Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Да трох гадоў пазбаўлення волі асуджаны жыхар Оршы, які падпальваў
смеццевыя бакі, з-за чаго ледзь не згарэлі некалькі аўтамабіляў. Свой учынак
ён растлумачыў так: «Бамжы перашкаджалі мне адпачываць і сваім выглядам
псавалі настрой».

Ажно стагналі жыхары:
Падпальшчык нейкі даўся ў знакі,
Каторы тыдзень у двары,
Як піянерскія кастры,
Гарэлі смеццевыя бакі.
У ход пусцілі б кулакі,
Калі б зламысніка злавілі:
Ад бакаў быў агонь такі,
Што ён шугаў ва ўсе бакі –
Маглі згарэць аўтамабілі.
Чаму ж падпальшчык доўгі час
Не пападаўся ім на вочы,
Няўлоўным быў, як Фантамас?
Бо ён падпальваў толькі ўночы,
Калі даўно ўжо снілі сны
Усе разгневаныя людзі,
А значыць, не маглі яны
Узяць падпальшчыка за грудзі.
Была бяда яшчэ адна,
Што ім прыносіла дасвецце:
Калі кантэйнерам хана,
Куды ж тады выносіць смецце?
Ужо праз тыдні два ці тры
Узнікнуць смеццевыя горы,
Калапс адбудзецца ў двары,
І люд тутэйшы цяпне гора.
Служакі нашы той бядзе
Усё ж далі нарэшце рады –
Злавілі злыдня кагадзе.
Не абышлося без засады.
Калі валяўся на зямлі,
Расчырванелыя служакі
Найперш пытанне задалі:
– Навошта ты падпальваў бакі?
Сказаў мужык немалады
(Яго адолела знямога):

– Хацеў пакінуць без яды
Бамжоў, якіх занадта многа.
Чым зграяй шастаюць яны,
Дык лепш галодныя сабакі.
Смурод навокал, лахманы…
Каб не стаялі тыя бакі,
Не быў бы кепскім мой настрой
(Дый людзі змрочныя, як хмары)…
Выходзіла, што ён – герой,
Таму замест суровай кары
(Заканапацілі ў турму)
Ён заслугоўвае падзякі.

***
А я параіў бы яму –
Мужчыну, што падпальваў бакі:
Пра тое, што паўсюль бамжы,
Што выглядаюць нехлямяжа,
Ураду нашаму скажы;
Усім цікава, што адкажа,
Як растлумачыць нам урад,
Чаму становішча такое,
Чаму ў краіне гэтак шмат
Людзей з працягнутай рукою…

Пераходны ўзрост

Як стукне трыццаць, дык дакука
Раздвойвае ў жанчыны клёк:
Адкладваць грошы ёй для ўнука
Ці пракалоць сабе пупок?..

Забавы дзетвары

Я ўжо на пенсіі, стары,
Дык прагуляца выйшаў сёння.
Гуляе дзетвара ў двары.
І кожны на сваім смартфоне…

Канфуз

І трэба ж так: канфуз уранку
Адбыўся ў п’яніцы Рыгора:
Кульнуўшы для пахмелля шклянку,
Успомніў, што не піў учора…

А карабель яшчэ плыве…

Хоць вас жыццё крамсае на шматкі,
Ды варта ўсё ж трымаць у галаве:
Калі навокал злыдні-пацукі,
Ваш карабель усё яшчэ плыве…

Публікацыя з № 97 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»