Фота: Reuters

На гэтым тыдні Гомельскі абласны суд вынес вердыкт Сяргею Ціханоўскаму, Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову, Уладзіміру Цыгановічу, Мікалаю Статкевічу і Ігару Лосіку.

Папоў і Сакаў атрымалі па 16 гадоў пазбаўлення волі, Лосік і Цыгановіч – па 15, Статкевіч – 14, Ціханоўскі 18 гадоў.

Усе абвінавачаныя, акрамя Статкевіча, будуць адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Статкевіч будзе знаходзіцца на асаблівым рэжыме.

«Народная Воля» звярнулася да розных людзей з пытаннем:

ЯК ВЫ АЦЭНЬВАЕЦЕ ВЫНЕСЕНЫЯ ПРЫСУДЫ?

Кастусь ЦВІРКА, паэт, кандыдат гістарычных навук:

Вельмі сумна чуць пра такія прысуды. І, напрыклад, я наогул не ведаю, якія злачынствы гэтыя людзі здзейснілі. За што яны атрымалі такія непамерна вялікія тэрміны?

Справы ж закрылі, суд закрылі, адвакатам гаварыць забаранілі. Мы не пачулі, што людзі казалі на судзе ў сваё апраўданне. Вельмі сумна…

Уладзімір САЗАНЧУК, былы адвакат Мікалая Статкевіча:

– Абсалютна не здзіўлены такімі жорсткімі прысудамі. Калі закон не працуе, то можна было адправіць людзей за краты і на 18 гадоў, і на 20, і на 25. Правільна пішуць некаторыя аналітыкі, што тэрміны для таго ці іншага чалавека – гэта ацэнка яго значнасці як апанента ўлады.

Сяргей ГАЙДУКЕВІЧ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:

– Усё законна, усё правільна, усё справядліва. Ціханоўскі і астатнія хацелі разбурыць краіну. Я б наогул усіх рэвалюцыянераў жорстка караў. Калі б у свой час Мікалай II не высылаў Леніна ў Шушанскае, а жорстка разабраўся з ім, то, можа быць, і ніякай рэвалюцыі ў 1917 годзе не было б, і сам Мікалай разам з сям’ёй быў бы жывы і здаровы.

Я не люблю рэвалюцыі, і, на мой погляд, любы, хто агітуе за тое, каб людзі выходзілі на вуліцу, павінен несці за гэта суровую адказнасць. Для мяне добрых рэвалюцый не бывае. Ва Украіне пасля каляровай рэвалюцыі загінулі тысячы простых людзей, а тыя, хто заклікаў да рэвалюцыі, сёння каву п’юць у цэнтры Кіева. Палітыкі не гінуць – гінуць простыя людзі.

Сяргей ЧЭРАЧЭНЬ, старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада»:

Працэс па «справе Ціханоўскага» і прысуды гэта адзін з элементаў запалохвання грамадства. Спроба ўлад паказаць: мы, маўляў, нічога не баімся і можам рабіць усё што заўгодна.

Таму і далі такія вялікія тэрміны зняволення людзям, якія проста адстойвалі свае канстытуцыйныя правы. Паўтаруся: гэта элемент ціску на грамадства і псіхалагічнай барацьбы.

Генадзь ЛЫЧ, акадэмік, доктар эканамічных навук:

– Кіраўніцтва краіны хоча навесці такі страх у грамадстве, каб ніхто не мог нават піскнуць. Прысуды Ціханоўскаму, Статкевічу і астатнім – гэта ўсім застрашэнне. Маўляў, вось што будзе з вамі, калі пачняце выступаць супраць улады. І загад: сядзіце пад венікам і не варушыцеся.

Ларыса ЖЫГАР, пенсіянерка з Гродна:

– Я не разумею, за што судзілі гэтых людзей. За тое, што яны даносілі грамадству праўду? Таму лічу, што пакаранне і злачынства абсалютна несуразмерныя. Для мяне вынесеныя прысуды былі сапраўдным шокам!

Сяргей К., рабочы Мінскага трактарнага завода (прозвішча маецца ў рэдакцыі):

– Шчыра кажучы, адмыслова не сачыў за гэтай справай і толькі зараз даведаўся, што быў такі суд.

Што думаю пра прысуды? Атрымліваецца, што ў краіне зараз забойцам меншыя тэрміны могуць даць, чым тым, хто вырашыў заняцца палітыкай. Пасыл зразумелы.

Апытанне праводзіў Сяргей ЗАБЛОЦКІ.

Публікацыя з № 97 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»