Анатоль Гатоўчыц

Як паведамлялася раней, гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца затрымалі сёння ля будынка мясцовага СІЗА, дзе выносілі прысуд Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу, Ігару Лосіку, Арцёму Сакаву, Уладзіміру Цыгановічу і Дзмітрыю Папову.

Каля 18 гадзін Анатоль вярнуўся дадому з суда Цэнтральнага раёна, дзе перад гэтым суддзя Сяргей Кармановіч на падставе міліцэйскага пратакола аштрафаваў яго нібыта за пікет – паводле артыкула 24.23 КаАП.

Як распавёў Анатоль, вымысліў пратакол старшы ўчастковы інспектар Цэнтральнага РАУС, капітан міліцыі Арцём Жаўняк. У пратаколе сказана, што Анатоль прыйшоў на Кніжную “з мэтай публічнага выражэння грамадска-палітычных поглядаў з выкарыстаннем ахоўнай маскі з надпісам “За свабодныя выбары” ажыццявіў публічную дэманстрацыю няпэўнаму колу асобаў сваёй грамадска-палітычнай пазіцыі чым ажыццявіў незаконнае пікетаванне без дазволу Гомельскага гарвыканкама” (стыль і арфаграфія захаваныя).

У судзе журналіст заявіў сведкай менавіта Жаўняка і запытаўся, чаму недакладна пазначаны надпіс на масцы? Бо насамрэч на масцы дробным шрыфтам напісана “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

“Я выдзяліў толькі сутнасць”, – апраўдваўся Жаўняк.

Тады журналіст запытаўся ў міліцыянера: “А якога памеру, на яго погляд, павінен быць надпіс на пікеце, каб выражаць свае погляды, ды яшчэ няпэўнаму колу асобаў?”

“Я сядзеў у машыне, было да журналіста метра паўтара, – сказаў капітан міліцыі. – Ну і папрасіў АМАП затрымаць Гатоўчыца”.

– Гавару з усёй адказнасцю, што Жаўняк схлусіў, – сцвярджае Анатоль.– Бо затрымлівалі мяне напачатку трое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Сябе не  называлі. Толькі адзін з іх, каторы быў з густою чорнай барадою, назваўся Іванам Сяргеевічам. Акурат ён і перадаваў мяне супрацоўнікам АМАП, маёру і двум старшым сяржантам. Яны таксама не называлі сябе. У маёра быў рэгістратар №32, у аднаго з сержантаў – №35. Я ім паказваў пасведчанне журналіста “Народнай Волі”, тлумачыў, чаго прыйшоў на Кніжную. У судзе хадайнічаў пра выклік амапаўцаў у якасці сведкаў, але суддзя адхіліў хадайніцтва і вынес вырак: штраф памерам 20 базавых велічынь.

Затрымалі журналіста ў 10:40. У Цэнтральным РАУС супрацоўнікі крымінальнага вышуку Ерамішын, Марушчык доўга правяралі дыктафон, тэлефон, фотаапарат  Гатоўчыца на наяўнасць у іх “забароненых тэлеграм-каналаў”. Нічога не зайшлі. Потым забег участковы Сяргей Глубоўскі і спадобіўся сфатаграфаваць на твары журналіста маску з надпісам “Праваабронцы за свабодныя выбары”. А пасля ўжо капітан Жаўняк аб’явіў пра затрыманне. Па прынцыпу: быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца.

“Гэтыя маскі супраць кавіду яшчэ у 2020 годзе раздавалі дзесяткамі валанцеры, – дадае Анатоль  – Яны баваўняныя. Пасля трох аперацый на гартані, якія мне зрабілі ў Мінску, я іх і нашу, бо ў іх лягчэй дыхаць, чым ў тых, што зроблены са штучнай тканіны. Я дзясяткі раз хадзіў з такими маскамі ў суды, у тым ліку ў Цэнтральны суд. Столькі ж ці нават болей сустракаўся і з міліцыяй. Прэтэнзій ніхто ніколі не выказваў”.

Яшчэ да пачатку суда рэдакцыя “Народнай Волі” накіроўвала ліст старшыні Гомельскага абласнога суда Сяргею Шаўцову, каб атрымаць дазвол на наведванне журналісту Гатоўчыцу судовага працэсу над Ціханоўскім, Статкевічам, Лосікам ды іншымі абвінавачанымі. Але суд зрабілі закрытым для недзяржаўных СМІ. Анатоль Гатоўчыц падрыхтаваў ў газету матэрыял пра пачатак гучнага палітычнага працэсу. 14 снежня ён выправіўся да СІЗА, каб пагутарыць са сваякамі пра вынікі амаль шасцімесячнай судовай эпапеі. І яго затрымалі, перашкодзіўшы выканаць журналісцкае заданне.

“Тут і да бабкі хадзіць не трэба. Затрымалі, каб не сустрэўся са сваякамі асуджаных палітвязняў. У мяне напярэдадні нават была дамова з некаторымі з іх.  А ў міліцыянераў, відаць, заданне: не дапускаць незалежных журналістаў да відавочцаў проста-такі жахлівых прысудаў. Выглядае, дзеля таго, каб людзі не дазналіся пра абсурднасць шэрагу абвінавачванняў і няпэўнасць доказаў. Я так лічу, – кажа журналіст Гатоўчыц.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»