Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У пераходзе на станцыі метро ў Мінску раней судзімы жыхар Міханавічаў да смерці збіў 58-гадовага мінчука, які адмовіўся з ім выпіць.

У глотку заліваць «чарніла»,
Лічыў, не варта аднаму,
Каб апасля яно натхніла
Яго на «подзвігі», таму
Шукаў «таварыша» мужчына,
Хацеў «натхніцца» з ім спаўна,
Калі разжыўся нейкім чынам
На пляшку таннага віна.
Вакол людзей гурба бурліла
(Туляўся з пляшкай у метро),
Аднак ніхто заліць «чарніла»
З ім не хацеў сабе ў нутро.
Ды гэта ж проста жах дый годзе –
Няма «піткоў» ва ўсёй гурбе!
Рашыў, што можна ў пераходзе
Знайсці «таварыша» сабе,
Бо там бамжы бываюць часам,
Парой прыходзяць жабракі.
Ім, на халяву дужа ласым,
«Чарніла» бэсціць не з рукі –
Да кроплі выжлукцяць, дашчэнту…
Ды ў гэты вечар, як назло,
Якраз такога кантынгенту
У пераходзе не было.
Таго, хто трапіўся на вочы,
Рашыў узяць у абарот,
Іначай да глыбокай ночы
Заліць не зможа пойла ў рот.
– Мужык, «засадзім» грам па дзвесце! –
Стаў прыставаць ён, як смала,
І ўбок хацеў яго адвесці,
Дзе ніша нейкая была.
А той заўпарціўся, вядома:
– Ды адчапіся!
Як-ніяк,
Яму спадручней выпіць дома,
Дый не «чарніла», а каньяк.
Апойку крыўдна! За абразу

Ён палічыў адказ такі,
Стаў біць «крыўдзіцеля» адразу,
У ход пусціўшы кулакі…
Як злыдзень гэты ў раз чарговы
Сядзець адправіцца ў турму,
Дык прыйдзе, пэўна, да высновы,
Што можна піць і аднаму…

***

Так гаварылі нашы продкі
Пра выпівак у час былы:
Няхай бы лепш апойкі ў глоткі
Аднойчы залілі смалы.

Не затраты, а прыбытак

Каханку муж хацеў завесці,
Каб па-зладзейску, спадцішка
Яе «таптаць» паціху дзесьці –
Імпэт прачнуўся ў дзецюка.
А жонка ўнюхала пра гэта.
Не стала лаяцца са зла
(Яна – разумная кабета)
І так размову павяла:
– Плаціць патрэбна шмат каханцы,
Калі «таптацьмеш» усур’ёз.
А мы і так жывём не ў глянцы,
Дык не пацягнем гэты воз.
А лепей зробім па-другому:
Я завяду каханка ўсё ж.
Затрат заместа
Я дадому
Прыносіць буду нейкі грош…

Жаночая логіка

Дзіўлюся з логікі жаночай:
Знайсці дзяўчына прынца хоча,
Які на свет увесь адзін,
Затым пілуе дні і ночы,
Што не працуе, як рабочы,
Не ўколвае, як селянін.

Дабро і зло

Вопыт той набывалі вякамі,
Так заўсёды было,
Што страшней не дабро з кулакамі,
А з абдымкамі зло.

Мара памянялася

Быў інстытут студэнту домам,
І марыў стаць ён аграномам.
Ды выдаўся семестр няўдалым,
І марыць стаць ён генералам…

Што такое каханне?

Я думку вельмі слушную падкіну:
Каханне – гэта тое (без маны!),
Што звязвае мужчыну і жанчыну,
Калі ўжо апрануліся яны…

Публікацыя з № 95 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»