Ілюстрацыйны здымак

З такой прапановай выступіў кіраўнік Беларускай федэрацыі хакея Аляксандр Багдановіч.

Днямі алімпійскі чэмпіён па веславанні, які зараз узначальвае хакейную федэрацыю, распавёў пра тое, якія цудоўныя ўмовы створаны ў краіне для спартсменаў.

«Для спартсмена і для дасягнення выніку ўсё створана ў Беларусі, – заявіў Аляксандр Багдановіч. – Паверце, я праехаў шмат краін і бачыў шмат спартсменаў. Калі з імі размаўляеш, то яны здзіўляюцца, як гэта ў нас усё пабудавана, таму што там спорт платны… У нас ёсць цудоўны час, каб рэалізаваць любыя планы ў спорце, навуцы, культуры, паўсюль.

Раней мы займаліся проста ў падвалах, а цяпер паглядзіце, якія трэніровачныя залы ў нас ёсць, якія арэны, вяслярныя каналы, якіх ужо два ў рэспубліцы. 44 хакейныя пляцоўкі! Адным словам, ідзі і займайся. Галоўнае, каб было жаданне. Але я заўважыў, што чым больш вы ствараеце ўмоў, тым больш пачынаюць казаць: «А мы хацелі б чагосьці яшчэ».

Праўда, Багдановіч фактычна прызнаў, што лядовых палацаў у краіне набудавалі, а вось эфектыўнасць іх выкарыстання – пад вялікім пытаннем.

«Хацелася б палепшыць адзін момант, – адзначыў ён. – Гэта дзіцячы хакей і напаўняльнасць лядовых арэн. А арэны ў нас проста шыкоўныя. У нас ёсць 44 лядовыя арэны, і да абеду яны не загружаюцца.

Таму мы цяпер працуем з Міністэрствам адукацыі, каб уключыць канькі ў праграму агульнай адукацыі. Гэта значыць катанне на каньках будзе ўжо абавязковым прадметам, будзе ўваходзіць у варыятыўны кампанент у дзяцей пачатковых класаў навучання».

Час пакажа, ці ажыццявіцца ініцыятыва Аляксандра Багдановіча. Але, напрыклад, яшчэ ў 2012 годзе віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік, які на той час кіраваў Федэрацыя плавання, таксама будаваў вясёлкавыя планы. На адной з калегій Міністэрства спорту Тозік заявіў, што навучыцца плаваць павінен кожны выпускнік пачатковай школы.

«Трэба, каб кожны выпускнік пачатковай школы не на паперы, а фактычна ўмеў плаваць, – марыў Анатоль Тозік. – Нам трэба ў кожным раёне мець добры басейн для плавання. Давайце складзём спісы ўсіх дзяцей, хто пражывае там, і навучым іх плаваць.

Калі няма басейна ў школе, то давайце паглядзім, дзе ён ёсць, і будзем іх там вучыць. Або знойдзем магчымасць накіраваць дзяцей у летнія лагеры, у многіх з якіх ёсць басейны ці адкрытыя вадаёмы, дзе пад наглядам інструктараў можна вучыцца плаваць».

Мары Тозіка так і засталіся марамі, і сёння пра іх ужо амаль ніхто не ўспамінае.

Дарэчы, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін даручыў з 2022 года ўключыць навучанне дзяцей плаванню ў сістэму адукацыі і арганізаванага дзіцячага адпачынку.

Публікацыя з № 96 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»