Як кажуць, бясконца можна глядзець на тры рэчы: агонь, што гарыць, ваду, што цурчыць, і на тое, як працуе іншы чалавек.

А яшчэ бясконца можна назіраць за кадравымі прызначэннямі ў беларускім спорце. Шчыра кажу: эмоцыі неперадавальныя, інтрыга забяспечана!

Зусім нядаўна мы інфармавалі пра тое, што новым старшынёй Федэрацыі хакея стаў алімпійскі чэмпіён па веславанні, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Багдановіч. У той жа час на пасаду кіраўніка Федэрацыі веславання быў пераабраны бізнесмен Аляксандр Машэнскі.

Федэрацыю тэніса ўзначаліў вядомы беларускі гандбаліст Сяргей Рутэнка, які ў свой час пагуляў за іспанскую «Барселону» і быў адным з самых высокааплатных гульцоў у свеце. Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры Сяргей заняўся ў Магілёўскай вобласці бізнесам, паспрабаваў сябе на пасадзе намесніка старшыні Федэрацыі гандбола, але ў рэшце рэшт пайшоў «падымаць тэніс».

Каля тыдня таму новым кіраўніком Беларускай федэрацыі шахмат стаў начальнік аддзела кадраў «Белавія» Сяргей Сычук. Вядома таксама, што раней ён працаваў у 2-м аддзеле ўпраўлення Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Гэты «шахматны спецыяліст» змяніў на пасадзе віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі шахмат Анастасію Сарокіну, якая пасля выбараў мінулага года выказалася супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і гвалту ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

На гэтым тыдні мы пачулі пра чарговыя кадравыя прызначэнні ў спартыўных федэрацыях.

Беларускі цяжкаатлетычны саюз узначаліў начальнік Віцебскай мытні Павел Лабачоў, які, паводле інфармацыі Нацыянальнага алімпійскага камітэта, «з’яўляецца сынам заслужанага трэнера СССР па цяжкай атлетыцы Анатоля Лабачова».

А новым кіраўніком Беларускай федэрацыі каратэ абраны намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў. Паведамляецца, што «раней ён прафесійна займаўся каратэ».

Калі хто не ведае, то міністр спорту Сяргей Кавальчук раней працаваў у Службе бяспекі Аляксандра Лукашэнкі.

Так што сёння ўсе «спартсмены» на сваіх месцах. За новымі перамогамі, таварышы!

Публікацыя з № 95 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»