(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–95.)

21.Мікалай Канстанцінавіч Судзілоўскі (15 снежня 1850 г. – 30 красавіка 1930 г.)

Мікалай Судзілоўскі (псеўданім Русель) – грамадска-палітычны дзеяч, удзельнік грамадскіх рухаў Беларусі, Расіі, Швейцарыі, Англіі, Францыі, Румыніі, Балгарыі, ЗША, Японіі, Кітая, вучоны-прыродазнавец.

М.Судзілоўскі нарадзіўся ў г.Магілёве. Вучыўся ў Пецярбургскім, Кіеўскім і Бухарэсцкім універсітэтах. У 1877 годзе атрымаў ступень доктара медыцыны. Быў надзвычай высокаадукаваным чалавекам – ведаў восем еўрапейскіх моў, японскую і кітайскую. Удзельнік рэвалюцыйнага руху. З канца 1874 года жыў за межамі Расіі.

М.Судзілоўскі аказаў значны ўплыў на развіццё рэвалюцыйнага руху ў Румыніі і Балгарыі. У час руска-турэцкай вайны 1877–1878 гадоў ён працаваў хірургам у ваенным шпіталі. На працягу 1881–1885 гадоў наведаў Швейцарыю, Францыю, Бельгію.

У 1887 годзе М.Судзілоўскі быў вымушаны пераехаць у ЗША, займаўся медыцынскай практыкай ў г.Сан-Францыска, дзе быў абраны віцэ-прэзідэнтам грэка-руска-славянскага таварыства.

У маі 1892 года М.Судзілоўскі пераехаў на Гавайскія астравы. Жыў у сельскай акрузе, потым у сталіцы Ганалулу, дзе займаўся ўрачэбнай практыкай. Ён рашуча ўключыўся ў барацьбу за незалежнасць мясцовых жыхароў. Стварыў Партыю незалежных, ад якой быў вылучаны ў сенат. На выбарах Партыя незалежных атрымала перамогу, М.Судзілоўскі быў абраны сенатарам, а ў 1891 годзе – прэзідэнтам Гавайскай Рэспублікі. У 1902 годзе ён падаў у адстаўку з пасады прэзідэнта, але працягнуў актыўна займацца пытаннямі развіцця мясцовага самакіравання, стварэння справядлівай падатковай сістэмы, правядзення рэформы аховы здароўя і санітарнай службы.

З 1903 года М.Судзілоўскі жыў у Кітаі. Калі распачалася руска-японская вайна 1904–1905 гадоў, ён пераехаў у Японію, дзе яму было дазволена арганізаваць камітэт дапамогі рускім палонным, сярод якіх М.Судзілоўскі праводзіў асветную і прапагандысцкую работу, распаўсюджваў рэвалюцыйныя выданні.

Пасля Японіі М.Судзілоўскі зноў наведаў Кітай. З 1912 года жыў на востраве Мінданаа (Філіпіны), з 1915-га – у Нагасакі (Японія).

У 1921 годзе М.Судзілоўскі разам з сям’ёй пасяліўся ў кітайскім горадзе Цяньцзінь, працаваў урачом, шмат часу аддаваў публіцыстычнай дзейнасці. Быў аўтарам прац па медыцыне, хіміі, філасофіі, сацыялогіі, геаграфіі. Ён упершыню пазнаёміў расійскага чытача з апісаннем флоры і фаўны астравоў цэнтральнай часткі Ціхага акіяна.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 96 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»