Авіякампанія Nordwind, самалёт Embraer E190

Авіякампанія Nordwind аб’явіла аб спыненні прадажы квіткоў на самалёты Масква-Гродна-Масква.

Прадстаўніца авіякампаніі перавозчыка Дар’я Жохава патлумачыла журналістам, што прычынай спынення рэалізацыі білетаў стала вельмі слабая дынаміка іх браніравання.

Дарэчы, з Гродна ў Маскву самалёт зрабіў усяго два рэйсы. Кошт квіткоў абяцаў быць вельмі прывабным – ад 98 рублёў, што практычна адпавядала кошту плацкартнага білета да Масквы (112 рублёў). Праўда, замест 15 гадзін цягніком час палёту складаў 1 гадзіну 50 хвілін. Палёты павінны былі адбывацца на Embraer E190. Такі самалёт можа перавозіць да 106 чалавек.

Прадстаўніца авіякампаніі нагадала, што іх самалёты стабільна выконваюць палёты на лініі Калінінград-Мінск. У цяперашні час ёсць тры рэйсы на тыдзень. У перспектыве іх могуць павялічыць да штодзённага спалучэння ў летні перыяд.

Што датычыць палётаў з Гродна ў Маскву – у авіякампаніі разглядаюць магчымасць аднавіць палёты ў летнім сезоне 2022 года.

У выніку адмены палётаў у Гродна адмянілі яшчэ і прыгарадны аўтобус з аўтавакзала «Гродна-Аэрапорт» па панядзелках, серадах, суботах, які адмыслова быў запланаваны пад гэты рэйс.

Аляксей МІХАЛЁЎ

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»