Крысціна Дробыш

Незалежныя «Купалаўцы» з’язджаюць з краіны… Дакладней, іх выціскаюць з Беларусі. Застаючыся без працы, без магчымасці зарабіць на кавалак хлеба, людзі вымушаны прымаць для сябе цяжкае рашэнне пакінуць радзіму. Надоўга? Хутчэй за ўсё… Але, упэўнены, не назаўжды.

Вось што напісала некалькі дзён таму на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» актрыса незалежнай тэатральнай трупы «Купалаўцы» Крысціна ДРОБЫШ:

«490 дзён я спадзявалася, што мне не давядзецца гэта пісаць.

Напэўна, прыйшоў час сказаць гэта ўслых.

Мяне больш няма ў Беларусі.

Фармальна я ў ёй ёсць, але ўжо не фізічна. Я не буду апісваць усю цяжкасць такога рашэння, якое далося мне не адразу, і толькі самым блізкім вядома, якімі высілкамі. Усе, хто хоць на хвілінку дапускаў думку пра тое, каб пакінуць дом, і тыя, хто гэта вымушаны быў зрабіць, разумеюць выдатна.

Я не буду апавядаць пра ступень немагчымасці асэнсаваць тое, што адбываецца дома.

Мае чалавечыя рэсурсы ў нейкі момант проста развіталіся са мной. Я зразумела, што калі працягну так, то згару хутчэй, чым мой сын паспее вырасці. За апошнія 490 дзён я аддала ўсё, што ў мяне было, акрамя аднаго – маёй фізічнай свабоды.

Са мной забаронена працаваць на радзіме. Хтосьці і сам баіцца супрацоўнічаць, хтосьці проста знікае. Часцей за ўсё нічога нават не тлумачачы. Не асуджаю і бясконца ўдзячная тым, хто дагэтуль застаецца побач. Часам адчуванне, што краіна пражавала мяне і выплюнула.

Але я мацней, чым выглядаю. У мяне ёсць я, і гэта ўжо шмат. Кажучы словамі аднаго мудрага чалавека, я працую і жыву ў Беларусі, толькі не фізічна. Не маю ні злосці, ні расчаравання. Як заўсёды, бясконца веру ў людзей.

Была, застаюся і буду Купалаўцам. Буду рабіць і надалей тое, што магу і ўмею, пакуль хопіць сіл».

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»