Біскуп Юрый Касабуцкі заклікаў маліцца за пацярпелых, збітых і параненых

Біскуп Касабуцкі адзначае 25-гадовы юбілей святарства.

Сёння, 7 снежня, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі адзначае 25-ю гадавіну з моманту прэсвітарскага пасвячэння. Святары і кансэкраваныя асобы змогуць асабіста павіншаваць іерарха падчас сустрэчы 9 снежня.

На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook біскуп Касабуцкі напісаў:

«У гэты дзень, 7 снежня 1996 года, у мінскай архікатэдры я разам з маімі сабратамі Аляксандрам Чайкоўскім (сёння пробашч парафіі ў Наваполацку), Янам Крэмісам (сёння пробашч парафіі Святога Духу ў Мінску, Чыжоўка) і Уладзіславам Шышлам (сёння пробашч парафіі ў Шэметаве Мядзельскага раёна) атрымалі пасвячэнне прэсвітарату з рук кардынала Казіміра Свёнтэка.

Святую Імшу падзякі Богу за дар святарства з нагоды срэбранага юбілею я планую цэлебраваць 7 снежня ў 18.30 у мінскай архікатэдры (пл.Свабоды, 9).

Запрашаю да супольнай малітвы ў архікатэдры альбо далучыцца on-line, каб разам падзякаваць Богу.

За гэтыя 25 гадоў служэння Богу ў святарстве я перажыў шмат розных выпрабаванняў, здабыў вялікі досвед служэння Богу і людзям у якасці святара і пазней біскупа. Спадзяюся, што маё служэнне было выкананнем Божай волі. Я заўсёды імкнуўся рабіць усё згодна з тым, што падказвае маё сумленне, быць разам з тымі людзьмі, якіх Бог даваў мне на маім жыццёвым шляху. За ўсё гэта я буду дзякаваць Богу ў гэты дзень», – напісаў біскуп Юрый Касабуцкі.

АСАБІСТАЯ СПРАВА

Юрый Касабуцкі нарадзіўся ў сям’і электрыка Казіміра і тэлеграфісткі Уладзіславы. У 1987 годзе скончыў сярэднюю школу №8 горада Маладзечна. Потым – Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (цяпер Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт). Па яго заканчэнні служыў у арміі – у войсках супрацьпаветранай абароны ў Ленінградзе. У 1991 годзе паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.

7 снежня 1996 года быў пасвечаны ў святары. Выконваў абавязкі вікарыя парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Св.Станіслава ў Магілёве і адміністратара парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. З 1999-га па 2001 год вучыўся ў Каталіцкім універсітэце Любліна (Польшча). З 2001-га па 2004 год выконваў абавязкі прэфекта Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. У 2004 годзе прызначаны дырэктарам Сакратарыята канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, а годам пазней – канцлерам курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. З 2006 года служыў у парафіі Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску. Выкладаў у Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Пінску і тэалагічным каледжы імя Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску.

29 лістапада 2013 года Папа Францішак прызначыў ксяндзя Юрыя Касабуцкага дапаможным біскупам архідыяцэзіі Мінска-Магілёва. 25 студзеня 2014 года адбылася біскупская хіратонія, якую здзейсніў арцыбіскуп Мінска-Магілёва Тадэвуш Кандрусевіч.

4 снежня мінулага года, калі беларуская ўлада была раз’юшана пратэстамі, калі па ўсёй краіне адбываліся арышты і суды, біскуп Юрый Касабуцкі на сваёй старонцы ў Facebook падтрымаў тых, на каго вялося паляванне. Ён заклікаў «маліцца за краіну, за народ, за арыштаваных па палітычных матывах, за тых, каго звальняюць з працы за іх погляды, каго запалохваюць і шантажыруюць, за ўсіх, каму сёння патрэбна падтрымка».

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

«Бог хацеў, каб я праз гэта прайшоў»

– Я паходжу з даволі звычайнай сям’і. Тата, Казімір, працаваў электрыкам, мама, Уладзіслава, усё жыццё была тэлеграфістам у раённым аддзеле сувязі ў Маладзечне. Я нарадзіўся ў Маладзечне, як і мая старэйшая сястра Алена.

У нас была вельмі добрая сямейная атмасфера, напоўненая любоўю.

Бацькі былі рэлігійнымі людзьмі. У сям’і мы адзначалі касцельныя святы, ездзілі ў касцёл у Краснае, бо ў Маладзечне святыні не было. Таму касцёл майго дзяцінства – гэта Уша, Краснае. …Калі была магчымасць, то ехалі на імшу. Гэтаму трэба было прысвяціць амаль увесь дзень: раніцай на электрычцы выязджалі, а вярталіся ўжо ў другой палове дня.

Я вучыўся ў 8-й школе горада Маладзечна, якая знаходзілася побач з домам: «падарожжа» ад дома да школы займала прыкладна паўтары хвіліны.

– І ўжо ў школе вы пачалі задумвацца, каб стаць святаром?

