Хаім Вейцман

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86-96.)

22. Хаім Вейцман (27 лістапада 1874 г. – 9 лістапада 1952 г.)

Х.Вейцман – вучоны-хімік, дзяржаўны і палітычны дзеяч Дзяржавы Ізраіль.

Хаім Вейцман нарадзіўся ў мястэчку Моталь Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці) у сям’і гандляра лесам. Атрымаў першапачатковую яўрэйскую адукацыю ў хедары, а ў 1885 годзе паступіў у Пінскае рэальнае вучылішча. У Пінску спалучаў вучобу (асабліва яго цікавіла хімія) з сіянісцкай дзейнасцю.

У 1892 годзе Х.Вейцман скончыў вучылішча і выехаў у Германію, каб працягваць адукацыю. Спачатку ён вучыўся ў Вышэйшай тэхнічнай школе ў Дармштаце, затым у аналагічнай школе ў Берліне. З-за праблем са здароўем у 1895 годзе вярнуўся ў Пінск, дзе працаваў у хімічнай лабараторыі на прадпрыемстве Р.Лур’е. У 1896 годзе зноў вярнуўся ў Германію, дзе паступіў у Берлінскі політэхнікум.

У 1898 годзе Вейцман прысутнічаў на Другім сіянісцкім кангрэсе. У тым жа годзе пераехаў у Швейцарыю, дзе працягваў адукацыю ў Фрэйбургскім універсітэце. У 1899 годзе атрымаў ступень доктара хіміі і быў прызначаны выкладчыкам хіміі, а ў 1901 годзе атрымаў пасаду выкладчыка хіміі і асістэнта прафесара ў Жэнеўскім універсітэце. У Жэневе ён стаў лідарам Арганізацыі маладых сіяністаў.

У 1904 годзе Хаім Вейцман пераехаў у Англію, дзе праз год быў прыняты на пасаду навуковага супрацоўніка хімічнага факультэта ўніверсітэта ў Манчэстары. У Англіі шмат і плённа займаўся навукай, публікаваў вынікі сваіх даследаванняў, а таксама актыўна ўдзельнічаў у сіянісцкім руху, наведваў з’езды і кангрэсы ў Еўропе. У 1907 годзе ён упершыню наведаў Палесціну. Перад Першай сусветнай вайной распрацаваў тэхналагічны працэс вытворчасці ацэтону з крухмалу, што станоўча паўплывала на стаўленне да яго брытанскага ўрада.

З верасня 1914 года па лістапад 1917-га Х.Вейцман правёў больш за 2000 сустрэч з прадстаўнікамі інтэлектуальнай эліты Еўропы па праблеме стварэння яўрэйскай дзяржавы ў Палесціне. У выніку ў 1917 годзе была прынята «Дэкларацыя Бальфуса», у якой абвяшчалася згода на стварэнне ў Палесціне «нацыянальнага дома для яўрэйскага народа». У 1918-м падчас візіту ў Палесціну Вейцман зрабіў сімвалічны акт – заклаў першы камень у падмурак Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме.

На працягу 20–40-х гадоў ХХ стагоддзя ён займаў вышэйшыя пасады ў яўрэйскіх сіянісцкіх арганізацыях – Сусветнай сіянісцкай арганізацыі, Яўрэйскім агенцтве, актыўна ўдзельнічаў у паездках сіянісцкіх дэлегатаў на канферэнцыі і па свеце. У 1931–1935 гадах аднавіў заняткі хіміяй і заснаваў навукова-даследчы інстытут у Рэховаце, які ў 1943 годзе атрымаў яго імя. У гады Другой сусветнай вайны па запрашэнні прэзідэнта ЗША займаўся распрацоўкай сінтэтычнага каўчуку і вёў перамовы аб утварэнні яўрэйскай дзяржавы.

У 1948 годзе Хаім Вейцман быў абраны старшынёй Часовай рады Ізраіля, а 16 лютага 1949 года – першым прэзідэнтам Дзяржавы Ізраіль і заставаўся на гэтай пасадзе да канца жыцця.

Аўтар аўтабіяграфічнай кнігі «Спробы і памылкі» (1952).

Памёр і пахаваны ў Рэховаце.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 96 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»