Марына Адамовіч. Фота: Новы Час

Сёння ў 14.00 на тэрыторыі гомельскага СІЗА будзе агучаны прысуд Мікалаю Статкевічу, Сяргею Ціханоўскаму, Ігару Лосіку, Уладзіміру Цыганковічу, Дзмітрыю Папову і Арцёму Сакаву.

Усім шасці фігурантам пагражае да 12–15 гадоў пазбаўлення волі. Ім інкрымінуюць «масавыя беспарадкі», «распальванне сацыяльнай варожасці» і іншыя ціжкія артыкулы Крымінальнага кодэкса.

Працэс над шасцю актывістамі і блогерамі ў «справе Ціханоўскага» распачаўся 24 чэрвеня ў СІЗА Гомеля і праходзіў у закрытым рэжыме.

– Па законе, калі суд быў закрыты, то на агучванне рэзалютыўнай часткі павінны дапусціць па адным чалавеку ад кожнага фігуранта справы, – распавяла «Народнай Волі» Марына АДАМОВІЧ, жонка Мікалая Статкевіча. – Таму спадзяюся ўсё-такі ўбачыць Міколу хаця б на некалькі хвілін.

– Калі быў апошні ліст ад мужа?

– 1 снежня. Зараз сітуацыя з ліставаннем пагоршылася, відаць, некаторыя лісты не праходзяць цэнзуру.

– Ведаю, што вы выпісалі яму ў ізалятар некаторыя дзяржаўныя газеты…

– А іншых ужо і не засталося. Але Мікалаю патрэбна інфармацыя для аналітыкі, ён умее чытаць нават дзяржаўныя СМІ, каб зрабіць адпаведныя высновы. Мяне вельмі здзіўляе ступень яго інфармаванасці і ўменне зрабіць абсалютна адэкватныя высновы, нават чытаючы праўладных прапагандыстаў.

– На здароўе не скардзіцца?

– Мікалай мае вельмі жорсткую самадысцыпліну і робіць усё, каб падтрымліваць здароўе і фізічную форму.

– Што думаеце пра магчымы прысуд?

– Ілюзій у мяне няма, проста ёсць шанц убачыць мужа. Гэта адзінае, што прымушае нервавацца. Мікола таксама глядзіць на рэчы рэальна, таму больш у лістах спрабуе падтрымаць мяне.

Публікацыя з № 96 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»