Аляксандр Ярашук

Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук заклікае афіцыйныя прафсаюзы скіраваць свае высілкі на тое, каб ліквідаваць найперш прычыну з’яўлення санкцый, а потым патрабаваць іх адмены.

У выніку ўвядзення Еўрасаюзам і ЗША эканамічных санкцый супраць беларускіх кампаній пад абмежаваннямі апынуліся 22 прадпрыемствы. У санкцыйным спісе чатыры прамысловыя прадпрыемствы, якія маюць стратэгічнае значэнне для эканомікі: «Гродна Азот», яго філіял «Завод Хімвалакно», «Беларуснафта» і «Белшына». Адмыслоўцы схільны лічыць, што з пачатку свайго паўнацэннага дзеяння санкцыі істотна паўплываюць на беларускую эканоміку.

Прафсаюзы Беларусі ў сваю чаргу пачалі збор подпісаў пад адкрытым лістом у адрас Міжнароднай арганізацыі працы, рабочых і наймальнікаў іншых краін. Ліст змешчаны ў інтэрнэце. Нагадаем: у ім гаворыцца аб тым, што еўрапейскія чыноўнікі не маюць права абмяжоўваць правы работнікаў іншых краін. Увядзенне падобных мер у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў, на думку складальнікаў ліста, не з’яўляецца выказваннем патрабаванняў працоўных. Дарэчы, у змешчаным у сеціве закліку афіцыйных прафсаюзаў да грамадзян, каб яны ставілі свае подпісы пад лістом, удакладняецца, што гэта справа абсалютна добраахвотная. І нават даюцца адрасы, куды звяртацца, калі прымушаюць ставіць подпіс альбо, наадварот, не ставіць.

«Народная Воля» звярнулася да старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука з просьбай пракаментаваць сітуацыю.

Паводле слоў спадара Ярашука, прафсаюзы нідзе ў свеце не заклікаюць да санкцый, паколькі гэта супярэчыць іх мэтам. А таму дзіўным найперш з’яўляецца адрасат, да якога звяртаюцца беларускія афіцыйныя прафсаюзы. На яго думку, больш істотна тое, як ліквідаваць прычыну ўвядзення санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў.

– А прычына добра вядомая – гэта рэпрэсіі супраць рабочых, захоп самалёта з грамадзянамі Еўрасаюза, гэта міграцыйныя атакі на суседзяў з Еўрасаюза, – удакладняе Ярашук. – І зразумела, што нельга адмовіць і краінам Еўрасаюза ў адстойванні сваіх граніц і ўласнай бяспекі.

Аляксандр Ярашук трымаецца думкі, што ўлады павінны неадкладна пачаць дыялог з апанентамі, якім бы цяжкім ён ні быў, і сумесна дамаўляцца, як выходзіць з гэтага вострага палітычнага і сацыяльна-эканамічнага крызісу.

– Калі гэта будзе адбывацца, то можна спадзявацца на тое, што і мы будзем пачуты іншымі краінамі, якія ўвялі санкцыі, – перакананы Ярашук. – Выхад у гэтай сітуацыі адзіны – нацыянальны дыялог. Іншага папросту няма.

Што датычыцца таго, як збіраюцца подпісы, кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў кажа, што ў дадзенай сітуацыі кожны чалавек павінен сам вырашаць, як яму паступаць.

– Да нас калі і звяртаюцца людзі са скаргамі на прымус, то толькі з умовай, каб ні ў якім разе не называлі прозвішча, – канстатуе Ярашук. – Але калі ніхто не будзе называць прозвішча, то ніхто і рабіць нічога не будзе, бо ад імя каго тады рабіць?

На жаль, паводле слоў Ярашука, людзі ў дадзенай сітуацыі працягваюць баяцца, хаця праз гэту боязь могуць згубіць усё ў сваім жыцці.

Публікацыя з № 97 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»