– Так, былі такія думкі. А пасля заканчэння школы я апынуўся на раздарожжы. Чым заняцца? У мяне было некалькі розных думак адносна будучай прафесіі. Адной з іх была і думка пра семінарыю, пра тое, каб стаць святаром. Але адразу пасля школы, у тыя гады гэта было яшчэ вельмі складана.

Я падзяліўся гэтай думкай з маім пробашчам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім, на што той адказаў: «Вельмі добра. Схадзі спачатку ў войска, а потым паедзеш у семінарыю ў Рыгу». Сапраўды, да арміі гэта тады было немагчыма…

– Думка пра святарства з’явілася пад уплывам святароў, якіх вы сустрэлі ў дзяцінстве?

– Калі я быў малы, мяне старэйшыя часам страшылі ксяндзом: «Сядзі ў касцёле ціха, а то ксёндз будзе сварыцца», – маючы на ўвазе ксяндза Яна Адамовіча.

А калі з’явіўся ксёндз Эдмунд, ён сам падыходзіў да дзяцей, да маладых людзей, пытаўся: «Хто ты? Адкуль?» Можа, мне цяжка было б самому пачаць размаўляць са святаром, але калі ён сам першы звяртаўся, то гэты бар’ер знікаў. З ім не баяліся паразмаўляць, ён ніколі нікога не адштурхнуў і такімі адносінамі многіх прывёў у Касцёл.

Ксёндз Эдмунд стаў такім прыкладам святара, дзякуючы якому ў мяне ўзніклі думкі пра семінарыю. І, думаю, не для мяне аднаго. У той час з Маладзечна былі яшчэ пакліканні: браты Сяргей і Юрый Бараўнёвы, Уладзіслаў Шышла, Уладзіслаў Лазар і нават у нейкай ступені Павел Халяўкін, які прыязджаў у Маладзечна да цёткі, вельмі пабожнай жанчыны, з якой разам хадзіў у касцёл. Ксёндз Эдмунд адыграў вялікую ролю ў нашым пакліканні. І мне ён таксама шмат дапамог, падтрымаў мяне, паказаў, як выглядае святарскае жыццё.

Неяк у нядзелю ён узяў нас з Сяргеем Бараўнёвым, і мы разам з ім паехалі па парафіях, якія ксёндз Эдмунд тады абслугоўваў. Пяць імшаў у розных месцах – больш ужо не атрымлівалася, бо людзей яшчэ трэба было паспавядаць. З-за затрымак мы спазняліся, і ў Маладзечна, дзе была апошняя імша ў клубе чыгуначнікаў, мы маглі прыехаць на гадзіну-паўтары пазней. Але людзі не разыходзіліся і цярпліва чакалі, спявалі, маліліся. Таму і мы вывучылі на памяць шмат малітваў і касцельных песень. Вядома, былі зусім іншыя часы…

Калі мы так з ім паездзілі, паглядзелі, ксёндз Эдмунд пытаецца: «Ну як, не расчараваліся?» Не, не расчараваліся!

– Войска вас загартавала?

– У пэўным сэнсе, так. Я служыў у Ленінградзе, у войсках супрацьпаветранай абароны, а калі вярнуўся, у дзяржаве ўжо поўным ходам ішлі перамены: адбывалася перабудова. Адкрылася Гродзенская семінарыя, і я адразу з войска паступіў у семінарыю.

Канчаткова гэтае рашэнне даспела ў войску.

Са мной служыў хлопец з Петразаводска, праваслаўны; яго дзед быў бацюшкам. Неяк мы з ім так сышліся.

Аднойчы на Вялікдзень, які ў той год супадаў у католікаў і праваслаўных, наш зампаліт, які праводзіў з намі заняткі на камуністычныя, атэістычныя тэмы, паклікаў нас да сябе. Мы прыйшлі, а ён нам кажа: «Я вам даю звальненне. У вас Пасха – вы ведаеце, куды схадзіць». А потым цішком дадаў: «І за мяне памаліцеся».

Па праўдзе кажучы, куды нам разам пайсці, мы не занадта і ведалі. Звальненне было адно на дваіх, і мы павінны былі паўсюль быць разам. Чулі аднекуль, што ёсць на Неўскім такі Казанскі сабор, але што там музей атэізму, мы ж не ведалі. Зайшлі мы туды ў форме, салдатам квіткі не патрэбны, сталі перад нейкімі мазаікамі, перажагналіся. Як на нас там усе глядзелі!..

– А ў семінарыі было лягчэй, чым у войску?

– Думаю, не цяжэй. Калі я туды паступіў, гэта быў першы год, калі семінарыі перадалі ўжо ўвесь будынак. Там ішла перабудова, рамонт, каб прыстасаваць будынак да патрэб семінарыі. Таму мы, семінарысты, вельмі шмат фізічна працавалі разам з будаўнікамі і людзьмі, якія добраахвотна прыходзілі дапамагаць. Гэта не перашкаджала навучанню: мы мелі дастаткова часу на тое, каб вучыцца.

