Апошнім часам у розных СМІ з’явілася інфармацыя, што на беларускіх прадпрыемствах звальняюць «палітычна ненадзейных» работнікаў па спісах, якія быццам бы прыходзяць з сілавых структур.

Паведамляецца, што кантракты могуць не працягнуць не толькі з тымі, хто быў асуджаны па «палітычным» адміністрацыйным артыкуле, але і з людзьмі, якія «не так» паводзяць сябе ў сацыяльных сетках ці проста аддалі ў свой час подпіс у падтрымку альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты.

«Народная Воля» звярнулася да кіраўнікоў афіцыйных і незалежных прафсаюзных арганізацый з наступным пытаннем:

Вы абараняеце членаў свайго прафсаюза?

Міраслаў КАХАНОЎСКІ, старшыня прафсаюзнага камітэта Мінскага маторнага завода:

– Калі па шчырасці, то на гэтай пасадзе я чалавек новы, толькі два месяцы працую кіраўніком прафсаюзнай арганізацыі на заводзе, таму мне патрэбны час, каб даваць нейкую дакладную і ўзважаную інфармацыю.

Але мы, безумоўна, будзем бараніць усіх сябраў свайго прафсаюза, гэта ж галоўная задача прафсаюзнай арганізацыі. Іншага шляху ў нас няма.

Аляксандр ЯРАШУК, кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў:

– Нават і не ведаю, як адказаць на гэтае пытанне. У кагосьці ёсць прычына казаць пра тое, што мы не баронім сваіх сябраў? Вы не ведаеце, якая зараз сітуацыя ў краіне? Што вы маеце на ўвазе, калі кажаце, што мы «не баронім»? Усяго найлепшага!..

Віктар АНТОНЕНКА, кіраўнік прафсаюзнай арганізацыі Мінскага аўтамабільнага завода:

– Хто сказаў, што мы нікога не баронім?! Я ўвогуле ўпершыню чую пра нейкія «спісы» і звальненні па палітычных матывах.

Магу сказаць толькі тое, што ведаю дакладна: мы абаранялі, абараняем і будзем абараняць тых рабочых, каго звальняюць з парушэннем закона. Кожны сябра нашага прафсаюза можа звярнуцца да нас і атрымаць юрыдычную дапамогу.

Генадзь ФЯДЫНІЧ, дарадца-кансультант прафсаюза РЭП:

– Мы сваіх баронім! Да таго ж, паводле маёй інфармацыі, большасць з тых, на каго зараз ціснуць на прадпрыемствах, не маюць дачынення да прафсаюза РЭП. Няма фактаў, што камусьці з нашых зараз не працягваюць кантракты ці прапануюць звольніцца па дамове бакоў.

Хачу адзначыць, што вялікая частка актыўных сябраў нашага прафсаюза яшчэ раней звольнілася з прадпрыемстваў, а многія нават з’ехалі за межы краіны. Увогуле, каля 340 сябраў прафсаюза РЭП патрапілі пад рэпрэсіі – сядзелі на «сутках», штрафы плацілі, на іх кватэрах праводзілі вобыскі. Радаснай такую сітуацыю ніяк не назавеш…

Аляксандр БУХВОСТАЎ, старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў:

– Мы дапамагаем людзям з адвакатамі, звяртаемся да нашых калег у іншых краінах. Напісалі зварот у Глабальны саюз IndustriALL.

Так, у нас ёсць падазрэнні, што існуюць спісы, якія склалі сілавікі, паводле якіх і звальняюць ці збіраюцца звальняць рабочых. У сувязі з гэтым у некаторых членаў нашага прафсаюза ўзнікаюць праблемы. Напрыклад, у Магілёве ад людзей пачалі патрабаваць даведкі, што яны не з’яўляюцца сябрамі Свабоднага прафсаюза металістаў. І тым, хто уступіў у нашу арганізацыю даўно і ўжо згубіў з намі сувязь, такія даведкі, мы, безумоўна, даём. Хаця па вялікім рахунку ўсе пытанні, якія звязаны з абаронай сябраў прафсаюза, гэта нашы ўнутраныя пытанні. І пра іх мы не збіраемся распаўсюджвацца.

Але ўсім зразумела, што калі захочуць звольніць рабочага, то сёння ніякі прафсаюз не дапаможа. Ды і сам незалежны прафсаюз могуць закрыць у любы момант, як ужо закрылі мноства розных грамадскіх аб’яднанняў. У той сістэме, што зараз функцыянуе, законы і Працоўны кодэкс, па сутнасці, не працуюць. Увогуле, такая сітуацыя можа прывесці да крызісу на вытворчасці, бо звальняюць многіх высакакласных спецыялістаў. Усё гэта з цягам часу можа адбіцца на эканоміцы.

Апытанне праводзіў Алесь СВЯТЛАНІЧ.

Публікацыя з № 95 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»