(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–95.)

19. Іосіф Антонавіч Гашкевіч (1815 г. – 15 мая 1875 г.)

Іосіф Гашкевіч – дыпламат, даследчык Усходу.

І.Гашкевіч нарадзіўся ў Якімавай Слабадзе Рэчыцкага павета Мінскай губерні (цяпер Гомельскай вобласці). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, а ў 1839 годзе – Пецярбургскую духоўную акадэмію.

Усходазнаўчую адукацыю атрымаў у Расійскай духоўнай місіі ў Пекіне, дзе знаходзіўся на працягу дзесяці гадоў разам з такімі ў будучым вядомымі ўсходазнаўцамі, як П.І.Кафараў, В.П.Васільеў, І.І.Захараў, А.А.Татарынаў. Пры гэтай місіі быў і мастак з Беларусі К.І.Карсалін, аўтар шматлікіх карцін і замалёвак на ўсходнія тэмы.

У Кітаі І.Гашкевіч вывучыў некалькі ўсходніх моў – кітайскую, маньчжурскую, карэйскую, мангольскую. Ён актыўна займаўся даследаваннем прыроды Кітая і жыццёвага ўкладу кітайцаў, фатаграфаваў пейзажы краіны. Вялікую навуковую каштоўнасць мелі яго астранамічныя і метэаралагічныя назіранні на тэрыторыі Кітая. Ён быў адным з першых рускіх натуралістаў, які сабраў вялікую калекцыю флоры і фаўны Кітая, Японіі, Індакітая, Філіпін і Карэі.

У 1852–1855 гадах як перакладчык браў удзел у дыпламатычнай місіі адмірала Пуцяціна ў Японію на фрэгаце «Палада». Удзельнічаў у падрыхтоўцы і падпісанні ў 1855 годзе першага руска-японскага дагавора.

І.Гашкевічу было прапанавана стаць першым рускім консулам у Японіі. Ён быў першы іншаземец, якому было дазволена выехаць за межы японскай сталіцы.

Падчас знаходжання ў Японіі (1858–1865) І.Гашкевіч займаўся не толькі дыпламатыяй, але вёў і навуковую дзейнасць. Багатая моўная практыка, атрыманая у час працы над расійска-японскім дагаворам, дазволіла вучонаму скласці сумесна з японскім даследчыкам Тацібана Касаем у 1857 годзе «Японска-рускі слоўнік». «Слоўнік» быў адзначаны прэстыжнай Дзямідаўскай прэміяй Імператарскай акадэміі навук з уручэннем Залатога медаля. Слоўнік Гашкевіча лічыўся лепшым узорам з усяго створанага ў Расіі па японскай мове.

Іосіф Гашкевіч праводзіў прыродазнаўчыя назіранні па складанні метэаралагічных зводак, збору калекцый узораў флоры і фаўны. Яго назіранні і артыкулы пра Японію і японскую мову былі надрукаваны ў выданнях Імператарскай акадэміі навук і Галоўнай фізічнай абсерваторыі ў Пецярбургу. Апрача ведання 13 еўрапейскіх і ўсходніх моў І.Гашкевіч быў знаёмы з заканадаўствам, адміністрацыйным упарадкаваннем і палітычнай сістэмай Кітая і Японіі, а таксама з норавамі і звычаямі далёкаўсходніх народаў.

У 1867 годзе І.Гашкевіч выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім маёнтку Малі ў Віленскай губерні (цяпер Астравецкі раён Гродзенскай вобласці). Тут ён напісаў фундаментальную працу «Аб каранях японскай мовы». Аб рознабаковасці і глыбіні вывучэння ім Далёкага Усходу ў гэты час сведчыць апісанне бібліятэкі І.Гашкевіча, якая ўключала 420 тамоў кніг толькі на японскай, маньчжурскай і кітайскай мовах. Сабраныя ім пісьмовыя помнікі датычацца пытанняў геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі, моў краін Усходняй Азіі.

Памёр і пахаваны ў Вільні (Вільнюсе). У г.Хакадатэ (Японія) і беларускім Астраўцы яму пастаўлены помнікі.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 96 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»