Аляксей Кудзін

Таццяна Пархімовіч, жонка шматразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе Аляксея Кудзіна, распавяла «Народнай Волі» пра тое, як яе муж абжываецца ў Шклоўскай калоніі.

Нагадаем: славуты спартсмен быў затрыманы пасля акцыі пратэсту ў Маладзечне 10 жніўня мінулага года. 21 жніўня яго адпусцілі на волю, але распачалі крымінальную справу і абралі меру стрымання ў выглядзе хатняга арышту.

На судовае пасяджэнне 19 лістапада Кудзін не з’явіўся. Пасля гэтага суддзя змяніла меру стрымання на заключэнне пад варту, і спартсмена афіцыйна абвясцілі ў вышук.

21 студзеня стала вядома пра затрыманне Кудзіна ў Маскве па запыце беларускіх улад, пазней ён быў экстрадзіраваны ў Беларусь.

Аляксея Кудзіна асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму, і не так даўно ён быў этапіраваны з ізалятара ў Жодзіне ў Шклоўскую калонію…

– Ужо прыкладна месяц, як Аляксей знаходзіцца ў калоніі, – распавядае Таццяна. – Напісаў заяву, каб дазволілі спатканне з сям’ёй у студзені, таму чакаем адказу. Плануем яго наведаць праз месяц.

А 30 лістапада, калі мужа перавялі з каранціну ў атрад, ён першы раз патэлефанаваў мне. Затым 2 снежня…

Увогуле, дазволена пяць тэлефанаванняў на месяц, размаўляем мы па відэасувязі прыкладна па 10 хвілін. Папярэдне на вайбер мне паведамляюць, у які дзень будзе званок ад мужа.

– Як Аляксей адаптаваўся на новым месцы?

– Лёша сказаў: «Тут усё нармальна». І ўвогуле я пастаянна падтрымліваю кантакт з тымі, чые блізкія і знаёмыя адбываюць пакаранне ў гэтай калоніі. І, наколькі зразумела, у Шклове адна з лепшых калоній у Беларусі, калі сыходзіць з умоў утрымання.

Дзякуй Богу, Аляксей не хварэе, а пакуль ён сядзеў у Жодзіне, я паспела перадаць яму вітаміны.

– Якім чынам ён падтрымлівае форму ў калоніі? Ці ёсць для гэтага ўмовы?

– Калі ў ізалятары знаходзіў для гэтага месца і час, то, думаю, у калоніі наогул не павінна ўзнікаць праблем. Тым больш, як мне паведамілі, там маецца даволі нядрэнная спартыўная зала, ёсць нават мяхі для баксіравання. Лёша працягвае трэніравацца. Папрасіў, каб мы прывезлі яму пэўныя рэчы.

Для Лёшы гэта – амаль як у казку патрапіў. Сумны гумар, безумоўна, але такая рэальнасць. Першы Новы год будзе адзначаць у калоніі.

– Магчыма, Аляксею прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні? Ці, можа быць, ён ужо напісаў?

– Не ведаю, ці прапаноўвалі, але дакладна – не пісаў.

– У вас пяцёра дзяцей. Таксама падтрымліваюць сувязь з татам?

– А як інакш?! Дзеці пастаянна пішуць тату лісты, я ўвесь час дасылаю па два-тры фотаздымкі. Хаця не ведаю, ці дазволілі яму забраць з ізалятара тыя фота, што дасылала, бо чула, што ў калонію можна ўзяць толькі адзін фотаздымак.

Але, спадзяюся, калі дазволяць спатканне, у студзені дзеці ўбачацца з татам. Я ўжо адправіла іх дакументы, каб ім таксама дазволілі спатканне.

– Нехта дапамагае даглядаць сямейства?

– Бабулі і дзядулі дапамагаюць, але ў асноўным спраўляемся сваімі сіламі. Зараз яшчэ розныя хваробы ў самым разгары, але, на шчасце, пакуль не хварэем. Наша сям’я ўвогуле прытрымліваецца здаровага ладу жыцця. Здаровае харчаванне, пастаяннае праветрыванне памяшкання, шмат чыстай вады… Магчыма, гэта і дапамагае нашаму маленькаму хатняму дзіцячаму садку.

Публікацыя з № 95 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»