Што будзе рабіць каманда «МАЗ-СПОРТаўта», якая следам за МАЗам трапіла пад санкцыі?

Удзельнікі каманды «МАЗСПОРТаўта», якіх праз санкцыі супраць Мінскага аўтамабільнага завода не дапусцілі да гонак «Дакар», больш падрабязна распавялі пра тое, што адбылося. І прынеслі «найглыбейшыя прабачэнні» сваім заўзятарам і партнёрам.

«Гэтая сітуацыя ніяк не ўпрыгожвае сусветны спорт, і, на мой погляд, недапушчальны сам працэс вырашэння такіх пытанняў: альбо замоўчванне, альбо дзеянне з пункту гледжання сілы. Мы вельмі абураны. Але мы працягнем рабіць як спартсмены тую працу, якую вялі да гэтага, каб у любы момант, як толькі будзе магчымасць, і далей прадстаўляць інтарэсы аўтаспорту за межамі Беларусі на самым высокім узроўні», – заявіў кіраўнік каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей
Вязовіч.

Таксама ён выказаў надзею, што «спорт, і аўтаспорт у тым ліку, усё ж застанецца па-за палітыкай і на нашу каманду ў далейшым не будзе аказвацца ціск з боку заходніх улад».

Ці гатовы Вязовіч выступаць без лагатыпа МАЗ і такім чынам абысці санкцыі?

– Мая асабістая пазіцыя: гэта зневажальна. Не ведаю, як павёў бы сябе ў падобнай сітуацыі, калі б было прапанавана такое рашэнне. Але пакуль я ў ёй не апынуўся, то хацеў бы сказаць, што для нас вельмі важна застацца пры сваім лагатыпе. Многія цяпер па-рознаму ставяцца да каманды і трактуюць гэтую сітуацыю, але скажу за сябе: хай і з невялікім перапынкам, але працую на заводзе з 2003 года. Я як спартсмен адбыўся менавіта ў камандзе «МАЗ-СПОРТаўта» і на грузавіках гэтай маркі. Пайсці на саступкі дзеля… дзеля чаго? Дзеля нейкага самалюбства? Я пакуль на гэта не гатовы. Лічу гэта прыніжэннем спартсменаў і дасягненняў канструктараў, – заявіў Сяргей Вязовіч на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле слоў удзельнікаў каманды, яны паспяхова завяршылі падрыхтоўку да ралі-марафону «Дакар-2022» у лістападзе. Але напрыканцы месяца арганізатары гонак – французская кампанія «ASO» – заявілі аб нядопуску да пагрузкі тэхнікі на паром і ўдзелу ў гонках. Пасля прэс-канферэнцыі 28 лістапада са спісу ўдзельнікаў былі выключаны экіпаж №502 пад кіраваннем Сяргея Вязовіча, №507 пад кіраваннем Аляксея Вішнеўскага і №517 пад кіраваннем Аляксандра Васілеўскага.

Арганізатары ралі абвясцілі аб немагчымасці допуску «МАЗ-СПОРТаўта» да гонкі, спасылаючыся на пастанову ЕС, у якой пазначана, што ніякія сродкі або эканамічныя рэсурсы не могуць быць наўпрост ці ўскосна даступны фізічным або юрыдычным асобам (арганізацыям або карпарацыям), якія знаходзяцца ў санкцыйным спісе. Нагадаем, што Мінскі аўтамабільны завод у гэтым спісе ёсць.

Каардынатар па працы з удзельнікамі ралі «Дакар» Шарль Кюпер растлумачыў, што «ўдзел каманды МАЗ у ралі «Дакар» дае беларускаму прадпрыемству магчымасць рэкламы аўтамабіляў сваёй маркі, якая можа спрыяць павелічэнню тавараабароту і прыбытку на замежных рынках. І таму ўдзел будзе адпавядаць паняццю эканамічных рэсурсаў, як гэта вызначана правіламі Еўрапейскага Саюза».

Пры гэтым дырэкцыя ралі «Дакар» выказала вялікае шкадаванне з той нагоды, што ім прыйшлося выключыць экіпажы «МАЗ» са спісу ўдзельнікаў гонкі.

Ралі-рэйд «Дакар» – штогадовы ралі-марафон, заснаваны французам Цьеры Сабінам. Праводзіцца з 1979 года.

Бліжэйшы «Дакар» пройдзе ў Саудаўскай Аравіі 2–14 студзеня 2022 года.

Публікацыя з № 94 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»