Ігар Лосік. Фота: sb.by

У гомельскім СІЗА-3 14 снежня скончылася амаль шасцімесячная судовая эпапея над Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам, блогерамі Сяргеем Ціханоўскім і Уладзімірам Цыгановічам, мадэратарам сацыяльных сетак Дзмітрыем Паповым і аператарам Арцёмам Сакавым. У кожнага з падсудных “сваё” абвінавачанне. Агульным з’яўляецца толькі тое, што ўсіх затрымалі задоўга да выбараў і што тэлеграм-каналы і сацыяльныя сеткі ўжо пасля арышту іх адміністратараў і заснавальнікаў прызналі ў Беларусі экстрэмісцкімі.

Шматгадовы лідэр беларускай апазіцыі Статкевіч за арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам, пагромамі, падпаламі альбо ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч.1 арт.293 Крымінальнага кодэкса),  пакараны судом 14 гадамі няволі ў калоніі строгага рэжыму. Апроч таго,  апазіцыянер прызнаны “рэцыдывістам”, паколькі пасля выбараў 2010 года ўжо быў асуджаны паводле крымінальнага артыкула. На тых выбарах Мікола Статкевіч балатаваўся кандыдатам у прэзідэнты.

Вядома таксама, што Статкевіч адмовіўся знаёміцца з матэрыяламі цяперашняй крымінальнай справы, віну катэгарычна адмаўляў. Прысутнічаў палітык толькі на першых пасяджэннях, а пасля яго выдалілі з працэсу ажно да судовых спрэчак за неналежныя паводзіны і непавагу да суда.

Ігара Лосіка і Уладзіміра Цыгановіча абвінавацілі ў “арганізацыі  масавых беспарадкаў ” (ч.1 арт.293), а таксама ў “распальванні сацыяльнай варожасці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненых групай асобаў (ч.3 арт. 130). Асудзілі Лосіка на 15 гадоў няволі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Цыгановіча – на 15 гадоў.

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах. Спачатку яго змясцілі ў СІЗА №1 у Мінску, праз некалькі месяцаў перавялі ў следчую турму ў Жодзіна, а ўжо судзіць прывезлі ў гомельскае СІЗА-3. Пасля арышту Ігара тэлеграм-канал, які ён адміністраваў, прызналі з ініцыятывы міліцыі экстрэмісцкім. Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі пратэсту. У сакавіку ён падчас сустрэчы са следчым, калі было выстаўлена чарговае абвінавачванне, парэзаў сабе запясце рукі.

Увесь час, пакуль цягнуўся судовы працэс, пад сценамі гомельскага СІЗА дзяжурыла жонка Ігара Дар’я Лосік. Яна пакідала дачку на сваіх альбо мужавых бацькоў і кожны панядзелак прыязджала з Баранавіч у Гомель, каб маральна падтрымаць мужа. Ён вёдаў пра “вахту” жонкі. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, у адвакатаў узялі падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў справы. І толькі на агалошванне рэзалюцыйнай часткі выраку Дар’і ды іншым сваякам падсудных, якія напісалі заявы ў абласны суд і адміністрацыю СІЗА, дазволілі прысутнічаць у памяшканні, дзе праходзіў шасцімесячны працэс.

Найбольш крымінальных артыкулаў “павесілі” на блогера і заснавальніка сацыяльных сетак Сяргея Ціханоўскага. Ён быў кіраўніком  штаба і ўсёй выбарчай кампаніі сваёй жонкі Святланы. Сяргея затрымалі 29 мая 2020 года ў Гродна, калі на Савецкай плошчы горада завяршаўся шматлюдны перадвыбарчы пікет па збору подпісаў у падтрымку Ціханоўскай. Затрыманне, як было бачна на відэа, справакавала жанчына з Бабруйску, якая жыла ў Мінску і нечакана апынулася на пікеце.

На пачатку Ціханоўскаму прад’явілі абвінавачванне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак”. Пазней  дадаліся яшчэ артыкул 191 (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў), 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў) і 130 артыкул (распальванне варожасці).

У выніку Ціханоўскаму прысудзілі 18 гадоў у калоніі узмоцненага рэжыму. Расійца Дзмітрыя Папова і аператара Арцёма Сакава, якія, па сутнасці, пайшлі цугам за Ціханоўскім, пакаралі 16 гадамі няволі кожнага.

Працэс над вышэйзгаданымі палітвязнямі пачынаў весці суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Бакуноў. У верасні справу перадалі Мікалаю Долі, які  і выносіў прысуды. Звязана замена, хутчэй за ўсё, з прызначэннем Мікалая Бакунова старшынём суда Чыгуначнага раёна Гомеля.

Цікава, што падчас працяглага ператрусу на лецішчы Ціханоўскіх пад Гомелем, дзе іншы раз адпачываў Сяргей, трэцяя па ліку брыгада следчых нібыта адшукала за канапай 900 тысяч долараў ЗША. З гэтай знаходкі на адным з судоў па адміністрацыйнай справе Сяргей толькі пасмяяўся. Аднак па пазову падатковай інспекцыі асобны суд абавязаў Ціханоўскага выплаціць  са “знаходкі” адпаведны падатак.

Сваякі пакараных і некаторыя аналітыкі звяртаюць увагу і на яшчэ адну акалічнасць гучнай крымінальнай справы. Палова палітвязняў не былі знаёмыя паміж сабою. Зналіся добра толькі Ціханоўскі і Сакаў з Паповым.

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч публічна зазначала, што Мікола асабіста знаёмы толькі з Ціханоўскім. Але іх знаёмства ніяк нельга назваць блізкім. Не меў кантактаў да суда з іншымі абвінавачанымі Ігар Лосік. Уладзімір Цыгановіч не працаваў у камандзе Святланы Ціханоўскай.

Праўдападобна, што “кааліцыя” адмыслова створана для суда, каб выглядала гэткай досыць шырокай панарамай змовы “адмарозкаў” і “мярзотнікаў”, па-іншаму – дэструктыўных элементаў, якія толькі і марылі  пра масавыя беспарадкі і распальванне сацыяльнай варожасці. Жаданне і галасы соцен тысяч беларусаў праз выбары дамагчыся пераменаў у гэтую дыспазіцыю ніяк не ўкладваюцца. Закрыты судовы працэс (не для афіцыйных СМІ) у следчым ізалятары Гомеля з завоблачнымі тэрмінамі пакарання – яскравае таму пацвярджэнне.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»