў неблагі: на сняданак з’ядаў 20 яек, 8 буханак белага хлеба з маслам і выпіваў 2 літры гарбаты, на абед – 2,5 кілаграма мяса, кіло бульбы, запіваў трыма літрамі піва.

– Пры такім рацыёне мог бы і сам жорны круціць… У Беларусі каля 20.000 пераважна малых рэчак. Дык можа, нам не АЭС трэба было будаваць, а вадзяныя млынкі-электрастанцыі паўсюль ставіць? І танна, і экалагічна.

– Для такіх млынкоў вялікія рэкі і не патрэбны. Энергія вадзянога кола – стабільная крыніца, фактычна вечны рухавік. Гэта не вятрак, для якога патрэбна вялікая сіла ветру. І такіх колаў у Беларусі было некалі вялікае мноства. На жаль, цяпер ад старых млыноў засталіся пераважна руіны. Рачныя берагі пазарасталі хмызняком, травой, каровы там не пасвяцца, у вёсках іх амаль ніхто не трымае. Прадзіраешся па такім беразе і раптам натрапляеш на лежбішча дзікоў.

– О, яны могуць напасці на чалавека! Між іншым, адзін з князёў Сапегаў у Заходняй Беларусі загінуў ад клыкоў раз’юшанага дзіка. Вы хадзілі з дубальтоўкай?

– У мяне яе няма, я ж не паляўнічы. Ідучы, я стараўся як мага больш шумець – вершы голасна чытаў, песні спяваў. Бачыў аднойчы, як дзікі на жыватах з’язджалі з крутога ўзгорка – уцякалі. А яшчэ ў пошуках мне замінала крапіва. Жонка, пабачыўшы мяне, усяго пакусанага крапівой, смяялася: «Вось і добра, затое рэўматызму не будзе».

– Дарэчы, як яна ставіцца да вашых захапленняў? Не было такога, што вас да старых закінутых млыноў цягне, а яе, напрыклад, у Егіпет?

– Жонка мяне разумее. Дарэчы, яе дзявочае прозвішча – Мельнік. Праўда, мы пазнаёміліся, калі я яшчэ млынамі не цікавіўся. Спачатку яна мяне можа адгаворваць ад нечага, але калі бачыць, што рашэнне прынята, то згаджаецца. І пацярпець можа. Калі я ў 1993 годзе сваё прадпрыемства арганізаваў, то гады два дадому грошай не прыносіў. Жылі на заробак жонкі. А мой ішоў на зарплату людзям, якія са мной працавалі, на паўсядзённыя расходы.

– А ў сэнсе моўным жонка таксама ваш аднадумца?

– Спачатку яна па-беларуску не гаварыла, хоць яе бацька быў настаўнікам беларускай мовы. А потым нічога, навучылася. Не трэба нам, беларусам, ад мовы роднай адракацца. Ні ў якім разе. Мае дзяды-прадзеды ўсе па-беларуску гаварылі. І сёння трэба заахвочваць людзей да роднай мовы. Скажам, у нашай стаматалагічнай лякарні для беларускамоўных пацыентаў 5 адсоткаў зніжка.

– А як вы іх правяраеце? «Добры дзень» і «да пабачэння» дастаткова для зніжкі?

– Не, недастаткова. Пры размове з адміністратарам і лекарам усё высвятляецца.

– Не было выпадкаў, што пацыенты кляўзы на вас пісалі за гэта?

– За гэта – не было. А чаго пісаць? Іх жа ніхто не прымушае па-беларуску размаўляць. Хай па-руску ці па-англійску размаўляюць – мы зразумеем. Але зніжак не будзе.

– Я паглядзеў ролік у інтэрнэце – млын у Жодзішках адкрываўся пад песню «Магутны Божа». Сёння яна стала ледзь не экстрэмісцкай, яе не рэкамендуецца спяваць у храмах…

– Глупства гэта несусветнае! Гэта вельмі душэўная, патрыятычная і агульнахрысціянская песня. Там ідзе праслаўленне Беларусі, жадаецца ёй працвітання, намалотаў збожжа. Звязаўшыся з млынамі, я заўсёды перажываў, каб у нашай краіне быў добры ўраджай, каб больш зерня людзі везлі малоць. Не разумею, у чым тут экстрэмізм? Каму ў галаву прыйшло забараняць такую песню? Але тут няма ліха без дабра. Заўсёды да нечага забароненага праяўляецца большая цікавасць. У свой час «Магутны Божа» разглядаўся як варыянт гімна незалежнай Беларусі. І, на маю думку, добры быў бы гімн.

– Ваш славуты аднафамілец Уладзімір Жылка, загублены ў часы сталінскага тэрору, пісаў нібы пра час сённяшні: «Трываць жа болей немагчыма / І сцерпець болей немага: / Народ, Свабода і Радзіма – / На ўсё прыйшла свая чарга». За гэтыя каштоўнасці беларусы сёння сотнямі ідуць у турму. Вы за ўсім гэтым з якім пачуццём назіраеце?

– Тое, што ў Беларусі адбываецца апошнім часам, гэта ненармальна, так не павінна быць. Кругом «здраднікі»… А беларусы, на маю думку, у пераважнай большасці патрыёты сваёй краіны. Не важна, хто яны па нацыянальнасці, рускія, палякі ці яўрэі, усе – грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Мне часта даводзіцца сустракацца з рознымі людзьмі, і пры размовах яны за незалежнасць Беларусі. Беларусь не можа быць расійскай калоніяй – гэта ўжо не ўспрымаецца народам. Ён заўсёды будзе дамагацца вольнасці і свабоды.

– Вы так лёгка абыходзіцеся з паняткам «народ». А ён, трэба прызнаць, розны.

