Праваабаронцы паведамілі, што ў Наваполацку супрацоўніка «Нафтана» Андрэя Апета арыштавалі за рэпост у сацсетках перадвыбарнай праграмы Аляксандра Лукашэнкі 2010 года.

Рэпост быў зроблены ажно ў 2016 годзе з партала, які цяпер прызнаны экстрэмісцкім.

33-гадовага Апета міліцыянты затрымалі на прахадной завода 13 снежня і даставілі ў пастарунак. Там на яго склалі пратакол за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў.

На суддзе 16 снежня мужчына патлумачыў, што нават не рабіў рэпост, а толькі скапіраваў тэкст, дзе ў канцы была спасылка на матэрыял. Апет дадаў, што пасля прызнання партала «экстрэмісцкім» адразу выдаліў усе рэпосты, аднак на гэты матэрыял не звярнуў увагі, проста яго не заўважыў.

Аднак суддзя Зінаіда Балаболава прысудзіла яму 15 сутак арышту.

І ў гэтай гісторыі больш пытанняў, чым адказаў. Яна сапраўдная задачка для ўдзельнікаў юрыдычных алімпіяд і нават тэма для дысертацыі.

Як можна пакараць чалавека за публікацю перадвыбарнай праграмы, якая друкавалася ўсімі СМІ, у тым ліку дзяржаўнымі?

Як можна пакараць чалавека за тое, што ў ягоным допісе была гіперспасылка на інтэрнэт-партал, прызнаны экстрэмісцкім, але які ўжо не існуе? І нават калі б нехта з карыстальнікаў сацсетак дайшоў да допісаў, што Апет рабіў пяць гадоў таму (а гэта трэба быць сапраўдным даследчыкам ягонай «творчасці») і націснуў на тую гіперспасылку, ён нікуды не трапіў бы і нічога не ўбачыў, акрамя паведамлення, што доступу да сайта няма. Бо ў інтэрнэт-прасторы такога сайта ўжо проста не існуе. То бок допіс спадара Апета нават тэарэтычна ніякай шкоды нікому нанесці не мог.

І галоўнае: па беларускім заканадаўстве для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці вызначаны тэрмін даўніны – два месяцы. У некаторых выпадках – адзін год. Як трэба было лічыць «тэрміны даўніны», каб за зробленае ў 2016 годзе, калі крыніца паведамлення была паважаным парталам, прадстаўнікоў якога запрашалі на інтэрв’ю з прэзідэнтам, пакараць ў 2021 годзе? Дзе вучаць такому абыходжанню з законам?

Публікацыя з № 98 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»