Зянон Пазьняк

Не так даўно эканаміст Яраслаў Раманчук выказаўся ў адным з інтэрв’ю так:

Зараз сітуацыя складаная. Трэба думаць, як ізноў навесці масты для палітычнай і грамадскай працы ўнутры краіны. Я не раіў бы ўводзіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі ў такім рэжыме, у якім яны ўводзяцца, таму што яны б’юць па святая святых – суверэнітэце і незалежнасці краіны.

Калі праз год-два не будзе ніякага дыялогу і ніякіх змен, то, думаю, размаўляць мы будзем ужо з палкоўнікамі і генераламі, з тымі людзьмі, якія будуць прадстаўляць ужо іншы рэжым нашай краіны – ваенна-палітычны.

Таму санкцыям – не! Ёсць патрэба на дыялог, і для гэтага можна нават выкарыстоўваць аўтарытэт і патэнцыял таго ж Зянона Станіслававіча Пазьняка, каб ён прыехаў у краіну і паспрабаваў, калі можна так сказаць, з чыстага ліста размаўляць з беларускімі ўладамі.

Нагадаем, што лідар Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ Зянон Пазьняк ужо працяглы час знаходзіцца ў эміграцыі.

«Народная Воля» звярнулася да Зянона Станіслававіча з просьбай пракаментаваць словы Раманчука і выказацца наконт магчымага вяртання ў Беларусь.

– Што датычыцца ацэнкі санкцый, то Раманчук сказаў абсалютна правільна, – адзначае Зянон ПАЗЬНЯК. – Усе разумныя палітыкі-прафесіяналы так ацэньваюць.

Санкцыі могуць даць толькі адмоўны вынік. Санкцыямі як быццам ставіцца задача ліквідаваць беларускі рэжым, але гэта немагчыма, таму што ён завязаны на Расію. Санкцыі прывядуць толькі да таго, што абваліцца беларуская эканоміка, будзе цяжка жыць людзям, будзе вялікая эміграцыя і пачнецца разбурэнне дзяржавы. Але ўлада застанецца, таму што за іх плячыма – Крэмль. Крамлю гэты рэжым патрэбны, у Маскве яшчэ ў 2003 годзе казалі, што бачаць Беларусь у складзе Расіі. І гэта палітыка працягваецца.

Таму для Расіі вельмі зручна, каб пакласці Беларусь на лапаткі і каб гэты рэжым нікуды не мог падзецца. Каб дарога была толькі адна – у Маскву. Каб выконвалі ўсё, што там скажуць. А грошы для падтрымання сілавых структур Расія дасць, тым больш што там не такія і вялікія грошы.

Я ўпэўнены, што санкцыі – гэта антыбеларуская стратэгія, якую Масква праводзіць сумесна з Заходняй Еўропай, таму што Захад пранізаны расійскай агентурай. Гэта ўсе ведаюць, хто займаецца палітыкай. Купляюць аўстрыйскіх палітыкаў, французскіх, нямецкіх…

У выніку Захад уводзіць санкцыі, спасылаючыся на тое, што такім чынам хоча знішчыць беларускі рэжым, а атрымліваецца, што санкцыі выгадны толькі Маскве. А найбольш небяспечныя яны для беларускага народа і для беларускай дзяржавы. Калі будзе разбурана наша дзяржава, то нікому з беларусаў ад гэтага дакладна лепш не будзе. Гэта вельмі сур’ёзна! Санкцыі вельмі шкодныя для незалежнасці Беларусі. Аналіз Раманчука вельмі правільны.

– А калі казаць пра прапанову Раманчука, каб вы прыехалі ў Беларусь і паспрабавалі распачаць дыялог з уладамі…

– Што наконт майго магчымага прыезду ў Беларусь, дык гэта вельмі наіўнае ўяўленне, якое нават не варта каментаваць. Для гэтага рэжыму не існуе ніякіх аўтарытэтаў, ніякіх маральных і палітычных каштоўнасцяў. Таму не мае сэнсу пра гэта размаўляць. Гэта наіўнае меркаванне, якое, відаць, спадар Раманчук не падумаўшы выказаў.

Прыехаць у Беларусь?! Не гаварыце глупства! І Раманчук сказаў глупства. У якую краіну і да якой улады вы запрашаеце мяне прыехаць? Думаеце, што гаворыце?! Таму гэта нават не хачу абмяркоўваць.

– А хацелася б вам вярнуцца дадому?

– Я прыеду ў Беларусь тады, калі трэба будзе…

Публікацыя з № 97 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»