Ілюстрацыйны здымак

Як змяняецца вытворчасць, калі беларускае прадпрыемства плануе пастаўляць прадукцыю ў арабскія краіны?

Качыная фабрыка ў вёсцы Альшэва ў Бярозаўскім раёне дамовілася аб супрацоўніцтве з прадстаўнікамі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і плануе наладзіць пастаўкі сваёй прадукцыі ў краіны Персідскага заліва.

Для гэтага птушкаводы па патрабаванні будучых пакупнікоў нядаўна ўнеслі ў вытворчы працэс нязначныя, але вельмі спецыфічныя змены.

Жанчыне-аператару лініі забою прыйшлося пераходзіць на іншае працоўнае месца. Замест яе цяпер працуе мужчына-мусульманін, якога запрасілі з Мінска ў Бярозу. Перад пачаткам працы ён чытае спецыяльную малітву ў створаным тут жа для яго пакоі для малення.

Акрамя таго, на канвееры адключылі яшчэ і сістэму электрааглушэння, якая папярэднічае забою. «Такія адны з асноўных патрабаванняў сістэмы «Халяль», якая рэгламентуе ўжыванне мясных прадуктаў мусульманамі», – тлумачыць абласная газета «Зара».

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»