У семінарыі мне наогул падабалася.

Пасля войска я не бачыў вялікай праблемы ў патрабаваннях дысцыпліны, хоць і не быў самым дысцыплінаваным семінарыстам (усміхаецца).

Мне падабалася штодзённая імша, рэгулярная малітва, і ўсё было вельмі цікава. Сёння, калі юнак прыходзіць у семінарыю, ён ужо шмат ведае з катэхезы. А мая катэхеза – гэта тое, што мне распавядала бабуля, і ў семінарыі я даведаўся шмат новага для сябе. Жыццё там было зусім іншым, і мне гэтае жыццё падабалася; я адчуваў, што гэта – маё.

– Якія былі вашы першыя крокі ў святарстве?

– Пасля пасвячэння я год працаваў вікарыем у Магілёве, дзе быў на практыцы пасля першага курса семінарыі. Першы асабісты досвед святарскага служэння ў Магілёве быў вельмі цікавы. Тады на Магілёўшчыне ішло адраджэнне Касцёла, трэба было шмат ездзіць, збіраць сродкі… Працы там было нямала.

Пасля Магілёва я атрымаў прызначэнне ў Вілейку. З гэтай парафіяй у мяне звязаны вельмі прыемныя ўспаміны: гэта проста цудоўныя людзі. Для мяне яны сталі ўзорам парафіі. Там я як святар адчуваў, што працую для людзей, з якімі можна разам шмат чаго зрабіць.

Я жыў у невялічкім пакоі над сакрыстыяй, і мы толькі рабілі нейкія захады, каб пачаць будаваць плябанію. Затое людзі ведалі, што можна прыйсці ў касцёл – і там заўсёды ёсць ксёндз. Але гэта працягвалася толькі некалькі гадоў, пасля чаго кардынал (Казімір Свёнтэк. – Рэд.) вырашыў скіраваць мяне на далейшую вучобу, і я паехаў вучыцца ў Люблін.

– І потым ізноў вярнуліся ў семінарыю?

– Так, потым быў прэфектам у новастворанай семінарыі ў Пінску. Для мяне гэта было складана, я не бачыў сябе ў гэтай якасці. Прэфект – гэта той, хто ў семінарыі адказвае за дысцыпліну. А я ўжо казаў, што не быў самым дысцыплінаваным семінарыстам, і ў Гродне прэфект не раз павінен быў рабіць мне заўвагі.

Калі кардынал сказаў: «Пойдзеш у семінарыю, будзеш прэфектам», – я яму адказаў, што не бачу сябе ў гэтай ролі. Тады ён падвёў мяне да люстэрка ў сваёй хатцы ў Пінску, паставіў перад ім і кажа: «Глядзі: вось ён, прэфект». Вядома, гэта паўжартам, бо ён не хацеў прымушаць, а чакаў, каб я сам згадзіўся.

…Нялёгка гэта мне давалася: і выкладанне, і адказнасць за дысцыпліну. Але Бог хацеў, каб я праз гэта прайшоў. Гэты этап быў патрэбны, каб я чамусьці навучыўся, набыў гэты досвед.

Менавіта з гэтым перыядам звязаны яшчэ адзін цяжкі досвед. 25 студзеня 2002 года я трапіў у аварыю. Каля года я правёў у розных шпіталях і вярнуўся ў семінарыю ўжо з зусім іншымі думкамі і іншым настроем. Да гэтага моманту я толькі ўсведамляў, што ўсё адбываецца з волі Божай, а цяпер пачаў адчуваць Божы провід.

Пасля аварыі я стаў па-іншаму глядзець на гэтыя справы: Бог так хоча, значыць, так будзе.

Таму, калі кардынал прапанаваў новае месца служэння, я ўжо ўнутрана асабліва не вагаўся і згадзіўся.

– І тады вы трапілі ў Мінск?

– Так, я стаў дырэктарам сакратарыята епіскапату, а праз год стаў канцлерам курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Праз год атрымаў дэкрэт на Залатую Горку (касцёл Святога Роха на Залатой Горцы ў Мінску. – Рэд.). Так распачаўся, як я кажу, «залаты» час майго святарскага жыцця. Душпастырская праца ў парафіі мне вельмі падабалася, я люблю працаваць з людзьмі. І было вельмі складана прыняць волю Божую, што мяне забіраюць з Залатой Горкі, каб зрабіць біскупам. Я яшчэ пажартаваў: «А можна я застануся на Залатой Горцы?..»

Але жыццё біскупа – зусім іншае. Я пачаў па-іншаму глядзець на многія рэчы, як і пасля аварыі.

Дарэчы, маё біскупскае пасвячэнне было ў свята Навяртання Святога апостала Паўла, 25 студзеня – у той самы дзень, што і аварыя, у якой я цудам застаўся жывы.

(З інтэрв’ю сайту Catholic.by, якое было зроблена да 50-годдзя святара, якое ён адзначыў у мінулым годзе.)

Публікацыя з № 94 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»