Менахем Бегін

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86-96.)

23. Менахем Бегін (16 жніўня 1913 г. – 9 сакавіка 1992 г.)

М.Бегін – дзяржаўны дзеяч Дзяржавы Ізраіль.

Менахем Бегін нарадзіўся ў Брэст-Літоўску (цяпер Брэст). Скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, дзе атрымаў ступень доктара права. У 1931 годзе ўступіў у маладзёжную арганізацыю «Бейтар», а ў 1938-м узначаліў гэтую арганізацыю ў Польшчы. У сувязі з удзелам у маніфестацыі пратэсту супраць абмежаванняў яўрэйскай эміграцыі ў Палесціну Бегін быў арыштаваны польскімі ўладамі і адсядзеў некалькі месяцаў у турме.

На пачатку Другой сусветнай вайны пераехаў у Вільню, дзе ў 1940 годзе быў арыштаваны савецкімі ўладамі і прыгавораны да васьмі гадоў зняволення ў Пячорскіх лагерах у Сібіры. Напрыканцы 1941 года як польскі грамадзянін быў вызвалены з лагера і ўступіў у армію генерала Андэрса, якая фарміравалася на тэрыторыі СССР па дамоўленасці з польскім урадам у эміграцыі. У складзе арміі ў 1942 годзе М.Бегін прыбыў у Палесціну. Пасля дэмабілізацыі з арміі стаў камандзірам яўрэйскай падпольнай ваеннай арганізацыі «Іргун цвай леумі», якая вяла ўзброеную барацьбу супраць брытанскай адміністрацыі ў Палесціне. Пасля абвяшчэння Дзяржавы Ізраіль М.Бегін прыняў рашэнне аб расфарміраванні арганізацыі «Іргун» і ўключэнні яе ў Армію абароны Ізраіля.

Перад выбарамі ў кнесет 1-га склікання ў 1948 годзе быў заснаваны рух «Херут», лідарам якога стаў Менахем Бегін. Ён узначальваў апазіцыю ў кнесеце на працягу 20 гадоў. У 1967 годзе увайшоў у якасці міністра без партфеля ва ўрад нацыянальнага адзінства, які сфарміраваў Л.Эшкалом. Гэтую пасаду М.Бегін займаў да 1970 года, калі ўрад Г.Меір прыняў рашэнне правесці мірныя перамовы з арабскімі краінамі на падставе частковага вызвалення тэрыторый, занятых ізраільцянамі ў ходзе Шасцідзённай вайны.

У 1970–1973 гадах М.Бегін кіраваў апазіцыйным блокам «Гахала», а пасля выбараў у кнесет 8-га склікання ў 1973 годзе стаў лідарам блока «Лікуд».

У 1977 годзе ён стаў шостым прэм’ер-міністрам Ізраіля і быў на гэтай пасадзе да 1983 года. Займаў жорсткую пазіцыю ў адносінах да арабскіх краін, актыўна спрыяў стварэнню ізраільскіх пасяленняў на заходнім беразе ракі Іардан. Але калі прэзідэнт Егіпта А.Садат выступіў з мірнай ініцыятывай (1977) і наведаў Іерусалім, М.Бегін вітаў гэты крок і ўключыўся ў шматмесячныя мірныя перамовы. У выніку 26 сакавіка 1979 года ў Кэмп-Дэвідзе (ЗША) было падпісана мірнае пагадненне паміж Егіптам і Ізраілем.

За дасягненне міру на Блізкім Усходзе М.Бегіну (разам з А.Садатам) была прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1978 года.

М.Бегін прызнаваў перавагу дзяржаўных і нацыянальных інтарэсаў над класавымі і асабістымі, прытрымліваўся ліберальных поглядаў у эканоміцы. Ён валодаў талентам выдатнага аратара і палеміста, апублікаваў шэраг кніг, сярод якіх «Паўстанне» (1950), «Белыя ночы» (1953, успаміны аб савецкіх папраўча-працоўных лагерах), «У падполлі: сачыненні і дакументы» (1959–1961, у 4 т.).

Памёр і пахаваны ў Іерусаліме.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 96 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»