– Так у любым народзе ёсць невялікая частка, якая, што называецца, сабе наўме. Гэта як у вуллі трапляюцца трутні, якія прыгрэліся паміж працавітых пчол і жывуць паціху за іх кошт. Так ёсць і будзе заўсёды. Але, калі браць увогуле, беларусы – вельмі адукаваны і гаспадарлівы народ. І вялікая колькасць млыноў (я іх аб’ехаў каля 200) таксама пра гэта сведчыць. Паўтаруся: млынарскі падворак – гэта было самае тэхналагічна развітае месца, там і палітычныя пытанні абмяркоўваліся. А колькі наша зямля дала навукоўцаў, сусветна вядомых фізікаў, прэзідэнтаў замежных краін, праграмістаў!

– Праўда, часцей яны працавалі (і сёння працуюць) на іншыя дзяржавы.

– Уся бяда ў тым, што палітыка нашай дзяржавы такая, што не дазваляе рэалізавацца ў сваёй краіне, і людзі з’язджаюць. Думаеце, мне не прапаноўвалі? Мне з Расіі на пачатку 2000-х паступалі выгадныя прапановы адкрыць там фабрыку па вырабе абутку для коннікаў. У Расіі безліч конна-спартыўных баз, без працы я дакладна не сядзеў бы. Але я стварыў такое прадпрыемства ў Беларусі, прычым з нуля, мне ніхто не дапамог, і я не магу ехаць некуды за доўгім рублём. Мне Беларусь, груба кажучы, не па барабане.

– Я паглядзеў у інтэрнэце – скураны абутак ад ТАА «ФРА-МІЛ» вельмі цэніцца.

– А пачыналі з нуля. Я нават ніводнага крэдыту ў дзяржавы не ўзяў. Не было ні тэхналогій, нічога. І ніколі не было. У савецкія часы такі абутак прывозіўся з падмаскоўнага горада Клін. На пачатку 1990-х там усё развалілася і ўжо не наладзілася. І вось мяне агітавалі. А мы робім абутак не толькі для коннікаў. Выконваем часам эксклюзіўныя заказы. Скажам, абувалі роту ганаровай варты Крамля. І расіяне прызнаваліся, што ніколі не мелі такога выдатнага тавару – і па фасоне, і па эстэтыцы, і па якасці. Прэзідэнцкі матацыклетны эскорт у Беларусі таксама ў нашых ботах. Помню, прыехаў у нашу краіну туркменскі прэзідэнт, убачыў наш эскорт і адразу папрасіў вырабіць боты і для свайго эскорту. Мы зрабілі. Але зрабілі тут. Патрыятызм для мяне не пустое слова. І такіх, як я, прадпрымальнікаў тысячы.

– Але тысячы за апошні год выехалі з краіны.

– І гэта найлепшыя бізнесоўцы – самыя энергічныя людзі, яны ніколі не будуць «трутнямі». Хацелася б, каб гэты выезд нарэшце спыніўся. Усё заканчваецца, зіма змяняецца вясной, ноч – раніцай. Сітуацыя палітычная і эканамічная ў Беларусі будзе мяняцца ў лепшы бок, я ў гэтым перакананы. Хоць мы і прывязаны да Расіі эканамічна не адзін дзясятак гадоў, прывязку гэту можна паціхеньку развязваць і будаваць самастойную краіну. Нам трэба не прывязвацца да танных падачак, а браць за прыклад паспяховыя краіны. Напрыклад, японцы працуюць да 15 гадзін у суткі, там адпачынак мала хто бярэ. А ў Японіі, як і ў нас, няма ні нафты, ні газу. І нічога, жывуць – дай Бог кожнаму.

– Вы не баіцеся, што заўтра пэўныя службы могуць прыйсці і да вас? Ці тое, што вы пашылі боты для прэзідэнцкага эскорту, вас прыкрывае?

– Нічога нас не прыкрывае. Страх заўсёды прысутнічае. Сёння ніхто не застрахаваны, да любога могуць прыйсці, знайсці прычыну і пакараць. Ну, няхай прыйдуць, хай забяруць прадпрыемства. Хай самі паспрабуюць боты вырабляць… Была адна кампанія, якая палічыла, што боты шыць вельмі лёгка. Забрала загадчыцу майго атэлье, некалькі рабочых, нашы лякалы скрала. І што? Праз 5 гадоў збанкрутавала. А мы працуем. І 2 гады наша кампанія ТАА «ФРА-МІЛ» вісела на дошцы гонару Савецкага раёна. Мы спраўна плацім падаткі. У мяне такі прынцып быў заўсёды: першае – заплаціць падаткі, другое – выдаць заробак, а ўсё астатняе – як атрымаецца.

– То віншую вас з нядаўнім юбілеем і жадаю, каб на ўсіх вашых «млынах» было заўсёды завозна і прыбыткова! І знаходзіўся час на стварэнне новых кніг!

Францішак Жылка: «Беларусь не можа быць расійскай калоніяй – гэта ўжо не ўспрымаецца народам»– Дзякуй вялікі! У мяне гэта як пойдзе. Калі ўсталёўваў памятны камень па славутым фатографе Яну Булгаку, пабачыў – няма пра яго папулярнай кніжкі, людзі слаба ведаюць. Сеў і напісаў. Была ў нас пілігрымка па Вяллі – таксама натхніўся, выйшла кніга краязнаўчых нарысаў. Млын аднавіў – і цэлая энцыклапедыя атрымалася. А на сваёй радзіме збудаваў капліцу ў стылі барока XVII стагоддзя – цалкам з камення. Добра падабраны камень – вечны матэрыял. Ды і Хрыстос нарадзіўся ў каменнай скале. 500 гадоў будзе стаяць капліца, вока радаваць, нагадваць, што і Беларусь – вечная.

Публікацыя з № 98 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»